Рада культуры ладзіць калабарацыю з клубам Volat для маленькіх беларусаў за мяжой
Пасля паспяховага гуртавання больш як 300 чалавек вакол аднаўлення выдавецтва Андрэя Янушкевіча «Кнігаўка» Беларуская рада культуры прапануе суайчыннікам аб’яднацца ў супольнасць, якая цягам дзевяці месяцаў будзе падтрымліваць спартовы клуб Volat у Варшаве.
Клуб Volat мае багатую гісторыю. Ён працаваў у 2012–2021
гадах у Мінску, дзе меў 10 філіялаў
па ўсім горадзе. За гады дзейнасці клубу падрыхтаваныя больш як 50 пераможцаў чэмпіянатаў, першынстваў і
кубкаў Беларусі ў розных відах спорту.
Цяпер Volat адраджаецца ў Варшаве. Больш за тое, клуб мае амбітныя планы разгарнуць сетку беларускіх патрыятычна-спартовых клубаў па ўсёй Польшчы. Філіялы адроджанага клубу маюць стацца месцамі не толькі фізічнага, але і інтэлектуальнага ды патрыятычнага выхавання моладзі.
«Мы бачым, што Volat мае досвед і амбіцыі ды закрывае вельмі патрэбную нішу патрыятычнага і фізічнага выхавання беларускіх дзяцей за мяжою, — тлумачыць выбар ініцыятывы кіраўнік праекту «Беларускія магістраты» Цімафей Акудовіч. — Клуб мае ўстойлівую фінансавую структуру і можа развівацца сам, але разгортванне такой жа сеткі філіялаў, як тое было ў Беларусі, можа заняць шмат гадоў. А калі мы цяпер далучымся і падтрымаем арганізацыю, то гэты працэс можа пайсці значна хутчэй, і новыя аддзяленні, гурткі і фарматы дзейнасці могуць паўстаць ужо ў наступным годзе».
У дадатак да спартовай базы клуб плануе развіваць адукацыйныя і культурніцкія кірункі. Нядаўна тут адкрыўся шахматны аддзел, у занятках якога бяруць удзел ужо каля 50 чалавек. На базе клубу перыядычна ладзяцца сустрэчы з музыкамі і культурніцкімі дзеячамі. У найбліжэйшых планах — адкрыць моўныя курсы і заняткі малявання.
«Сёлета мы плануем правядзенне ўнутрыклубных турніраў па агульнай фізічнай падрыхтоўцы, шахматах, каратэ, кікбоксінгу і грэплінгу, а таксама турніры па шахматах, удзел у міжнародных і нацыянальных спаборніцтвах па каратэ, кікбоксінгу, грэплінгу і бразільскім джыу-джыцу, а таксама цэлы шэраг культурніцкіх мерапрыемстваў, — адзначае кіраўнік клубу Volat Віталь Рак. — Таксама мы плануем зарганізаваць дапамогу беларускім палітычным уцекачам у выглядзе цалкам дармовага навучання для дзяцей, а таксама стварэнне ўмоваў для адаптацыі і працягу прафесійнае дзейнасці спартоўцаў і трэнераў».
Мэта магістрату — сабраць неабыякавых беларусаў, якія будуць гатовыя цягам 9 месяцаў фінансава падтрымліваць дзейнасць клубу невялікім рэгулярнымахвяраваннем.
Далучыцца да магістрату проста: дастаткова падпісацца на адзін з прапанаваных тарыфаў — 50 злотых (≈ 12 еўра), 100 злотых (≈ 23 еўра) альбо 200 злотых (≈ 46 еўра) на выбар удзельніка.
Чалец магістрату атрымлівае:
электронны сертыфікат удзельніка магістрату;
справаздачы пра дзейнасць клубу і далучэнне да рэгулярных стрымаў з кіраўніцтвам клубу;
мерч клубу (удзельнікі, якія выберуць вышэйшыя тарыфы падтрымання).
Volat — чацвёрты магістрат у праекце «Беларускія магістраты» Беларускай рады культуры. Магістратам рада называе суполку ахвярадаўцаў, якія дамаўляюцца цягам канкрэтнага перыяду вызначанаю сумаю грошай падтрымліваць перспектыўны праект беларускай справы альбо дапамагаць развязаць пэўную праблему.
Магістратамі, паводле кіраўніка ініцыятывы Цімафея Акудовіча, можна супольна адказваць на выклікі часу: «Выхаванне моладзі — адзна з важнейшых задач беларускай супольнасі. Гэта нашае змаганне на культурніцкім фронце. Праблемы не развяжуць еўрапейскія гранты ці іншыя буйныя інтарасанты — перадусім зрабіць гэта могуць супольна самі беларусы. Магістраты — гэта магчымасць далучыцца да барацьбы за беларускую культуру. Прычым самым простым — грашыма».
Больш інфармацыі пра дзейнасць магістратаў — на сайце mahistrat.byculture.org.