Раніцай прапаганда — увечары генацыд

Не так даўно Святлана Ціханоўская заклікала «дэананімізаваць» ідэолагаў і прапагандыстаў. Здавалася б, гэта не так важна, як дэананімізацыя сілавікоў. Так, сілавікі разганяюць мітынгі і непасрэдна ўдзельнічаюць у рэпрэсіях, а прапагандысты, здавалася б, — толькі апасродкавана. Але на самай справе гэта — усяго толькі «здавалася б», піша Аліна Бялова на budzma.by.

wide_4_3_f203c09ee2e1460cc896d759cb046d96.jpg


Мова, што ўплывае на паводзіны

Навукоўцы-лінгвісты даўно заўважылі, што лексіка чалавека або групы людзей істотным чынам уплывае на іх паводзіны, а паводзіны адпаведным чынам — на ўчынкі. Просты прыклад: выкарыстанне прывітанняў. Прадавец звярнуўся да пакупніка на «ты», знаёмы не павітаўся пры сустрэчы, камусьці не падзякавалі за паслугу, не папрасілі прабачэння за правіну. Такая, думаецца, дробязь! Але грэбаванне гэтымі нормамі прыводзіць да крыўдаў, сварак і канфліктаў. А канфлікт можа перарасці ў бойку з розным вынікам, ці не так?
Прапагандысты і ідэолагі, якія, па сутнасці, замянілі ў Беларусі савецкіх «палітрукоў» (хто не памятае або не ведае, як гэта расшыфроўваецца, — «палітычны кіраўнік», то бок той жа ідэолаг), уплываюць або прынамсі пакліканыя ўплываць на рэальна вялікую частку грамадства.
Мы пастаянна дзівімся адсутнасці крытычнага мыслення ў «ябацек» (дарэчы, тая ж праблема была ва Украіне з «ватнікамі») і непрыманнем імі відавочных, здавалася б, рэчаў: тое, што «лялькаводы» не могуць выводзіць на вуліцы дзясяткі тысяч чалавек 15 тыдняў запар; тое, што «плаціць за мітынгі» гэтым людзям цягам такога доўгага часу не вытрымае ні адзін бюджэт. Што не можа быць у краіне столькі «прастытутак і наркаманаў». Але яны свята ў гэта вераць. І ствараць такую карціну свету — гэта менавіта праца ідэолагаў.
Паказальная ў гэтым плане рэакцыя кіраўніка Фрунзенскага раёна Мінска на гібель Рамана Бандарэнкі. У адным з чатаў ён абвінаваціў у гібелі хлопца не тых, хто непасрэдна яго збіў да смерці, а тых, хто вешаў стужачкі і ўпрыгожваў двары! Маўляў, гэта яны вераць «заходнім лялькаводам», паддаліся іх уплыву, а таму і смерць Бандарэнкі на іх сумленні.
Такая перакручаная карціна свету немагчымая без штодзённай адпаведнай ідэалагічнай апрацоўкі.

Асноўная зброя ідэолага


Пры гэтым асноўным інструментам дзяржаўных ідэолагаў (дарэчы, дзяржаўная ідэалогія ў нас так і не сфармуляваная, а ідэолагі — ёсць. Парадокс!) з'яўляецца «мова варожасці», або, як яе яшчэ называюць «мова нянавісці». Адназначнай і ўніверсальнай фармулёўкі «мовы нянавісці», як і ў выпадку з многімі новымі ў сучасным свеце паняццямі, пакуль не існуе. Многія з прапанаваных азначэнняў «мовы нянавісці» былі сфармуляваныя як рэакцыя на канкрэтныя шкодна дыскрымінацыйныя сацыяльныя з’явы і інцыдэнты.
«Мова варожасці», як і ўсялякая прапаганда, аперуе стэрэатыпамі, звыклымі штампамі, спрошчаным чорна-белым бачаннем свету, найбольш лёгкім для ўспрыняцця. Найбольш універсальна яна вызначаецца як «усе формы самавыяўлення, якія адмаўляюць роўнасць усіх людзей і распальваюць нянавісць ці ксенафобію да людзей па тым, кім яны з’яўляюцца: напрыклад, зыходзячы з рэлігіі, этнічнай прыналежнасці, нацыянальнасці, расы, колеру скуры, сэксуальнай арыентацыі, полу, узросту ці іншага фактару, які вызначае чалавека».
Выкарыстанне «мовы варожасці» скіраванае на ізаляцыю і дыскрымінацыю пэўных груп людзей у грамадстве, можа справакаваць злачынствы на глебе нянавісці і нават прывесці да генацыду. Самыя небяспечныя праявы мовы варожасці — гэта прамыя і завуаляваныя заклікі да дыскрымінацыі або гвалту, таму міжнародныя законы забараняюць такія выказванні. Да «мовы варожасці», як было згадана вышэй, адносяць таксама стэрэатыпы і выказванні, якія апісваюць людзей як асоб другога гатунку, сцвярджэнні аб крымінальнасці якой-небудзь групы, а таксама стыгматызавальную лексіку.
І — во, дзіва! — менавіта такая лексіка ад пачатку прэзідэнцкай кампаніі характэрная для беларускай прапаганды. Успомнім хоць бы тэксты прапагандыста «СБ» Мукавозчыка. Яшчэ задоўга да 9 жніўня ён пісаў, напрыклад:
«Хачу сказаць усяму нашаму крэатыўнаму фэйсбучнаму класу, усім разначынцам, якія дапамагаюць раздзімаць бунт у сацыяльных сетках, усім мужычкам з тапкам у адной руцэ і півам у другой. Вы гатовыя да таго, што ў вашай сям'і, у вашым доме, у вашым асяроддзі кагосьці не стане? Рыхтавацца. Могуць нават забіць, а хутчэй за ўсё, заб’юць абавязкова — без гэтага бабін бунт да каляровай рэвалюцыі не дарасце. І, хутчэй за ўсё, заб’юць свае ж: правакацыя для бунту — гэта альфа і амега», — пісаў прапагандыст.
«Урэшце, беларусы справіліся і з белаказакамі, і з белапалякамі. «Белчырвонабелыя» засталіся ў нашым грамадстве маргінальным мізерам. Так што мы, белацапкальным не дадзім рады? Сячы, прыпячы, ізаляваць і ўдумліва лячыць — і ўсё», — падкрэсліваў Мукавозчык.
У гэтых двух абзацах — практычна ўсё, што ўласціва «жорсткай мове варожасці». І вызначэнне «ворага» — «бел-чырвона-белых» або «белацапкальных», і стыгматызацыя і апісанне людзей як асобаў другога гатунку («разначынцы», «мужычкі з тапкам») і наўпроставыя заклікі да дзеяння: «Сячы, прыпячы, ізаляваць».
Такая лексіка была характэрная для ўсёй прапаганды доўгі час. Характэрная яна і цяпер. Ёю напоўненыя дзяржаўныя СМІ: як газеты, так і тэлебачанне (згаданы не да ночы Мукавозчык яшчэ і перадачу на СТВ вядзе). Таму не варта здзіўляцца, калі АМАП на вуліцах Мінска і іншых гарадоў краіны «сячэ, прыпякае, ізалюе». Да гэтага сілавікоў падштурхоўвае ўся ідэалагічная машына.

«Мова нянавісці» ці свабода слова?


Прапагандысты вельмі любяць выглядаць «калумністамі», «аналітыкамі» ці нават «журналістамі», спасылаючыся на дэмакратычныя прынцыпы свабоды слова. Маўляў, яны маюць права на асабістае меркаванне, якое калі і магло паўплываць на ўчынкі іншых людзей, то толькі апасродкавана. На самай справе гэта зусім не так. Свядомае (ці не) выкарыстанне «мовы варожасці» ўжо караецца на міжнародным узроўні.
Хрэстаматыйным прыкладам з’яўляецца міжнародны трыбунал па генацыдзе ў Руандзе. Там за тры месяцы, з красавіка па ліпень 1994 года, актывісты-хуту мачэтэ і голымі рукамі забілі 500 тысяч тутсі (або мільён, пра лічбы спрачаюцца). Каталізатарам гэтай разні стала радыёстанцыя пад назвай «Радыё тысячы пагоркаў» — RTLM.
Гэта была прыватная радыёстанцыя, афіляваная з дзяржаўнай станцыяй «Радыё Руанды». Яго супрацоўнікамі былі выключна хуту і яно характарызавалася выключнай перадузятасцю ў дачыненні да тутсі. Яно не толькі распаўсюджвала прапаганду супраць тутсі, але і наўпрост і ўскосна заклікала знішчаць іх, аж да пералічэння людзей, якія падлягаюць забойству, з адрасамі іх пражывання.
У межах трыбуналу было пытанне ў тым, як моцна радыё паўплывала на развіццё падзей. Дацэнт-эканаміст з Гарварда Дэвід Янагізава-Дрот успомніў школьную фізіку і прыдумаў просты спосаб падлічыць «забітых прапагандай» падчас разні.
У RTLM у распараджэнні было ўсяго два перадатчыкі: адзін, 100-ватны, — у сталіцы Кігалі, іншы, 1000-ватны, — на высокім горным піку Муэ. «Тысяча пагоркаў» у назве станцыі — гэта таму, што Руанда на самай справе гарыстая. Горы перакрываюць шлях радыёхваляў, таму ў некаторых вёсках прыёму няма, а ў некаторых пакрыццё частковае. Янагізава-Дрот узяў карту рэльефу мясцовасці, разлічыў узровень сігналу ў кожным населеным пункце і наклаў гэтую карту на месцы генацыду.
У зоне ўпэўненага прыёму RTLM выпадкаў генацыду выявілася на 62-69 адсоткаў больш, чым там, куды сігнал не дабіваў зусім. Калі доля радыёслухачоў у вёсцы перавальвала за крытычную лічбу ў 60-80 адсоткаў, узровень гвалту вырастаў скокам.
Ужо гэтае назіранне ламае зручную тэорыю, што заклікі забіваць у эфіры — не прычына, а вынік настрояў шырокіх мас. На самай справе наадварот: дзе раніцай прапаганда, там увечары кроў.
Таму як кіраўнікі, так і вядоўцы гэтай радыёстанцыі ў выніку былі асуджаныя на вялікія тэрміны турэмнага зняволення.
Варта адзначыць, што генацыд у Руандзе — не такое ўжо і далёкае мінулае. У 1994-м у Беларусі прымаюць першую Канстытуцыю і праводзяцца першыя прэзідэнцкія выбары. Літаральна на парозе — з’яўленне інтэрнэту і мабільнай сувязі…
Такім чынам, віна дзяржаўных прапагандыстаў у тым, што дзеецца ў Беларусі, ніяк не меншая, чым супрацоўнікаў праваахоўных органаў.

І яшчэ дзве цытаты


«Параненыя каля 25 хлопчыкаў і дзяўчынак з АМАПа. Ёсць пераломы рук, ног. Спецыяльна, мэтанакіравана білі па гэтых хлопцах. Яны адказалі. Чаго цяпер галасіць і плакаць? Таму адказ будзе адэкватны. Краіну разарваць мы не дазволім... Хацелася, як я казаў, распаліць пажар у цэнтры Мінска, хапаць галавешкі і раскідваць па ўсім Мінску... Па адной размове мы бачым лялькаводаў. Адна з гэтых ліній лялькаводаў — Чэхія. Сёння ўжо з Чэхіі кіруюць нашым аб’яднаным штабам, дзе, прабачце мяне, сядзяць гэтыя авечкі, нічога не разумеючы, што ад іх хочуць. Яны працягваюць насядаць, працягваюць патрабаваць: выводзьце людзей на вуліцу і вядзіце перамовы з уладамі аб добраахвотнай здачы ўлады... Увогуле, спрабуюць кіраваць працэсам з-за мяжы. Я не кажу пра Польшчу. Там ужо ўсе аселі і таксама пачынаюць тузаць за нітачкі. Я не кажу пра Украіну — адтуль ехалі. Там хапае гэтых майданутых, пра якіх я казаў. У тым ліку, на жаль, з Расіі пэўны прыток людзей».
Усім зразумела, што гэта словы Лукашэнкі, яго стыль ні з чым не зблытаеш.
Другая цытата:
«Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, якія праходзяць у атмасферы вострай барацьбы, дзейны прэзідэнт выступае з серыяй прамоваў на шматлюдных мітынгах. Падчас гэтых мітынгаў ён распаўсюджвае чуткі, што прыхільнікі апазіцыі, якія ў большасці сваёй належаць да іншай этнічнай групы, узбройваюцца і ўяўляюць смяротную пагрозу для яго прыхільнікаў. Па меры ўзрастання напружанасці ён пачынае выкарыстоўваць афарбаваныя ў расавыя тоны выразы, якія нагадваюць інструкцыі, выкарыстаныя падчас масавых забойстваў у краіне некалькі дзесяцігоддзяў таму, заклікаючы сваіх прыхільнікаў да неадкладных дзеянняў па забеспячэнні перамогі на выбарах.
У гэтым выпадку прэзідэнт выкарыстаў «мову нянавісці», якую можна абгрунтавана лічыць дасягнулай узроўню выступу на карысць нянавісці, што ўяўляе сабою падбухторванне да гвалту. Ён усведамляе і выкарыстоўвае этнічную напружанасць у грамадстве і ведае, што выкарыстанне ім як уплывовым палітыкам пэўнага выразу будзе ўспрынятае пэўным чынам людзьмі ў натоўпе і, імаверна, заахвоціць іх да дзеянняў супраць групы, якая асацыюецца з апазіцыяй. Незалежна ад таго, ці будзе гвалт ці не, гэты тып «мовы нянавісці» можа абгрунтавана падлягаць крымінальнай адказнасці як «злачынства на глебе нянавісці».
Гэта цытата з брашуры «Растлумачваючы «мову нянавісці»: практычна дапаможнік», выдадзенай арганізацыяй па абароне свабоды слова «ARTICLE 19».
Цікава, што Лукашэнка свае словы сказаў у 2020 годзе, а брашура была выдадзеная ў 2017-м.
Аліна Бялова, budzma.by