Расіі давядзецца развітацца з марамі пра саюзную дзяржаву
«Лукашэнка прайграў усё: рэпутацыю, сваю ролю ў нацыянальнай гісторыі, уплыў на краіну, асабістую бяспеку, гарантыю лаяльнасці эліты», — палітолаг Лілія Шаўцова ў блогу на «Эхо Москвы» разважае пра пратэсты ў Беларусі і Хабараўску.
«Шэф, усё прапала, усё прапала!» Гэты мем з «Брыльянтавай рукі» можа стаць запевам плакальшчыкаў па рэвалюцыі, якія тэарэтызуюць з нагоды Хабараўска і Беларусі. Яны спачуваюць пратэстам. Але яны бачаць, што ні хабараўскі, ні беларускі пратэсты не дамагліся сваёй мэты. Адсюль іх стогны: усё бессэнсоўна; мірны пратэст не можа перамагчы і сябе дыскрэдытуе. Рэвалюцыя без гвалту і ахвяр з боку пратэстоўцаў асуджаная — паўтараюць плакальшчыкі з бяспечнай адлегласці.
Сапраўды, хабараўчане не прымусілі Маскву вярнуць ім губернатара Фургала. Не дасягнуў пакуль мэты беларускі пратэст: Лукашэнка застаўся, узурпаваўшы ўладу.
Але ці значыць гэта, што абодва пратэсты былі бессэнсоўныя? Усё значна складаней.
Хабараўск і Беларусь не падобныя ні на сацыяльныя выбухі Лацінскай Амерыкі, ні на Майдан, ні на ўсходне-еўрапейскія рэвалюцыі. Хабараўск і Беларусь адбываюцца ва ўмовах рэжымаў, якія маюць немалы (а ў Расіі — велізарны) патэнцыял. Цякучы пратэст, хай і масавы, але пазбаўлены арганізацыі, не здольны прывесці да трансфармацыі ўлады.
І ўсё ж нават пры згасанні гэтыя пратэсты кожны ў сваім кантэксце — з'яўляюцца беспрэцэдэнтнай падзеяй. Яны падрываюць жыццяздольнасць кіруючых сістэм. Яны фарміруюць сацыяльны і культурны асяродак будучага грамадскага ўздыму, які набывае генетычны вопыт.
Прычым, мірны пратэст ставіць сістэму, арыентаваную на падпарадкаванне і не здольную да кампрамісаў, у бязвыхаднае становішча. Рана ці позна сістэма вымушана звярэць, правакуючы грамадскае абурэнне.
Хіба можна назваць паразай той факт, што Хабараўск у сітуацыі паралічу, у якім знаходзіцца Расія, раптам становіцца для Крамля сістэмным выклікам? Улада зразумела гэты выклік, спрабуючы падчас нядаўніх выбараў зачысціць рэгіёны ад любых альтэрнатыў. Горкая іронія ў тым, што гэтая зачыстка трамбуе поле для паўтарэння хабараўскай дзвіжухі ў іншых месцах.
Так, што сітуацыя такая: пратэст у Хабараўскім краі не перамог, але ўлада прайграла, бо страціла рэгіён. З гэтага часу Хабараўск — гэта папярэджанне Крамлю пра магчымае альбо непазбежнае.
У Беларусі ўсё яшчэ выразней. Лукашэнка захаваў уладу. Але што такое ўлада над краінай, якая цябе ненавідзіць?! І хіба гэта ўлада, калі яе трэба насаджаць падпольна?
Гэта разумее і Крэмль, які, падтрымаўшы Лукашэнку, стварыў для сябе пастку. З аднаго боку, Крэмль не можа дазволіць нават нялюбаму Лукашэнку зваліцца пад напорам пратэсту — кепскі прыклад для пераймання. З іншага — падтрымка Расіяй беларускага ўзурпатара правакуе сярод беларусаў антырасійскія настроі. А тут яшчэ міжнароднае абурэнне, якое руйнуе выпакутаваную Масквой надзею на нармалізацыю адносін з Захадам. Так што для Крамля Беларусь — хутчэй праблема (пры ўсіх тактычных выйгрышах).
Сам Лукашэнка прайграў усё: рэпутацыю, сваю ролю ў нацыянальнай гісторыі, уплыў на краіну, асабістую бяспеку, гарантыю лаяльнасці эліты. Беларусы прадэманстравалі ўнікальную з'яву — стыхійнае, але ўсвядомленае яднанне народа і дзіўную самаарганізацыю. Не кожны народ на такое здольны. Адмова адказваць гвалтам на гвалт улады — гэта хутчэй праява вытрымкі, чым страх і пакорлівасць.
Сталенне і палітызацыя грамадзянскай супольнасці ў Беларусі ідзе хутчэй, чым фарміраванне палітычнай апазіцыі. Горш, калі ёсць апазіцыя, што задыхаецца ў атмасферы грамадскай пасіўнасці.
Між тым, беларусы дамагліся многага. Яны не толькі звялі свайго аграфюрэра да ролі закладніка і сваіх сілавікоў, і Крамля. Яны даказалі, што сталі грамадзянскай супольнасцю, нацыяй з пачуццём уласнай годнасці і гатоўнасцю да калектыўнай самаабароны. Яны ператварылі Беларусь з белай плямы на карце ў міжнародны фактар, прымусіўшы абудзіцца сонную Еўропу.
Вядома, еўрапейскія санкцыі ў дачыненні да 40 прадстаўнікоў беларускай улады наўрад ці паўплываюць на афіцыйны Мінск. Лукашэнка праігнаруе і патрабаванне ЕС пагадзіцца на пасярэдніцтва АБСЕ, і пайсці на дыялог з прысутнымі. Але цяжкая на ўздым Еўропа зрабіла дзве рэчы, якія будуць значнымі. Па-першае, не прызнаўшы Лукашэнку легітымным прэзідэнтам, Еўропа скараціла яго поле манеўру крамлёўскім пярэднім пакоем, у якім ён будзе чакаць прыёму ў Пуціна. Па-другое, Еўропа пачала рыхтавацца да сыходу Лукашэнкі, прыступіўшы да распрацоўкі ўсёахопнага плана эканамічнай падтрымкі дэмакратычнай Беларусі.
Беларусы ўжо не вернуцца ў старую каляіну. Расіі давядзецца развітацца з марамі пра саюзную дзяржаву. Еўропе прыйдзецца думаць пра тое, што Беларусь можа азначаць для еўрапейскай бяспекі і для еўрапейскіх прынцыпаў.
Так што рана спяваць рэквіем па цяперашніх пратэстах. Паўтараць, што ўсё бессэнсоўна, у момант, калі людзі выходзяць на вуліцы, нягледзячы на пагрозу ўласнаму жыццю, прыкмета маральнай нячуласці. Гэта ныццё кажа і пра блізарукае ўспрыманне падзей.
Так, часцей за ўсё народны пратэст не дамагаецца неадкладнай перамогі. Але пераход улады да закручвання гаек — яе прызнанне ўласнай стратэгічнай паразы.
Так што аддамо належнае тым, хто вучыць нас мужнасці. Не будзем іх вучыць, як трэба рабіць рэвалюцыі. Пастараемся асэнсаваць хабараўскі і беларускі досвед, які выходзіць за межы тых догмаў, да якіх мы прызвычаіліся.