У Пінску следчыя органы не разглядаюць скаргі пацярпелых
Следчыя органы марудзяць разбіральніцтва па скаргах пінчукоў, якія з 9-га па 12-га жніўня пацярпелі ад сілавікоў. Ахвярамі фізічнага гвалту з боку міліцыянтаў стала звыш паўсотні жыхароў Пінска.
Акрамя зацягвання разбіральніцтва, ёсць факты ціску на пацярпелых, — адзначае праваабаронца Вераніка Іванова:
— Былі некалькі зваротаў у сілавыя органы. На колькі мне вядома, на сённяшні дзень не ўзбуджана ніводнай крымінальнай справы. На маю думку, гэта адмысловая пазіцыя. Адзін чалавек мне сказаў і гатовы гэта пацвердзіць, што аказваецца ціск на яго наймальнікаў, каб ён адклікаў сваю заяву.
Усяго ў Пінску за паслявыбарчыя акцыі пратэсту пацярпела прыблізна 300 чалавек. Звыш паўсотні адчулі на сябе гвалт сілавікоў, а каля 250 чалавек прайшлі праз судовы канвеер і атрымалі адміністрацыйны арышт альбо штрафы.