У аэрапорце настойліва прапанавалі набыць зваротны квіток: разавая акцыя ці ўжо норма?
У сацсетках людзі актыўна абмяркоўваюць выпадак у аэрапорце. Пакуль не зразумела, ці ідзе гаворка пра выпадковасць, ці гэта ўжо новая норма. Сутнасць у тым, што людзям з квітком у адзін канец адмаўляюць у паслузе — і пры гэтым настойліва прапануюць набыць зваротны квіток. Onliner.by паспрабаваў высветліць, хто і што патрабуе.
Пра адзін выпадак падрабязна распаведзена ў артыкуле на Kyky. Дзяўчына ад'язджала з Мінска 20 верасня. На адной са стоек у яе пачалі правяраць дакументы на ўезд у ЕС. "Там вырашылі, што дакументы ў беларускі не падыходзяць. Яна распавядае: "На мой стос папер адрэагавалі вельмі катэгарычна: або зваротны білет, або вы не паляціце, мы не пасадзім вас у самалёт". На пытанне, чаму раптам у 2020 годзе ў цэнтры Еўропы з'явіліся падобныя ўмовы для вылету ў ЕС, натуральна, ніхто не адказаў: "Сказалі, што пакуль буду шукаць адказы, мой самалёт паляціць"».
Дзяўчыне давялося набыць нятанны зваротны квіток.
Што здарылася і чаму так адбылося? У Нацыянальным аэрапорце Onliner далі каментар.
— У сувязі з неспрыяльнай эпідэміялагічнай абстаноўкай у свеце, выкліканай пандэміяй COVID-19, умовы для перасячэння мяжы розных краін зведалі істотныя змены і, больш за тое, маюць тэндэнцыю рэгулярна пераглядацца.
Па гэтай прычыне дакументы ўсіх пасажыраў, якія накіроўваюцца ў краіны ЕС, падлягаюць кантролю з боку супрацоўнікаў авіяперавозчыка.
Звязана гэта з тым, што абавязак вяртання пасажыраў, якіх не ўпусцяць у краіну прылёту, у аэрапорт адпраўлення ляжыць на авіякампаніі. Такім чынам, авіяперавозчыкам праводзіцца дадатковы кантроль наяўнасці неабходных дакументаў для накіравання ў краіну прызначэння з мэтай мінімізаваць рызыкі.
Супрацоўнікі аэрапорта, якія задзейнічаны ў працэсе рэгістрацыі на рэйсы, выконваюць патрабаванні авіякампаній. Пры ўзнікненні нестандартных сітуацый пытанне рэгулюецца з прадстаўніком перавозчыка.
Пытанне нядопуску пасажыра на борт паветранага судна, з прычыны адсутнасці зваротнага білета, знаходзіцца ў кампетэнцыі выключна авіякампаніі, рэйсам якой пасажыр вылятаў, — паведаміла прэс-сакратарка Раміна Саматханава.
«Белавія» пракаментавала onliner.by сітуацыю.
— У шэрагу выпадкаў у момант вылету немагчыма зрабіць адназначную выснову наконт адпаведнасці пасажыра патрабаванням, што прад'яўляюцца кампетэнтнымі органамі краіны прызначэння да пасажыраў, якія прылятаюць. У якасці прыкладу можа служыць сітуацыя, калі ўезд дазволены грамадзянскім мужам і жонкам (сужыцелям), чый саюз не можа быць пацверджаны дакументальна. У такім выпадку канчатковае рашэнне пра допуск на тэрыторыю краіны прымае памежная служба краіны прылёту толькі пры праходжанні дадгляду пасажырам у аэрапорце прыбыцця. Такім чынам, купля квітка гарантуе пасажыру магчымасць вярнуцца ў Беларусь у выпадку нядопуску на тэрыторыю Швецыі.