Разгром беларускіх НДА: «Дзяржава ідзе ва-банк»

У Беларусі ўлады ліквідуюць не менш за 56 няўрадавых арганізацый. DW разбіраецца, якія прычыны гэтага і якімі будуць наступствы.

treci_sektrar.jpg

Раней улада карысталася «трэцім сектарам» для вырашэння сваіх праблем, цяпер мэта — знішчыць любую актыўнасць, нават калі гэта нашкодзіць і краіне, і людзям. Так лічаць эксперты, з якімі паразмаўляла DW. І дадаюць, што беларускае грамадства ўжо перажывала нешта падобнае ў нулявыя гады.

 

Чаму ўлады зачышчаюць «трэці сектар»?

Сузаснавальнік і акадэмічны дырэктар Варшаўскага аналітычнага цэнтра «Eurasian States in Transition research center» (EAST Center) Андрэй Елісееў мяркуе, што ва ўлады ёсць дзве прычыны для разгрому грамадскіх арганізацый у Беларусі: «Гэта пажаданне Масквы аб зачыстцы СМІ і грамадскага сектара на карысць прарасійскіх (або прасаюзных) гульцоў, а таксама “падстрахоўка” Лукашэнкі напярэдадні прыняцця новай Канстытуцыі, сутнасць якой — у надзяленні яго дадатковым канстытуцыйным статусам і забеспячэнні дынастычнага транзіту ўлады ў сярэднетэрміновай перспектыве».

Паводле слощ Елісеева, Лукашэнка знішчае вядучыя грамадскія арганізацыі, бо мяркуе, што яны могуць спрыяць уздыму новай хвалі пратэсных настрояў, паколькі большасць беларускага грамадства такую Канстытуцыю і палітычную трансфармацыю ў яшчэ больш недэмакратычны і неправавы бок не прымае.

«Думаю, гэта цалкам лагічны крок палітыкі, якая накіравана на тое, каб знішчыць усялякую грамадзянскую актыўнасць, тым больш калектыўную і арганізаваную», — тлумачыць тое, што адбываецца метадолаг і сацыёлаг, экспертка «Агенцтва гуманітарных тэхналогій», каардынатарка праграм «Лятучага ўніверсітэта» Таццяна Вадалажская.

Раней, мяркуе экспертка, улада карысталася тым, што даваў «трэці сектар», для развязання гуманітарных, сацыяльных, культурных пытанняў, развіцця супрацоўніцтва з замежнымі праграмамі, дзе часта умовай з'яўляецца праца з НДА. Цяпер палітычная і прапагандысцкая задача — знішчэнне любой актыўнасці — больш важная, чым вырашэнне нейкіх сацыяльных праблем, «дзяржава ідзе ва-банк, каб усё падпарадкаваць сабе».

 

Пацерпяць найбольш уразлівыя групы насельніцтва

«Я думаю, што дзяржава недаацэньвала ролю грамадскіх арганізацый і яшчэ не ўсвядоміла, што іх ліквідацыя прывядзе да росту сацыяльнай напружанасці ў грамадстве. Закрыццё такіх арганізацый азначае, што многія сацыяльныя праблемы перастануць вырашацца, альбо іх будзе вырашаць складаней», — кажа дырэктарка асветніцкай установы «Офіс еўрапейскай экспертызы і камунікацый» Святлана Зінкевіч. 14 ліпеня ў арганізацыю прыйшлі з ператрусам, а 22-га стала вядома, што яе ліквідуюць.

У спіс ліквідаваных арганізацый, дадае Зінкевіч, трапілі абаронцы жывёл, абаронцы навакольнага асяроддзя, тыя, хто дапамагае людзям з інваліднасцю, хто праводзіць праграмы нефармальнай адукацыі, рэалізуе праграмы па гендарнай роўнасці, развівае мясцовыя супольнасці і многія іншыя.

Таццяна Вадалажская таксама лічыць, што больш за ўсё ад закрыцця грамадскіх арганізацый пацерпяць найбольш уразлівыя групы: «Наўрад ці дзяржава кінецца забяспечваць іх і неяк ім дапамагаць, а без рэгістрацыі ў сферы дабрачыннасці працаваць немагчыма».

«Цяпер пачаліся суды па ліквідацыі грамадскіх аб'яднанняў і фондаў, мы нават уявіць пакуль не можам, ці застанецца хтосьці з НДА працаваць у краіне. Бліжэйшыя тыдні пакажуць маштаб трагедыі. Некаторыя арганізацыі ўжо заявілі, што будуць працягваць працу, але далёка не ўсе», — кажа Святлана Зінкевіч.

 

Якія наступствы разгрому «трэцяга сектара»?

Дырэктарка Гродзенскага дзіцячага хоспіса (установа амаль год супрацьстаіць ціску ўлад. — Заўв. рэд.) Вольга Вялічка падрабязна напісала на сваёй старонцы ў Facebook пра наступствы зачысткі «трэцяга сектара». Так, на яе думку, гэта зніжэнне сацыяльнай эфектыўнасці насельніцтва і ўзроўню адукацыі і культуры, рост гвалту, алкагалізацыі і маргіналізацыі.

«Ліквідацыя НДА негатыўна паўплывае на эканоміку краіны, сацыяльную сферу давядзецца «цягнуць» самім людзям. «Для дзяржавы (негатыўныя наступствы. — Заўв. рэд.) — зніжэнне паказчыкаў мэт устойлівага развіцця і доступу да рэсурсаў, сыход НДА ў "ценявое” поле, агульная пасіўнасць ўсяго сацыяльнага, медыцынскага, адукацыйнага, культурнага, спартыўнага і экалагічнага асяроддзя», — піша Вялічка.

«Што тычыцца грамадзянскай супольнасці як з'явы, то тут арганізацыі — не самае важнае. Напрыклад, праваабарончы цэнтр “Вясна” і наш "Лятучы ўніверсітэт" працавалі без рэгістрацыі. Таму сама грамадзянская супольнасць як з'ява наўрад ці будзе знішчаная», — лічыць Таццяна Вадалажская.

Іншае пытанне, адзначае сацыёлаг, што тыя актывісты, якія афіцыйна працавалі ў ліквідаваных арганізацыях, страцяць працу: «Гэта будзе дадатковым фактарам, які падахвочвае людзей, якія прывыклі працаваць легальна, стабільна, з'язджаць з Беларусі. Гэта, вядома, не масавая эміграцыя, але гэта эміграцыя тых, хто да гэтага працаваў у імя сацыяльных і гуманітарных мэт, не адчуваючы сябе апанентам рэжыму».

 

«Арганізацыя — толькі інструмент, працу робяць людзі»

Беларуская грамадзянская супольнасць ужо сутыкалася з падобнай сітуацыяй: у 2003–2004 гадах улады запатрабавалі перарэгістрацыі палітычных партый і грамадскіх аб'яднанняў, а фактычна большасць арганізацыі былі проста ліквідаваныя. «Перарэгістрацыю мала хто прайшоў, усё роўна людзі працавалі, гэта не спыняе дзейнасць. Пачалі шукаць нейкія новыя шляхі, магчымасці», — кажа Таццяна Вадалажская.

Юрыст і сузаснавальнік праваабарончай арганізацыі «Human Constanta» (таксама трапіла пад ліквідацыю. — Заўв. рэд). Аляксей Казлюк лічыць, што ва ўмовах непрацуючых прававых інстытутаў легальны статус некамерцыйных арганізацый ужо з мінулага года страціў усялякае значэнне: «Зарэгістраваная арганізацыя — гэта толькі інструмент. А працу робяць людзі. І пакуль людзі жывыя, на волі, здаровыя фізічна і ментальна —некамерцыйны сектар і грамадзянская супольнасць існаваць будуць», — піша Казлюк.

Пераклад «НЧ»