«Росквіт ужо пачаў рухацца ў той бок, калі людзі ў яго будуць лішнія»
Аўтар тэлеграм-каналу «Лісты да дачкі» піша, што сёй-той знайшоў, кім яму замяніць з’ехаўшых беларусаў. Але гэтае рашэнне прыйшло запознена. Бо хутка будзе шмат сваіх лішніх людзей.

Прабач, буду трошкі пра сумнае. Сёй-той знайшоў, кім яму замяніць беларусаў. Прынамсі, ён так думае. Дамовіўся замест няўдзячных беларусаў завабіць у краіну 100-150 тысяч працавітых маладых пакістанцаў. Ну, таму што завабіць назад беларусаў не атрымліваецца ні камісіямі, ні тэлевізарам. Такі ўжо няўдзячны народ трапіўся. Не ведаю, праўда, чаму сёй-той думае, што маладыя пакістанцы будуць яму ўдзячныя і працавітыя. Але я, у прынцыпе, цяпер не пра гэта.
Я вось падумаў: наколькі ж росквіту ўжо не хапае людзей, калі сёй-той гатовы іх шукаць усюды, дзе ёсць лішнія. Таму што сёй-той на інтэрнацыяналізм жа пакутуе не больш, чым на гуманізм. А талерантнасць для яго — гэта наогул лаянкавае слова. І вось ён цяпер ездзіць па свеце і шукае, кім яму замяніць беларусаў.
Ды нікім. І пакістанцамі таксама не заменіш. Як не замяніў таджыкамі, кіргізамі, армянамі і ўзбекамі. А калі кім і заменіш, то шкоды росквіту ад гэтай замены будзе больш, чым карысці. Таму што тыя, ад каго росквіту можа быць карысць, да гаранта, які мінае, не паедуць. Яны паедуць куды падалей.
Таму што няма ў мінаючага гаранта для працавітых і кваліфікаваных ніякай канкурэнтназдольнай прапановы. І ўзяць гэтую прапанову няма дзе. Росквіт квітнее, толькі калі яго ні з чым не параўноўваць. А 700 долараў сярэдняга заробку на сусветным рынку працы не каціруюцца.
Але я зноў не пра гэта. Я вось падумаў: беларускія ўлады так доўга шукалі, кім ім замяніць беларусаў, якія з'ехалі, што, падаецца, зноў трошкі спазніліся. Таму тэндэнцыі мяняюцца. Цяпер росквіту людзей яшчэ пакуль не хапае, але ён ўжо пачаў рухацца ў той бок, калі людзі ў яго будуць лішнія.
Я не маю на ўвазе, вядома, што ўсе людзі. На рынку працы замест дэфіцыту з'явіцца прафіцыт. Вось цяпер людзей няма дзе ўзяць, а будзе няма куды падзець. Таму што росквіт ўвесь час квітнеў у Расію. А ў Расіі вольнага месца для прадуктаў беларускага росквіту ўжо не хапае. І атрымліваецца, што гэтым прадуктам падзецца няма куды.
Вось Гомсельмаш з пачатку года пабудаваў у два разы менш сваіх камбайнаў, чым год таму. А МАЗ на трыццаць адсоткаў менш пабудаваў грузавікоў. Не кажучы ўжо пра аўтобусы. Я чаму не кажу пра аўтобусы? Таму што пра аўтобусы казаць ужо нават неяк непрыстойна. І ў астатніх флагманаў беларускага росквіту справы не лепшыя.
Некаторыя флагманы ўжо пачалі радаваць сваіх работнікаў незапланаванымі адпачынкамі. Праўда, за кошт саміх работнікаў. А гэтыя флагманы раней наймалі людзей, бо не маглі справіцца з попытам. А цяпер у іх шмат лішняй прапановы. І, адпаведна, людзі, якіх наймалі, таксама становяцца лішнімі.
Гэта, вядома, здарыцца не зараз. Я так думаю, што спатрэбяцца месяцы, каб адчуць новую рэальнасць. Так што 150 тысяч маладых пакістанцаў цалкам можна паспець сабе завезці, калі добра пастарацца.
Затое потым таксама будзе чым заняцца. Потым трэба будзе думаць, што з гэтымі маладымі пакістанцамі рабіць. І наўрад ці яны будуць моцна ўдзячныя. Але беларускім уладам не прывыкаць вырашаць праблемы, якія яны самі сабе стварылі.
Гэтую практыку яны пачалі задоўга да таго, як сокалы скінулі пацука на прыступкі Дома Урада ў дзень адмовы ў рэгістрацыі кандыдатамі ў прэзідэнты Бабарыку і Цапкалу.