«Дзяліць у беларускай эканоміцы ўжо асабліва няма чаго, а трэба. І вельмі хочацца»
Аўтар тэлеграм-каналу «Лісты да дачкі» разважае, навошта красаўцы зладзілі рэйд па агенцтвах нерухомасці. І, на яго думку, справа ўсё ў тым жа — у гарантыях, якія ў гаранта мінаюць.

Экстрэмісты і не толькі пішуць, што красаўцы на днях праводзілі масавы рэйд па агенцтвах нерухомасці. З усімі належнымі для такім мерапрыемствам атрыбутамі. Гэта значыць, у стылі налёту. Маскі, аўтаматы. «Ляжаць! Баяцца! Грошы не хаваць!». Ну, усё як яны любяць.
Як ты разумееш, дзеля «грошы не хаваць!» гэтыя кантрольна-прафілактычныя мерапрыемствы і ладзіліся. Але не ў тым сэнсе, пра які ты, можа быць, падумала. Не дзеля канфіскацыі лішніх грашовых знакаў у бестурботных грамадзян. Таму што гэта ж усё ж такі быў не бандыцкі налёт, а адказнае праваахоўнае мерапрыемства.
Хоць канфіскацыя лішніх грашовых знакаў таксама не перашкодзіць. Таму што праваахоўныя мерапрыемствы ў нас ад бандыцкіх налётаў адрозніваюцца толькі ў горшы бок.
Але ўсё ж такі задумка, я лічу, шырэй. Такіх, месцамі, макраэканамічных маштабаў. Я думаю, сэнс гэтых рэйдаў у больш цеснай інтэграцыі рынку гандлю нерухомасцю ў дзяржаўнаарыентаваную эканоміку.
Ну проста раней красауцы ў дзяржаўнаарыентаваную эканоміку інтэгравалі ў асноўным крамы. У сэнсе рытэйл. Таму што гандаль — гэта такая даступная разуменню беларускіх красаўцау сфера эканамічнай дзейнасці. Дзе крамы — там і грошы. Але крамы, па-першае, даўно інтэграваныя, а па-другое, пасля двух гадоў рэгулявання коштаў там асабліва і інтэграваць ужо няма чаго. Які сэнс інтэграваць сабе страты?
Іншая справа — рынак нерухомасці. Рынак нерухомасці ўвесь мінулы год выхваляўся росквітам вышэй сярэдняга. І ўвесь гэты росквіт ішоў міма беларускай дзяржавы. Калі не лічыць, вядома, падаткі, зборы, штрафы і паборы. Але падаткі, зборы, штрафы і паборы — гэта толькі частка іх росквіту. А навошта браць часткамі, калі можна ўзяць усё адразу?
У сэнсе прыбраць з гэтага рынку ўсіх лішніх і зладзіць на ім такую дзяржаўнаарыентаваную манаполію. Каб росквіт квітнеў у тых, у каго яму трэба квітнець. А не ва ўсякіх старонніх беларускай дзяржаве асоб.
Ну ты сама падумай: навошта староннім беларускай дзяржаве асобам лішні росквіт? Яны гэты росквіт ўсё роўна выдаткуюць на якія-небудзь глупствы. І можа быць нават за мяжой. А ў беларускай дзяржавы няма цяпер столькі грошай, каб дазваляць нейкім староннім асобам марнаваць уласныя грошы, куды яны захочуць.
Карацей, я лічу, што гэтыя рэйды былі задуманыя не дзеля пошуку часткова нявыплачаных падаткаў. Рэйды па агенцтвах нерухомасці — гэта пачатак кампаніі па рэйдэрскім захопу рынку нерухомасці з элементамі шантажу, пагроз і гвалту. Таму што дзяліць у беларускай эканоміцы ўжо асабліва няма чаго, а трэба. І вельмі хочацца.
Таму што, пакуль гарантыі ў гаранта яшчэ канчаткова не скончыліся, сведкам стабільнасці высокага ўзроўню трэба паспець падзяліць на сваю карысць усё што ў беларускай эканоміцы дрэнна ляжыць. А яшчэ лепш падзяліць тое, што пакуль яшчэ добра ляжыць. Каб потым, калі гарантыі скончацца, не мець у гэтым жыцці раптоўных фінансавых расчараванняў, а мець, замест гэтага, магчымасць спакойна сустрэць старасць.
І лепш з гэтай справай надоўга не зацягваць. Таму што гарантый надоўга не хопіць.
Гарантыі моцна сапсаваліся з тых часоў, як сокалы скінулі пацука на прыступкі Дома Урада ў дзень адмовы ў рэгістрацыі кандыдатамі ў прэзідэнты Бабарыкі і Цапкалы.