РПЦ дазволіла даваць дзецям нацыянальныя імёны
Сінод Рускай праваслаўнай царквы ў чацвер выключыў абмежаванні ў таінствах і памінанні для людзей, якія носяць імёны святых любых памесных праваслаўных цэркваў свету ці сугучныя ім імёны, вынікае з журналаў пасяджэння Сіноду, піша «Свабода».
«Падкрэсліць недапушчальнасць якіх-небудзь абмежаванняў у богаслужбовым памінанні і дапушчэнні да царкоўных таінстваў вернікаў, якія носяць нацыянальныя імёны, традыцыйныя для іншых памесных праваслаўных цэркваў (або імёны ў іншых нацыянальных гучаннях)», — гаворыцца ў журнале №165.
Пад імёнамі «ў iншых нацыянальных гучаннях», мяркуючы па каментары да рашэння Сіноду, маюцца на ўвазе сугучныя імёны, напрыклад Ян — Джон, Іаана — Жанна.
Хрысціць дзяцей цяпер таксама можна пад імёнамі святых іншых праваслаўных цэркваў. У РПЦ таксама звярнулі ўвагу духавенства на гэтыя змены.
У той жа час, калі чалавек хоча прыняць хрышчэнне ў дарослым узросце, але ягонае імя не мае аналагу ў месяцасловах памесных праваслаўных цэркваў і не сугучнае ім, ён сам можа выбраць сабе хрысцільнае імя з месяцаслова, «прычым пажадана, каб яно было блізкае гучаннем з грамадзянскім імем».
Рашэнні абгрунтоўваюцца тым, што традыцыя давання імя па святцах, якая склалася ў Рускай праваслаўнай царкве, «не заўсёды ўлічвае разнастайнасць практык і традыцый, якія склаліся ў іншых памесных праваслаўных цэрквах, у тым ліку ў сувязі з тым, што месяцаслоў Рускай царквы не змяшчае імёнаў усіх святых, праслаўленых памеснымі цэрквамі».
Акрамя таго, адзначаецца, што ў біблейскай традыцыі выбіраць імя дзіцяці — гэта прэрагатыва бацькоў.
Не ва ўсіх памесных цэрквах ёсць традыцыя называць дзяцей па святцах. Напрыклад, у Балгарыі распаўсюджаныя імёны Зорка, Сняжынка, Цветан, Жыўка і іншыя, а такіх святых у пантэоне няма.
З пастановы Сіноду незразумела, ці змогуць беларусы даваць імёны ў сваіх нацыянальных формах пры хрышчэнні, бо БПЦ не з’яўляецца памеснай царквой. Вядомыя выпадкі, калі праваслаўныя беларусы з імёнамі або формамі іх, якіх няма ў святцах, мелі праблемы на прычашчэнні і пры царкоўнымі памінанні.