Сайты і сацсеткі фондаў BYSOL, By_Help, Media Solidarity і яшчэ чатырох праектаў прызнаныя экстрэмісцкімі
Суд Партызанскага раёна Мінска прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» шэраг сацсетак апазіцыйных праектаў, у тым ліку N*xta, By_Help, BYSOL і іншыя. Інфармацыя пра гэта з'явілася ў Рэспубліканскім спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў.
1 чэрвеня суд прызнаў «экстрэмісцкімі» ютуб-каналы праекта «N*xta», а таксама яго старонкі ў «Твітары», «Фэйсбуку», Instagram і «Вконтакте». Раней у спісе «экстрэмісцкіх матэрыялаў» значыліся толькі тэлеграм-каналы праекта і яго лагатып.
Таксама суд Партызанскага раёна прызнаў «экстрэмісцкімі» сайт і сацыяльныя сеткі Фонду салідарнасці «By_Help» і Фэйсбук-старонку яго заснавальніка Аляксея Лявончыка, фонду «Media Solidarity Belarus», фонду «BYSOL» і старонкі ў сацсетках яго заснавальнікаў Андрэя Стрыжака, Яраслава Ліхачэўскага і Аляксея Кузьмянкова.
Акрамя таго, у спіс унеслі сайт і сацсеткі праекта «Беларусам.рl», праекта навін з Беларусі на англійскай «Voices from Belarus» і Instagram-старонкі яго кіраўнікоў Марыі Забара і Аляксандры Зверавай.
Суд прызнаў «экстрэмісцкім» і дадатак «Digital Solidarity», у якім збіраюць «правераныя фонды, зборы і ініцыятывы, якія дзейнічаюць у інтарэсах перамен у Беларусі». Акрамя сайта і сацыяльных сетак праекта ў спіс ўнеслі і само прыкладанне з крам прыкладанняў App Store і Google Play.
У снежні 2021 года МУС прызнаў усе пералічаныя вышэй праекты, іх сайты і сацсеткі, а таксама сацсеткі іх заснавальнікаў і кіраўнікоў «экстрэмісцкімі фарміраваннямі».
25 мая стала вядома, што суд Ленінскага раёна Гродна прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» «Медыязону.Беларусь» і яе сацсеткі. Інфармацыя пра гэта з'явілася ў Рэспубліканскім спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў.