«Сакавіцкія сустрэчы» для грамадзянскай актыўнасці

У Мінскім міжнародным адукацыйным цэнтры адбыліся «Сакавіцкія сустрэчы» грамадскіх арганізацый і ініцыятываў.

sakavickija_sustreczy_001_logo.jpg


У мерапрыемстве, якое праходзіла 4-5 сакавіка пры падтрымцы «Офіса еўрапейскай экспертызы і камунікацый» і інфармацыйна-асветніцкай установы «Новая Еўразія», прынялі ўдзел 213 неабыякавых грамадзян нашай краіны, зацікаўленых у развіцці мясцовых супольнасцяў і вырашэнні праблем на лакальным, рэгіянальным і нацыянальным узроўнях.

sakavickija_sustreczy_021_logo.jpg


На думку кіраўніка «Офіса еўрапейскай экспертызы і камунікацыі» Святланы Зінкевіч, «Сакавіцкія сустрэчы» павінны садзейнічаць развіццю і павышэнню эфектыўнасці грамадзянскай актыўнасці.
 — Спадзяёмся, што рэгіянальныя мясцовыя ініцыятывы і некамерцыйныя арганізацыі на нашых сустрэчах змогуць падзяліцца лепшымі практыкамі і прадэманстраваць гісторыю сваіх поспехаў, генераваць новыя ідэі і выпрацаваць механізмы для рэгулярнага ўзаемадзення і абмену інфармацыяй, — кажа Святлана.

sakavickija_sustreczy_019_logo.jpg


86 грамадскіх актывістаў былі вызначаны ў якасці экспертаў — спікераў і вядучых майстар-класаў. Кожны з прысутных задоўга да мерапрыемства вызначыўся з тэматыкай тых секцый, у якой хацеў працаваць.
Асаблівую ўвагу грамадскіх актывістаў прыцягнула секцыя «Паспяховыя практыкі працы ў мясцовых супольнасцях».


Вольга Турло і Ганна Барадзіна — арганізатары адукацыйнай ініцыятывы adukacyja.info распавялі пра сваю працу ў 2016 годзе.


— Мы наведалі 10 гарадоў і мястэчак, школы, летнікі, грамадскія ініцыятывы, — распавяла Вольга Турло. — Звязваемся з мясцовымі ініцыятывам, піярым нашу ініцыятыву ў мясцовых сацыяльных сетках. Бываюць складанасці з колькасцю наведвальнікаў, мае месца і прэсінг улад да найбольш актыўных людзей. Робім упор на жывыя кантакты. Узнікла ідэя зрабіць адукацыйных амбасадараў у розных гарадах, каб у кожным мястэчку быў чалавек, які валодае досведам арганізацыі адукацыйных праектаў і самаразвіцця.
Віцебская грамадская мэтавая група «Залаты ўзрост» узнікла і існуе для пажылых людзей і складае здаровую канкурэнцыю для мясцовага дзяржаўнага сацыяльнага цэнтру.
Кіраўнік арганізацыі — былы настаўнік Міхаіл Лузгін. «Залаты ўзрост» вырашае такія праблемы пажылых людзей, як адзінота, хваробы, гвалт з боку маладых сваякоў ці суседзяў. Па інфармацыі кіраўніка, дзякуючы цікавым мерапрыемствам, якія прадугледжваюць развіваючыя і пазнавальныя сумесныя заняткі, за адзін год арганізацыя пашырылася да 100 чалавек. У савет арганізацыі ўваходзяць 11 чалавек.


 — У нас ёсць літаратурна-мастацкі салон, і мы ўдзельнічаем у працы розных клубаў, — дзеліцца сваім досведам Міхаіл Лузгін. — Сустрэчы з выбітнымі асобамі, наведванні тэатра, прагулкі па берагах Віцьбы з адзінокімі людзьмі, экскурсійныя паездкі па цікавых мясцінах Беларусі — гэта прываблівае людзей пажылога ўзросту і згуртоўвае іх у супольнасць. Мы сустракаемся з прадстаўнікамі нетрадыцыйнай медыцыны, святкуем дні нараджэння, арганізавалі падарожжа па гораду на трамваі, «спартландыю». Дарэчы, падчас «спартландыі» спаборнічалі з камандай наведвальнікаў сацыяльнага цэнтра — наша каманда перамагла, — пахваліўся кіраўнік «Залатога ўзросту».
 Наведваюць удзельнікі «Залатога ўзросту» дом інвалідаў і састарэлых, арганізоўваюць для іх святы Зацікавіла ўдзельнікаў секцыі і сацыяльна-культурная ўстанова для моладзі «Віцебск для мяне». Яе касцяк складаюць 7 чалавек. Ёсць і свой сайт Vitebsk4.mе. Змешчаная на ім справаздача за 2016 года уражвае разнастайнасцю зробленай працы.
Вольга Бізікава і Таня Аліпчыкава, лідары гэтай установы, прэзентавалі свае мерапрыемствы ў файлах.


Ініцыятыва «Час зямлі» дзейнічае ў Брэсце і Пінску.


У мінулым годзе ўдзельнікі ініцыятывы правялі мноства мерапрыемстваў з мэтай папулярызацыі тэмы экалогіі і ўцягвання людзей у экалагічную дзейнасць. Удзельнічалі і ў міжнародных экалагічных акцыях.

sakavickija_sustreczy_012_logo.jpg


Для ініцыятывы характэрны творчы падыход — элементарнае прыбіранне смецця праводзяць у выглядзе спартыўных спаборніцтваў. Моладзь прываблівае магчымасць  паўдзельнічаць у адукацыйных праграмах «Школы экалагічных актывістаў». Па выніках працы школы рэалізаваны 3 праекты. Школьнікам цікавы экалагічныя майстар-класы. Праца з веласупольнасцямі, рух «Зялёны дазор» дапамагаюць выявіць праблемы грамадзян і мясцовых органаў улады. Для камунікацыі ладзяцца «круглыя сталы». Асаблівую цікавасць выклікаюць заняткі «Эка-майстэрні з нічога», дзе з прыродных адходаў можна зрабіць цікавыя рэчы для падвор’яў і лецішчаў.
Дзяніс Кобрусеў з ініцыятывы «Генплан — для мінчан» распавёў пра паспяховае змаганне за захаванне старажытнай брукаванкі ў Стоўбцах, якую здолелі абараніць і якая зараз мае статус культурнага помніка.

sakavickija_sustreczy_015_logo.jpg


Віка Рэут, старшыня садовага таварыства з Заслаўя, падзялілася вопытам змагання за дарогу ў 7 кіламетраў, супраць вывазу і захавання ў Заслаўі цвёрдых бытавых адходаў. Яна лічыць, што сумесныя дзеянні па ўсталяванні пляцоўкі для пляжнага валейбола, добраахвотныя суботнікі па прыбіранню смецця аб'ядналі сябраў таварыства. «Дачнікі» таксама ладзяць разам святочныя мерапрыемства, а viber-група дае магчымасць тэрмінова дапамагчы адзін аднаму.  
Аляксандра Шор з Жодзіна з’яўляецца старшынёй таварыства ўласнікаў жыллёвага кааператыву. Для добраўпарадкавання многапавярховага дома яна задзейнічала заканадаўчыя механізмы, якія ўжо існуюць. Зараз узнікла праблема фарміравання адказнага стаўлення жыхароў да агульнай маёмасці, каб захаваць тое, што ёсць.
Яна лічыць, што трэба пачынаць з фарміравання патрэбнасцяў у жыхароў, паколькі многіх не хвалююць праблемы дома.

sakavickija_sustreczy_006_logo.jpg


sakavickija_sustreczy_004_logo.jpg


Сацыяльнае прадпрымальніцтва — адносна новы накірунак развіцця актыўнасці нашых грамадзян. Адзін з выдатных інструментаў вырашэння сацыяльных праблем і ўстойлівага развіцця. Сацыяльнае прадпрымальніцтва актуальна ў Еўропе. Наведаць секцыю сацыяльнага прадпрымальніцтва пажадалі многія. Адвакацыя дзеля развіцця супольнасцяў, сустрэчы з майстрамі па тэхналогіі збору калектыўнай думкі, тэхналогіі форум-тэатру, тэхнікі правядзення эфектыўных сходаў, індывідуальныя кансультацыі і парады, экспертныя кансультацыі па ўзмацненню мясцовых супольніцтваў, паспяховыя прыклады па выкарыстанню анлайн-інструментаў для развіцця супольнасцяў — гэта толькі некаторыя тэмы секцый для працы ўдзельнікаў сустрэч.

sakavickija_sustreczy_024_logo.jpg


Грамадскі актывіст Аляксандр Сямёнаў з Мсціслаўя «паскардзіўся» на тое, што на «Сакавіцкіх сустрэчах» прадстаўлена занадта шмат цікавых тэм, з якімі карысна было б папрацаваць.
 — Разбягаюцца вочы пры выбары, куды пайсці і які вопыт пераняць, — гаворыць Аляксандр. — Усе экспертныя кансультацыі і паспяховыя практыкі падаюцца на высокім узроўні, хацелася б быць адначасова ўсюды. Новыя веды, новыя кантакты, новая падтрымка — гэтыя словы прагучалі з вуснаў амаль усіх удзельнікаў падчас падвядзення вынікаў сустрэчы некамерцыйных грамадскіх арганізацый.