Сакрэты абароны ад вірусаў: рыхтуемся да сезону прастуды і грыпу

З надыходам халадоў прырода рыхтуецца да зімовага спакою, а наш арганізм — да барацьбы з сезоннымі захворваннямі. У гэты час асабліва важна прыслухацца да свайго цела і атачыць яго клопатам. Нагадваем пра простыя і карысныя спосабы захаваць здароўе падчас сезону грыпу і ВРВІ.

_belarus_verasen_les_pracjah_4_2024_fota_novy_czas__8__1.webp

Падтрымлівайце імунітэт з дапамогай правільнага харчавання

Умацуйце імунную сістэму, дадаўшы ў рацыён прадукты, багатыя вітамінамі і мінераламі:

Вітамін С (цытрусавыя, балгарскі перац, шыпшыннік);

Вітамін D (тлустая рыба, яечныя жаўткі, дабаўкі пры неабходнасці);

Цынк (арэхі, насенне, мяса);

Антыаксіданты (ягады, зялёная гарбата).

Таксама не будзе залішнім дадаць у рацыён больш ферментаваных прадуктаў: ​​квашаную капусту, кімчы, натуральны ёгурт, кефір. Гэтыя прадукты падтрымліваюць здароўе кішачнай мікрафлоры, што дапамагае імуннай сістэме лепш спраўляцца з патагенамі.

Увільгатняйце паветра дома

Сухое паветра спрыяе раздражненню слізістых абалонак, робіць іх больш уразлівымі для вірусаў. Выкарыстоўвайце ўвільгатняльнікі паветра альбо стаўце ёмістасці з вадой побач з крыніцамі цяпла.

А яшчэ не забывайце праветрываць памяшканне – свежае паветра дапамагае паменшыць канцэнтрацыю вірусаў у памяшканні. Праветрывайце пакоі прынамсі 2-3 разы на дзень па 10-15 хвілін.

Таксама спецыялісты раяць пасяліць у хаце расліны, якія чысцяць паветра і падтрымліваюць здаровую вільготнасць (напрыклад, алоэ, хларафітум, драцэна).

Ароматэрапія – яшчэ адзін прыемны спосаб умацавання імунітэту

Некаторыя эфірныя алеі валодаюць антысептычнымі, супрацьвіруснымі і імунастымулюючымі ўласцівасцямі. Напрыклад, алей эўкаліпта, чайнага дрэва, цытрыны і лаванды могуць дапамагчы дэзінфікаваць паветра і падтрымліваць дыхальную сістэму ў тонусе.

Можна нанесці некалькі кропель алею на шалік ці адзенне перад выхадам на вуліцу, каб узмацніць абарону ад вірусаў. Калі такая ідэя вам даспадобы, прыглядзіцеся да аромалампаў або дыфузараў – і абарона, і прыемная атмасфера дома альбо на працы.  

Глядзіце таксама

Вы ведаеце, але мы нагадаем – піце больш вады

Калі чалавек хварэе на грып або ВРВІ, у арганізме назапашваюцца таксіны, якія ўтвараюцца ў працэсе барацьбы з інфекцыяй. Ужыванне вялікай колькасці вады дапамагае палепшыць абмен рэчываў і паскарае вывядзенне гэтых таксінаў.

Да таго ж падчас хваробы, асабліва пры высокай тэмпературы, арганізм губляе больш вадкасці, чым звычайна, праз пот і дыханне. Абязводжванне можа пагоршыць стан, запаволіць працэс акрыяння і выклікаць дадатковую слабасць. 

Спецыялісты рэкамендуюць ужываць цёплую ваду, травяную гарбату (напрыклад, з рамонак, мяты альбо ліпы), гарбату з мёдам і лімонам, морсы і ўзвары, мінеральную ваду. А вось ад кавы і моцнай гарбаты лепш адмовіцца – яны могуць узмацніць абязводжванне. Салодкія газаваныя напоі таксама не падыйдуць – яны могуць раздражняць слізістую.

Пастаўце нагадвалкі для «гігіенічных паўзаў»

Такое новаўвязенне абавязкова дапаможа абараніцца ад вірусаў.

Няхай тэлефон нагадвае вам мыць рукі кожныя некалькі гадзін, праветрываць памяшканне, увільгатняць паветра ці піць ваду. Гэтыя простыя «гігіенічныя паўзы» стануць выдатным спосабам інтэграваць важныя звычкі ў паўсядзённае жыццё.

Памятайце, што рэгулярнае мыццё рук з мылам – усё яшчэ лепшы спосаб прадухіліць распаўсюджванне вірусаў.

Глядзіце таксама

Высыпайцеся. Гэта сапраўды важна

Падчас сну арганізм актыўна вырабляе і вызваляе цытакіны – бялкі, якія рэгулююць імунны адказ і спрыяюць барацьбе з інфекцыямі. Некаторыя віды цытакінаў ўзмацняюцца менавіта ў перыяд сну, што дапамагае арганізму больш эфектыўна рэагаваць на вірусы і запаленні. 

Да таго ж у працэсе сну арганізм больш актыўна аднаўляе пашкоджаныя слізістыя абалонкі носа і горла, паляпшае стан дыхальных шляхоў.

Глядзіце таксама

Сачыце за ўзроўнем стрэсу (нават калі гэта надзвычай складана)

Так-так, мы бачым вашую сумную ўсмешку – сённяшні свет не спрыяе нармалізацыі ўзроўню стрэсу. Але ж мы памятаем, што ўсе хваробы – ад залішніх нерваў. Стрэс сапраўды надзвычай моцна аслабляе імунную сістэму, робіць арганізм больш уразлівым для вірусаў.

Прыглядзіцеся да ідэі ладзіць «вірусныя дэтокс-дні»: дні адпачынку ад інфармацыйнага шуму і вонкавых раздражняльнікаў. Вылучыце адзін дзень ці хаця б некалькі гадзін у тыдзень, калі вы цалкам абстрагуюцеся ад навін, сацыяльных сетак і нават размоваў аб хваробах.

І зноў жа – сон. Сон дапамагае зменшыць узровень картызола, што ў сваю чаргу спрыяе паніжэнню ўзроюню стрэсу.

Памятайце, што моцны імунітэт — гэта вынік гарманічнага балансу паміж фізічнай актыўнасцю, адпачынкам і душэўным спакоем.