Захаваць успаміны: Жыццё з хваробай Альцгеймера
21 верасня – міжнародны дзень распаўсюду інфармацыі аб хваробе Альцгеймера. Гэта не проста дыягназ, гэта шлях, які закранае не толькі тых, хто пакутуе, але і іх блізкіх. Кожны дзень прыносіць новыя выклікі, якія патрабуюць цярпення і любові. Як мінімізаваць рызыкі хваробы? Як зразумець і падтрымаць тых, хто з ёй усё ж сутыкнуўся?
Галоўнае, што трэба ведаць пра хваробу Альцгеймера
Хвароба Альцгеймера — гэта прагрэсавальнае захворванне мозгу, пры якім нервовыя клеткі паступова руйнуюцца, з-за чаго зніжаюцца разумовыя здольнасці. Найперш хвароба ўплывае на памяць, але з часам пакутуюць таксама гаворка, мысленне, здольнасць выконваць побытавыя задачы.
Захворванне развіваецца паступова і праходзіць праз тры стадыі:
- Ранняя стадыя: невялікія правалы ў памяці і цяжкасці са звыклымі справамі.
- Сярэдняя стадыя: сімптомы ўзмацняюцца, паводзіны змяняюцца, чалавек усё больш патрабуе дапамогі.
- Позняя стадыя: сур'ёзныя парушэнні, чалавек губляе здольнасць выконваць простыя дзеянні і становіцца цалкам залежным ад іншых.
Дакладныя прычыны хваробы Альцгеймера пакуль невядомыя, але ёсць некалькі фактараў рызыкі:
- Узрост: пасля 65 гадоў рызыка ўзрастае,
- Сямейная гісторыя: наяўнасць сваякоў з дэменцыяй,
- Сардэчна-сасудзістыя праблемы: высокі ціск, дыябет, лішняя вага, курэнне,
- Маларухомы лад жыцця: нізкая разумовая і сацыяльная актыўнасць.
Сярод асноўных сімптомаў хваробы – праблемы з памяццю, асабліва з нядаўнімі падзеямі; цяжкасці з планаваннем і рашэннем задач; праблемы з гаворкай і ўспрыманнем інфармацыі; cтрата арыентацыі ў часе і прасторы; частыя змены настрою, страта цікаўнасці да звычайных спраў.
Лекаў, якія цалкам вылечваюць хваробу, пакуль няма, але ёсць прэпараты, якія могуць запаволіць яе развіццё. Таксама лекары адзначаюць істотнасць немедыкаментознага лячэння, у якое ўваходзіць падтрымка сям'і, кагнітыўная тэрапія, псіхалагічная дапамога, адаптацыя навакольнага асяроддзя.
Распаўсюджанасць у свеце
Па дадзеных Alzheimer's Disease International (ADI), сёння больш за 55 мільёнаў чалавек па ўсім свеце пакутавалі на дэменцыю. Пры гэтым лічыцца, што 60-70% з іх - выпадкі хваробы Альцгеймера.
Іншыя істотныя лічбы, якія прыводзяць спецыялісты ADI:
- Кожныя 3 секунды ў свеце рэгіструецца новы выпадак дэменцыі
- Да трох чвэрцяў людзей з дэменцыяй па ўсім свеце не атрымалі дыягназу
- Амаль 80% насельніцтва занепакоеныя магчымасцю развіцця дэменцыі, і кожны чацвёрты чалавек лічыць, што нічога нельга зрабіць для яе прадухілення
- Амаль 62% медыцынскіх работнікаў па ўсім свеце памылкова мяркуюць, што дэменцыя - гэта частка нармальнага працэсу старэння
- 35% апекуноў па ўсім свеце паведамілі, што хаваюць дыягназ дэменцыі ў члена сям'і
- Больш за 50% апекуноў сцвярджаюць, што іх здароўе пацярпела з-за абавязкаў па доглядзе, нягледзячы на тое, што яны выказваюць станоўчыя пачуцці наконт сваёй ролі.
Як адзначаюць эксперты, праз старэнне насельніцтва і адсутнасць эфектыўнага лячэння, у бліжэйшыя дзесяцігоддзі колькасць выпадкаў хваробы Альцгеймера будзе толькі расці. Прагнозы кажуць: да 2030 года колькасць людзей з дэменцыяй можа вырасці да 82 мільёнаў, а да 2050 года гэтая лічба можа перавысіць 150 мільёнаў.
У 2017 годзе СААЗ запусціла Глабальны план па барацьбе з дэменцыяй. Ён скіраваны на павышэнне дасведчанасці, развіццё даследаванняў і паляпшэнне сістэм аховы здароўя ў гэтай галіне па ўсім свеце. Сёння шмат увагі надаецца распрацоўцы новых метадаў дыягностыкі, тэстаў, якія могуць выявіць хваробу Альцгеймера на ранніх стадыях, яшчэ да з'яўлення відавочных сімптомаў.
Прафілактыка
Прадухіліць хваробу Альцгеймера пакуль нельга, але існуюць спосабы зменшыць рызыку яе з'яўлення.
1. Больш рухайцеся. Фізічная актыўнасць дапамагае падтрымліваць мозг у форме, паляпшае кровазварот і змяншае рызыку кагнітыўных праблем.
Старайцеся займацца спортам ці прынамсі хадзіць пешшу 30 хвілін у дзень, 5 разоў на тыдзень. Падыдуць бег, плаванне, танцы ці любыя іншыя нагрузкі, якія вам падабаюцца.
2. Правільна харчуйцеся. Ежа моцна ўплывае на здароўе мозгу. Ужывайце гародніну, садавіну, арэхі, рыбу, цэльназерневыя прадукты і аліўкавы алей. Менш чырвонага мяса, цукру і тлустай ежы.
3. Займайце мозг. Разумовая актыўнасць дапамагае мозгу заставацца гнуткім і выпрацоўваць новыя сувязі. Чытайце, вырашайце галаваломкі, вучыце нешта новае, напрыклад, мову, якая вам падабаецца. Добрая ідэя – засвоіць новы музычны інструмент.
4. Будзьце сацыяльна актыўнымі. Зносіны з іншымі людзьмі дапамагаюць мозгу працаваць лепш. Сустракайцеся з сябрамі, удзельнічайце ў імпрэзах і мерапрыемствах.
5. Сачыце за здароўем сэрца. Праблемы з сэрцам могуць адбіцца на мозгу. Высокі ціск, дыябет ці лішняя вага павялічваюць рызыку хваробы Альцгеймера. Сачыце за ціскам, узроўнем цукру і халестэрыну.
6. Добра высыпайцеся. Добры сон надзвычай істотны для мозгу.
7. Вучыцеся спраўляцца са стрэсам. Доўгі стрэс дрэнна ўплывае на мозг. Знайдзіце для сябе спосабы расслабляцца. Паспрабуйце медытацыю, дыхальныя практыкі, ёгу ці проста знайдзіце час для ўлюбёнага занятка.
8. Пазбягайце траўмаў галавы. Траўмы галавы, асабліва страсенні, могуць у будучыні прывесці да праблем з мозгам. Будзьце асцярожныя!
9. Адмоўцеся ад шкодных звычак. Курэнне павялічвае рызыку дэменцыі. Адмова ад цыгарэт дапаможа мозгу заставацца здаровым. Злоўжыванне алкаголем шкоднае для мозгу.
10. Вучыцеся ўсё жыццё. Чым больш вы вучыцеся і развіваецеся, тым лепш для мозга. Высокі ўзровень адукацыі і сталае навучанне могуць абараніць ад хваробы.
Калі блізкі пакутуе на хваробу Альцгеймера
Спраўляцца з хваробай Альцгеймера ў блізкага чалавека — няпростая задача.Важна вывучыць усю дасяжную інфармацыю аб хваробе, яе сімптомах і стадыях. Гэта дапаможа лепш зразумець, з чым вы сутыкаецеся, і як дапамагчы.
Змены ў паводзінах і мысленні могуць выклікаць фрустрацыю. Паспрабуйце захоўваць спакой і цярпенне, нават калі ваш блізкі чалавек забывае рэчы ці паўтарае адны і тыя ж пытанні.
Істотна таксама забяспечыць звыклае асяроддзе. Прыбярыце лішнія прадметы, каб знізіць узровень стрэсу і блытаніны ў пацыента. Просты і знаёмы інтэр'ер можа дапамагчы вашаму блізкаму пачувацца ў бяспецы.
Размаўляйце з вашым блізкім, нават калі ён не заўсёды адказвае. Выкарыстоўвайце простыя фразы, задавайце пытанні, на якія можна адказаць «так» ці «не». Слухайце і праяўляйце цікавасць да таго, што ён гаворыць.
Але ў той жа час абавязкова клапаціцеся пра сябе. Догляд за чалавекам з хваробай Альцгеймера можа быць эмацыйна і фізічна знясільваючым. Не забывайце аб уласным здароўі, сачыце за псіхалагічным станам. А калі адчуваеце, што не спраўляецеся, не саромейцеся звяртацца па дапамогу да спецыялістаў.
Вось яшчэ некалькі невідавочных парадаў, якія могуць вам дапамагчы:
1. Стварайце сумесныя рытуалы. Прыдумайце простыя штодзённыя рытуалы – напрыклад, сумесная ранішнія кава ці вечаровыя прагулкі. Гэта створыць адчуванне стабільнасці, дапаможа ўмацаваць сувязь з блізкім, які пакутуе на хваробу Альцгеймера.
2. Выкарыстоўвайце музычную тэрапію. Музыка можа выклікаць прыемныя ўспаміны і палепшыць настрой. Стварыце плэйліст з улюбёнымі песнямі вашага блізкага — гэта можа стаць выдатным спосабам узняцця духу.
3. Вядзіце дзённік успамінаў. Запісвайце гісторыі і ўспаміны вашага сваяка. Гэта не толькі захавае іх для будучых пакаленняў, але і дапаможа вашаму блізкаму ўзгадаць важныя эпізоды жыцця.
5. Збярыце фотаальбом з яркімі момантамі жыцця вашага блізкага. Праглядайце яго разам і абмяркоўвайце кожны здымак, гэта можа актываваць памяць і выклікаць станоўчыя эмоцыі.
7. Займайцеся фізічнай актыўнасцю разам. Шукайце актыўнасці, якія падабаюцца вашаму блізкаму – напрыклад, лёгкія практыкаванні ці танцы.
8. Давайце магчымасць выбару. Дазвольце вашаму блізкаму прымаць невялікія рашэнні – напрыклад, што апрануць ці што паесці. Гэта дапаможа захаваць пачуццё аўтаноміі і самапавагі.
9. Шукайце групы падтрымкі. Аб'ядноўвайцеся з іншымі сем'ямі, якія сутыкнуліся з падобнымі праблемамі. Абмен досведам і падтрымка ад людзей, якія разумеюць вашу сітуацыю, могуць быць вельмі каштоўнымі.
«Я магу жыць з дэменцыяй»
Спецыялісты Alzheimer's Disease International (ADI) склалі хартыю хворага да дэменцыю чалавека (нагадаем, хвароба Альцгеймера ёсць найбольш частай прычынай дэменцыі). Хартыя напісаная ад імя хворага чалавека. Прыводзім яе цалкам:
1. Я павінен мець доступ да лекара, каб праверыць, ці ёсць у мяне дэменцыя.
2. Я павінен мець доступ да інфармацыі аб дэменцыі, каб ведаць, як яна на мяне паўплывае.
3. Мне павінны дапамагчы жыць самастойна так доўга, як я змагу.
4. Я павінен мець права голасу ў пытаннях догляду і падтрымкі, якія мне аказваюць.
5. Я павінен мець доступ да высакаякаснай дапамогі, якая падыходзіць мне.
6. Да мяне варта ставіцца як да асобы, і тыя, хто пра мяне клапоціцца, павінны ведаць аб маім жыцці.
7. Мяне трэба паважаць такім, які я ёсць.
8. Я павінен мець доступ да лекаў і лекавання, якія мне дапамагаюць.
9. Мае жаданні наконт канца жыцця варта абмяркоўваць са мной, пакуль я яшчэ магу прымаць рашэнні.
10. Я хачу, каб у маёй сям'і і сяброў засталіся прыемныя ўспаміны пра мяне.