Беларуская медыцына на самавыжыванні. Як захоўваецца высокі ўзровень аховы здароўя ў цяперашніх умовах

5 тысяч вакансій толькі афіцыйна знаходзяцца ў адкрытым доступе. Але недахоп медыкаў па краіне значна большы. І пры гэтым сістэма аховы здароўя прымудраецца неяк выжываць і захоўваць узровень. За кошт чаго?

_belarus_minsk_zyccjo_ljudzi_medycyna_hutkaja_dapamoha_fota_novy_czas_logo.jpg

Беларусь выдаткоўвае на сістэму аховы здароўя ў 10 разоў менш, чым еўрапейскія краіны. Пры гэтым чаканая працягласць жыцця супастаўная з еўрапейскімі стандартамі, адзначана ў даследаванні акадэмічнага цэнтра «BEROC». Якія зафіксаваныя праблемы і ці здольна іх вырашыць дзяржава, расказвае «Deutsche Welle».

Чаму ахову здароўя ў Беларусі можна лічыць эфектыўнай?

Акадэмічны дырэктар «BEROC» Леў Львоўскі адзначае, што сістэму ахову здароўя ў Беларусі на сёння можна прызнаць высокаэфектыўнай: «Пры выдатках амаль у 10 разоў менш, чым у суседніх еўрапейскіх краінах, Беларусь дасягае такіх жа высокіх вынікаў. Так, сярэдняя працягласць жыцця ў РБ складае 75 гадоў. Для параўнання, у Літве — 76,9 года, Латвіі — 76 гадоў, Польшчы — 78,6 года, Швецыі — 83,7 года. Сярэдняя працягласць здаровага жыцця ў Беларусі складае прыкладна 66 гадоў, у Літве — 66,7, у Латвіі — 66,2, у Польшчы — 68,7, у Швецыі — 71,9 гадоў».


Глядзіце таксама

Пры гэтым Беларусь з'яўляецца адным з лідараў па гендарнай няроўнасці ў працягласці жыцця: мужчыны ў сярэднім жывуць на 10 гадоў менш, чым жанчыны. У чым прычыны? Беларусь таксама ў лідарах па колькасці самагубстваў у свеце, і, згодна з Белстатам, 83% суіцыдаў здзяйсняюць мужчыны. Акрамя таго, высокі працэнт тых, хто паліць — больш за 47% мужчын (у Еўропе гэты паказчык — каля 30%). На шкодных вытворчасцях занятыя больш за 55% усіх мужчын у краіне і 26% жанчын (у ЕС — 40% мужчын і 16% жанчын).

Што тычыцца фінансавання, то доля бюджэтных выдаткаў на ахову здароўя складае каля 70% ад усіх выдаткаў на медыцыну, адзначана ў даследаванні «BEROC». У апошнія гады Беларусь траціць на ахову здароўя каля 4,4% ВУП, краіны СНД — 4,3% ВУП, краіны ЕС — 9,4%, новыя члены ЕС — 6,5% ВУП.

«Абсалютныя значэнні выдаткаў на душу насельніцтва паміж Беларуссю і астатнімі еўрапейскімі краінамі адрозніваюцца яшчэ больш з-за розніцы ў памеры ВУП, — адзначае Львоўскі. — Значную частку абсталявання і лекаў Беларусь закупляе на міжнародным рынку, а значыць, плаціць за іх столькі ж, колькі і еўрапейскія суседзі. Таму найбольшая няроўнасць назіраецца ў тэхналагічна развітых галінах медыцыны».

У чым сакрэт поспеху?

Ключавы фактар эфектыўнасці беларускай медыцыны — дастатковая колькасць спецыялістаў, якія гатовыя працаваць за адносна сціплы заробак, адзначае эксперт «BEROC». Так, да канца 2023 года сярэдняя зарплата ўрачоў у Беларусі дасягала 3 тысяч рублёў брута (гэта каля 850 еўра). Для параўнання, у Польшчы — 3 137 еўра, у Літве — 5 019 еўра, у Германіі — 5 389 еўра.


Глядзіце таксама

«Адносна нізкі кошт працоўнай сілы дазваляе беларусам мець лёгкі доступ да медыцынскіх спецыялістаў, але неканкурэнтаздольныя заробкі пагаршаюць кадравую праблему, — заўважае Львоўскі. — Адток кадраў з Беларусі ўжо прасочваецца ў статыстыцы суседніх краін. Напрыклад, у Польшчы толькі ў 2022 годзе было выдадзена каля тысячы дазволаў на працу для лекараў з Беларусі».

У чым праблемы беларускай медыцыны?

Праблему з заробкамі прызнаюць і ўлады. Міністр аховы здароўя Аляксандр Хаджаеў днямі раскрытыкаваў медустановы: «Павольна ідзе працэс па налічэнні зарплаты ўрачам і медсёстрам, складанасці з разлікамі. Неабходна ўстанавіць надбаўкі медработнікам не менш за 30% акладу». Грошы, паводле задумы Міністэрства аховы здароўя, трэба ўзяць з бюджэту і пазабюджэтных сродкаў, а таксама за кошт аптымізацыі штата супрацоўнікаў.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, у Беларусі на 10 тысяч насельніцтва прыпадае 52,2 лекара і 135,4 медсясцёр. Даныя перавышаюць сярэднія паказчыкі па Еўропе, дзе, паводле справаздачы СААЗ, на 10 тысяч чалавек прыпадае 37 лекараў, а сярэдняга медыцынскага персаналу — 105,7.

Зрэшты незалежныя аналітыкі падвяргаюць сумневу падлікі Міністэрства аховы здароўя. «Калі абапірацца на афіцыйныя нарматывы, а менавіта на максімальную працягласць змены медработніка не больш за 24 гадзіны і час адпачынку паміж зменамі больш за 12 гадзін, сістэма абрынецца», — адзначае Львоўскі. Паводле ацэнак «BEROC», фактычная забяспечанасць лекарамі ў Беларусі — ад 26 да 40 лекараў на 10 тысяч насельніцтва.


Глядзіце таксама

Сярэдні ўзрост лекара ў Беларусі — 43 гады, у 74% выпадкаў гэта жанчына, у палове выпадкаў — тэрапеўт або хірург.  Больш за палову лекараў маюць першую або вышэйшую катэгорыю.

Акрамя нізкай зарплаты, праблема з кадрамі пагаршаецца грэблівым стаўленнем дзяржавы да медработнікаў і палітычным пераследам, што прывяло да звальнення і вымушанай эміграцыі спецыялістаў, адзначае Львоўскі. Паводле інфармацыі праваабарончага цэнтра «Вясна», з 2020 года былі асуджаныя мінімум 35 лекараў, 16 дагэтуль знаходзяцца ў зняволенні.

Паводле прагнозаў «BEROC», разрыў у аплаце працы медыкаў у Беларусі і суседніх еўрапейскіх краінах будзе толькі расці, а разам з ім — і адток спецыялістаў. Цяпер у дзяржаўнай базе вакансій — каля 5 тысяч прапаноў для ўрачоў.