Колькі і якіх лекараў не хапае ў сталіцы Беларусі?

«У Менску ўкамплектаванасьць (па фізычных асобах) лекарамі складае 79%, каэфіцыент сумяшчальніцтва — 1,17» — адзначыў старшыня камітэту па ахове здароўя Менгарвыканкаму.

belarus_minsk_horad_medycyna_hutkaja_dapamoha_2023_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__2__logo.jpg.webp

Ва ўстановах аховы здароўя Менску вакантныя пасады 2300 спэцыялістаў зь сярэдняй мэдыцынскай адукацыяй і 1 300 — з вышэйшай, распавёў у этэры на «Радио-Минск» старшыня камітэту па ахове здароўя Менгарвыканкаму Ігар Юркевіч, піша «Минск-Новости».

Радыё Свабода заўважыла, што, павдле словаў супрацоўніка лукашэнкаўскай структуры, «У Менску ўкамплектаванасьць (па фізычных асобах) лекарамі складае 79%, каэфіцыент сумяшчальніцтва — 1,17, — адзначыў Ігар Юркевіч. — Работнікамі зь сярэдняй мэдыцынскай адукацыяй арганізацыі аховы здароўя ўкамплектаваныя на 74,6%, каэфіцыент сумяшчальніцтва — 1,27».

Паводле яго, сталічным мэдустановам не хапае спэцыялістаў рознага профілю: напрыклад, лекараў агульнай практыкі, лябараторнай дыягностыкі, рэнтгенолягаў, пэдыятраў, дзіцячых отарыналярынголягаў і траўматолягаў.

Ён адзначыў, што ў кожнай установе сытуацыя з кадрамі адрозьніваецца, але ў цэлым больш за ўсіх патрэбныя пэдыятры і лекары агульнай практыкі. Што да пэдыятрыі, тут запатрабаваныя вузкія спэцыялісты.

У Беларусі ад пачатку прэзыдэнцкай перадвыбарнай кампаніі 2020 году ў крымінальных палітычных справах асудзілі сама меней 35 мэдыкаў.

Паводле зьвестак «Вясны», дзясяткі мэдыкаў прайшлі праз затрыманьні, суды і адміністрацыйныя арышты ў «нечалавечых умовах» у беларускіх СІЗА. Шмат каго зь іх затрымлівалі проста на працоўных месцах і судзілі за «дробнае хуліганства», «непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі», «несанкцыянаванае пікетаваньне» ці за рэпосты «экстрэмісцкіх» матэрыялаў незалежных СМІ.

У выніку шматлікіх лекараў звальняюць за іх палітычныя перакананьні, а зь некаторымі проста не падаўжаюць кантрактаў. З гэтай прычыны ў Беларусі назіраецца недахоп мэдычных спэцыялістаў.

У канцы студзеня 2024 году Лукашэнка зьняў Піневіча з пасады міністра аховы здароўя Беларусі і прызначыў новым міністрам экс-кіраўніка РНПЦ у Навінках Аляксандра Хаджаева. Пры Піневічы сыстэма аховы здароўя пачала функцыянаваць у атмасфэры санкцый Захаду, што прывяло да пэўных праблемаў з пастаўкамі замежных лекаў і мэдыцынскага абсталяваньня.

2 лютага ў Беларусі прынялі закон, згодна зь якім тэрмін адпрацоўкі пасьля ардынатуры для мэдыкаў-бюджэтнікаў павялічылі з 2 да 5 гадоў.