САЗ ухваліла шостую вакцыну ад COVID-19. І гэта зноў не «Спутнік V»
Sinopharm стала шостай ухваленай вакцынай ад каронавірусу, які выклікае COVID-19.
Сусветная арганізацыя здароўя ўхваліла кітайскую вакцыну Sinopharm для выкарыстання ў надзвычайных сітуацыях.
Гэта першая ўхваленая САЗ вакцына, якую распрацавалі не ў Еўропе ці ЗША. Яна адрозніваецца паводле сваёй схемы дзеяння ад раней ухваленых вакцын. Гэта інактываваная прышчэпка, яна дастаўляе ў арганізм вырашчаныя ў лабараторыі фрагменты «забітага» каронавірусу.
Паводле распрацоўніка, эфектыўнасць вакцыны – 79%. Аднак у навуковай супольнасці Еўропы і ЗША былі пытанні да празрыстасці выпрабаванняў. Гэта не зашкодзіла ўхваліць яе выкарыстанне ў 80 краінах свету, у тым ліку ва Украіне і Грузіі.
Кітай плануе прышчапіць 40 адсоткаў свайго насельніцтва да канца чэрвеня. Але цяпер у краіне нестае вакцын, піша The New York Times. Улады пастаўляюць іх іншым краінам, каб узмацніць свае сувязі ў свеце.
Раней САЗ ухваліла вакцыны:
- Pfizer/BioNTech,
- Astrazeneca-SK Bio,
- Serum Institute of India
- Janssen
- Moderna
Расійская вакцына «Спутнік V», якой прышчапляюць у Беларусі, пакуль не атрымала ўхвалення САЗ.
Радыё Свабода