Шлях як шлях
Сёлетні «Чарнобыльскі шлях» быў на дзіва нешматлюдным. Здавалася б, і надвор’е спрыяла — дзень быў сонечным, і арганізатары мерапрыемства зрабілі ўсё, каб нават намёкаў на эксцэсы не было. І з Мінгарвывканкамаўскім маршрутам і часам збору пагадзіліся. Але людзей ўсё роўна было нават менш, чым на Дне Волі.
Можа быць, канешне, Мінгарвыканкам згуляў сваю ролю, прызначыўшы шэсце на вечар суботы, і людзі падумалі: чым марнаваць такі цудоўны дзень, чакаючы вечаровай акцыі, лепшш з’ехаць куды-небудзь на прыроду. А можа быць, нашым суграмадзянам ужо проста не хапае драйву — хадзіць па адных і тых жа вуліцах у адной і той жа кампаніі пад аднымі і тымі ж лозунгамі проста надакучыла. На Дзень Волі прыдумалі новую фішку — салідарнасць з Украінай, вось людзей і паболела.
Тым не менш, нельга адзначыць, што гэты «Шлях» атрымаўся як жалобнае шэсце. І нават атрымалася выказаць нейкі пратэст, прынамсі, будаўніцтву АЭС у Беларусі. Можа быць, менавіта дзякуючы таму, што арганізацыяй мерапрыемства сёлета збольшага займаліся не палітычныя партыі, а экалагічныя арганізацыі.
Шмат было самаробных плакатаў з рознымі лозунгамі. Было багата рознага колеру расцяжак. Прычым, прысутнічалі не толькі лозунгі аб спыненні будаўніцтва атамнаяй станцыі…
…але і сацыяльныя, кшталту вярнуць ільнготы ліквідатарам.
Тое, як людзі крэатывілі пад час падрыхтоўкі, адразу было заўважна. Шэсце аздобілі балёнікамі са знакам радыяцыі, а сярод дэманстрантаў назіраліся «Чарнобыльскія мутанты».
Палітыкі, дарэчы, таксама ўгодкі Чарнобыльскай катастрофы ўвагай не абмінулі. Канешне, арганізатарам ад БНФ і БХД ад мітынгу ў любым разе ўхіліцца не ўдалося б. Але іх падтрымалі і іншыя палітыкі. Сярод дэманстрантаў быў заўважаны не толькі лідэр «Гавары праўду!» Уладзімір Някляеў...
...але і, што дзіўна, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. Некалькі дзён назад, пасля «прэвентыўнай пасадкі» «асабліва буйных» маладзёнаў з апазіцыі (кшталту Зміцера Дашкевіча, Іллі Дабратвора і іншых) Лябедзька ў сваім акаўнце ў Фэйсбуку напісаў, што «сыходзіць на паўлегальнае становішча» і прасіў яго па дробязях не турбаваць. Аднак «Шлях» для яго, бачна — гэта святое.
Гэтым разам, Усё было па плане. Роўна а палове на пятую шэсце выправілася па маршруце. Яго таксама, як і ў мінулы раз, суправаджалі супрацоўнікі міліцыі. Але нават не зважалі, напрыклад, на «сімволіку, якая не адпавядае тэматыцы акцыі», кшталту партрэта палітзняволенага Яўгена Васьковіча.
Шэсце ішло без асаблівых перашкодаў. Як звычайна, скрыжаванні пераходзілі толькі на ўзялёнае святло, у выніку чаго калона з паўтысячы чалавек расцягвалася, і выглядала значна большай. Так яны і дайшлі да парку Дружбы народаў на плошчы Бангалор.
Вось тут людзі зноў падзяліліся. На тых, хто «пайшоў праз ачапленне» і міліцэйскі дагляд, і хто не пажадаў, «ісці ў загон». І тых, і другіх было прыкладна пароўну. Тыя, хто слухаў выступоўцаў, стаялі на шласных нагах. Тыя ж, хто праз ачапленне не пайшоў, рабілі, што заўгодна. Некатрыя спрачаліся адзін з адным, некаторыя распавядалі байкі, некаторыя адпачывалі на лаўках, а некаторыя і проста вырашылі расслабіца на траўцы. Слухаць палымяныя прамовы арганізатараў ім было нецкава — яны і так іх не раз чулі.
Былы дэпутат Вярхоўнага Савета Павел Знавец у нечым пераконвае былога дэпутата Вярхоўнага Савета Валера Шчукіна
Мітынг пачаўся са спазненнем на паўгадзіны, бо арганізатары ніяк не маглі вырашыць: заганяць людзей за ачапленне, ці пакінуць іх у спакоі. Былі спробы загітаваць людзей далучыцца да мерапрыемства, але нейкія не асабліва актыўныя. А вось закончыўся ён таксама цюцелька ў цюцельку па дазволеным часе — у 18.30.
І, падаецца, арганізатары адразу забыліся, дзеля чаго яны ладзілі гэтае мерапрыемства, і чаму ўвогуле прысвечаны «Шлях». Нягледзячы на тое, што заклік ушанаваць памяць пацярпелых прагучаў-такі з трыбуны, пра ахвяраў Чарнобылю ўзгадалі толькі сябры аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя». Толькі яны выправіліся ставіць свечкі і ўскладаць кветкі да помнага камяня ля Чарнобыльскай капліцы на вуліцы Карастаянава.
Дзе, памаліўшыся, ўшанаваўшы ахвяраў, і паслухаўшы колькі словаў ад Віталя Рымашэўскага, разышліся.