Сяргей Нікалюк: Не варта чакаць хуткага эфекту ад санкцый
«Яшчэ шмат гадоў таму Лукашэнка заявіў, што сваю дзяржаву за цывілізаваным светам не павядзе. І ў гэтым сваім абяцанні ён вельмі паслядоўны». Так каментуе «Радыё Рацыя» забарону самалётам «Белавія» лётаць у краіны Еўрасаюза беларускі палітолаг Сяргей Нікалюк.
— Таму тое, што мы сёння маем (што праўда, да ваеннай канфрантацыі яшчэ не дайшло, але ўсё да гэтага паціху ідзе), і тое, што беларускія самалёты больш не пускаюць у Еўропу — гэта натуральны працэс. Канешне, вялізнай колькасці грамадзян гэта адгукнецца бытавымі і не толькі бытавымі непрыемнасцямі. Але з гэтым даводзіцца мірыцца. Такі наш палітычны рэжым, які, дарэчы, не ў паветры вісіць, ён у пэўнай ступені на нас і абапіраецца.
Палітолаг прыгадвае, што рыхтуюцца новыя палітычныя і эканамічныя санкцыі ў дачыненні да рэжыму ў Беларусі. Пакуль няма канкрэтных дакументаў, але калі гэтыя санкцыі закрануць нафтапрадукты або калійную прамысловасць, то гэта можа «забалець» беларусам яшчэ больш, чым забарона на палёты самалётаў, — кажа Сяргей Нікалюк.
Але заходнія санкцыі не прывядуць да хуткіх вынікаў, гэта справа больш доўгатэрміновай перспектывы — працягвае беларускі палітолаг. Ён прыводзіць у прыклад санкцыі ЗША, якія ў свой час прымусілі Іран адмовіцца ад сваёй ядзернай праграмы:
— Эфект ад санкцый ужо нейкі ёсць, але не варта чакаць хуткага эфекту, маўляў, Захад абвясціў санкцыі — і пачне тэрмінова наша ўлада змяняцца. Але можна паглядзець на нядаўнюю гісторыю, калі санкцыямі амерыканцы прымусілі Іран змяніць сваё рашэнне па ядзерных праграмах, можна знайсці і іншыя прыклады. Яны ёсць, але не трэба чакаць вынікаў ад гэтага ў бліжэйшай перспектыве.
Пры гэтым палітолаг
прыгадвае, што беларуская палітычная і эканамічная мадэль у значнай ступені
абапіраецца на Расію, а таму ўплыў заходніх санкцый можа быць абмежаваны. Захад
можа дапамагчы, але надалей усё залежыць ад саміх беларусаў.