Сёння Ашмянскі раённы суд разгледзіць альбом Прэс-фота Беларусі — 2011 на прадмет экстрэмізму
Пасяджэнне пройдзе ў закрытым рэжыме. Разгляд справы ініцыявала ўпраўленне КДБ па Гродзенскай вобласці. 41 асобнік альбома "Прэс-фота Беларусі — 2011" быў канфіскаваны ў фатографаў Юліі Дарашкевіч і Аляксандра Васюковіча 2 лістапада 2012 года на прыгранічным пераходзе "Каменны Лог" (мяжа з Літвой).
Пазней Ашмянскае аддзяленне мытні праінфармавала Васюковіча, што гэтая друкаваная прадукцыя "на аснове вынікаў правядзення мытнай экспертызы прызнаецца незаконнай (не адпавядае Дзяржстандарту РБ СТБ 7.4-2009 "Выданні. Выхадныя звесткі") і падлягае знішчэнню". А 19 студзеня стала вядома, што альбомы перададзеныя ў КДБ.
У якасці "зацікаўленых асоб" па справе аб прызнанні альбома "Прэс-фота Беларусі — 2011" экстрэмісцкім праходзяць фатографы Юлія Дарашкевіч,
Аляксандр Васюковіч і Вадзім Заміроўскі, які разам з Дарашкевіч з'яўляецца арганізатарам конкурсу "Прэс-фота Беларусі". Па выніках гэтага конкурсу выдаюцца
фотаальбомы. Усе трое выкліканыя на сённяшняе пасяджэнне суда.
За некалькі дзён да працэсу Дарашкевіч апублікавала на сваёй старонцы ў Facebook матэрыялы экспертызы, на падставе якіх фотаальбом быў прызнаны экстрэмісцкім.
З даведкі, дадзенай адвакату Дарашкевіч, вынікае, што камісія ў складзе начальніка ўпраўлення ідэалагічнай працы Гродзенскага аблвыканкама Паўла Скробкі і трох выкладчыкаў Гродзенскага дзяржаўнага
ўніверсітэта імя Янкі Купалы — Вадзіма Хілюты, Аксаны Шульгі і Аляксандра Бондара — на працягу 20 дзён праводзіла экспертызу "друкаванага выдання, якое ўтрымлівае тэкставыя
і фатаграфічныя матэрыялы, на прадмет наяўнасці ў іх прыкмет заклікаў да экстрэмісцкай дзейнасці, што прапагандуюць такую дзейнасць".
Эксперты прыйшлі да высновы, што ў гэтым друкаваным выданні "ўтрымліваюцца наўмысна скажоныя, не адпаведныя
сапраўднасці выдумкі аб жыццядзейнасці Рэспублікі Беларусь у палітычнай, эканамічнай, сацыяльнай і іншых сферах, якія зневажаюць нацыянальны гонар і годнасць грамадзян Рэспублікі
Беларусь".
"Акрамя гэтага, падборка матэрыялу ў сукупнасці адлюстроўвае толькі негатыўныя аспекты жыццядзейнасці беларускага народа з уласнымі выдумкамі і высновамі аўтара, што з пункту гледжання
сацыяльных норм, прынятых у грамадстве, і маралі таксама зневажае нацыянальны гонар і годнасць грамадзян Рэспублікі Беларусь, прымяншае аўтарытэт дзяржаўнай улады, падрывае давер да органаў улады з
боку замежных дзяржаў, замежных або міжнародных арганізацый", — лічаць члены камісіі, падкрэсліваючы, што "знявага нацыянальнага гонару і годнасці з'яўляецца адной з
прыкмет экстрэмісцкай дзейнасці".
Напрыклад, фотаздымак з чалавекам, які стаіць на партрэце Аляксандра Лукашэнкі падчас аднаго з апазіцыйных мітынгаў, згодна з ацэнкай, "з'яўляецца зневажальным не толькі для кіраўніка
дзяржавы, але і ўсяго беларускага народа, які сваёй воляй абраў прэзідэнта".
Шырока вядомыя фотаздымкі Сяргея Гудзіліна, якія адлюстроўваюць побыт ваеннаслужачых беларускай арміі, а таксама анатацыі да іх, паводле слоў членаў камісіі, з'яўляюцца "ўласнымі
выдумкамі аўтара тэксту і сведчаць аб распаўсюджванні ім заведама скажонай інфармацыі аб жыццядзейнасці ваеннаслужачых".
Зневажальным экспертная камісія назвала таксама фотаздымак з подпісам "Мужчыны прымяраюць капелюшы на вулічным кірмашы", які, на іх думку, выстаўляе беларускі народ "у
непрыглядным выглядзе — жабраком, бамжаватага выгляду на фоне новых заходніх рэчаў".
Фотарэпарцёр Вадзім Заміроўскі ў каментарыі БелаПАН выказаў надзею, што сітуацыя з прызнаннем фотальбома экстрэмісцкім не будзе даведзена да абсурду.
"У мяне няма ніякіх чаканняў у адносінах да суда. Адзінае, я спадзяюся, што суд праявіць разважнасць і не давядзе гэту сітуацыю да абсурду", — сказаў Заміроўскі. У той жа час ён не выключае, што суд можа перакваліфікаваць фотарэпарцёраў з катэгорыі "зацікаўленых асоб" у вінаватых асоб.
У абарону фатографаў выступілі СМІ, Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ), Беларусі ПЭН-цэнтр, а таксама члены міжнароднага журы гэтага конкурсу ў 2011 годзе.
У прыватнасці, БАЖ заклікала начальніка ўпраўлення КДБ па Гродзенскай вобласці Івана Каржа адклікаць з суда заяву аб прызнанні экстрэмісцкім фотаальбома "Прэс-фота Беларусі — 2011". "Мы лічым, што сам факт судовага разгляду пытання пра "экстрэмізм" у фотаздымках з'яўляецца абсурдным. Фотаздымкі гэтага альбома не ўтрымліваюць заклікаў да экстрэмісцкай дзейнасці і не прапагандуюць яе. Фотаздымкі не ствараюць, а толькі ілюструюць рэальнасць. Яны па вызначэнні не могуць "утрымліваць свядома скажоных, не адпавядаючых сапраўднасці домыслаў аб жыццядзейнасці Рэспублікі Беларусь", — гаворыцца ў звароце.
У сваю чаргу, фотарэдактар папулярнай інтэрнэт-платформы для вядзення анлайн-дзённікаў LiveJournal, расійскі блогер Рустэм Адагамаў, член журы конкурсу 2011 года заявіў: "Фотажурналістыка
наогул — гэто толькі адлюстраванне таго, што адбываецца ў грамадстве. 2011 год быў для Беларусі вельмі напружаным у сувязі з выбарамі, і няма нічога дзіўнага, што большасць работ,
паказаных на конкурсе, была прысвечана грамадскай актыўнасці падчас выбараў. Я быў вельмі рады такой колькасці выдатных фатографаў у Беларусі і ўзроўню выстаўленых на конкурсе
работ. Ні ў якім выпадку не магу аднесці іх да экстрэмісцкіх, якія нейчым чынам закранаюць дзеючы ў Беларусі рэжым. Усё гэта — толькі адлюстраванне паўсядзённага жыцця ў вашай
краіне".
БелаПАН