Жанна Літвіна: “Працягваць конкурс “Прэс-фота” — справа гонару журналісцкай супольнасці”
17 красавіка аб 11-й гадзіне ў судзе Ашмянскага раёна Гродзенскай вобласці (г. Ашмяны, вул. Савецкая, 39) мае пачацца разгляд заявы УКДБ па Гродзенскай вобласці “Аб прызнанні інфармацыйнай прадукцыі экстрэмісцкімі матэрыяламі”.
![jana_litvina3.jpg jana_litvina3.jpg](/img/v1/news/full/jana_litvina3.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Позвы ў суд у якасці “зацікаўленых асобаў” атрымалі фатографы Юлія Дарашкевіч, Вадзім Заміроўскі і Аляксандр Васюковіч. Менавіта ў іх 12 лістапада 2012 года супрацоўнікі памежнага пераходу "Каменны лог" забралі 41 асобнік фотаальбома "BELARUS PRESS PHOTO-2011", які журналісты перавозілі на прыватным аўтамабілі з Літвы.
“Чым скончыцца гэты судовы разгляд, сказаць вельмі цяжка. Мы прыкладаем усе высілкі. І глыбока спадзяемся, што сітуацыя не будзе даведзеная да абсурду, — зазначыла напярэдадні працэсу старшыня ГА “БАЖ” Жанна Літвіна. — Я перакананая, што конкурс “Прэс-фота Беларусі” будзе працягвацца, будуць выходзіць новыя альбомы з фотаздымкамі пераможцаў, бо гэта справа гонару беларускай журналісцкай супольнасці”.