Суддзя Грабоўская засталася беспакаранай

«У ходзе праведзенай праверкі фактаў грубых і непаважлівых адносін да ўдзельнікаў працэсу з боку суддзі суду Кастрычніцкага раёну г. Віцебску Грабоўскай І. В. ня выяўлена, падстаў для прыцягнення яе да дысцыплінарнай адказнасці ня ўгледжваю», — гэтак першы намесьнік начальніка галоўнага ўпраўлення юстыцыі Віцебскага аблвыканкаму Ігар Каржоў адказаў на заяву кіраўніка віцебскай абласной арганізацыі партыі БНФ Леанід Аўтухоў.



vicebsk_grabouskaja.jpg

Суддзя І. В. Грабоўская

Леанід Аўтухоў прасіў галоўнае ўпраўленне юстыцыі ўзбудзіць дысцыплінарную вытворчасць у дачыненні суддзі Іны Грабоўскай, якая 25 сакавіка вынесла пастанову аб пакаранні яго і ягонага аднапартыйца Кастуся Смолікава адміністрацыйным арыштам за раздачу газеты і ўлётак у гандлёвым цэнтры. Названая пастанова, на думку палітыка, выносілася з парушэннем дзеючага заканадаўства, суд быў старонным і прадузятым, а суддзя не абараніла яго грамадзянскія і палітычныя правы ды законныя інтарэсы.

Леанід Аўтухоў адзначыў у сваёй заяве, што суддзя падчас працэсу паводзілася груба і непаважліва ў адносінах да прысутных у судзе грамадзян. Партыйны лідэр таксама прывёў шэраг фактаў парушэння ёю заканадаўства: выносячы рашэнне, судзьдзя Грабоўская не ўлічыла той акалічнасці, што ён знаходзіўся пад вартаю больш за 48 гадзін, што супярэчыць частцы 2 артыкулу 11.2 працэсуальна-выканаўчага кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях; апроч таго, яму было дадзена не дастаткова часу на пошук адваката і падрыхтоўку сваёй абароны.

Таму, мяркуе сябра партыі БНФ, рашэнне, прынятае ў дачыненні да яго судом, з'яўляецца несправядлівым і не грунтуецца на законе, а суддзю Грабоўскую трэба было б пакараць. Аднак у галоўным упраўленні юстыцыі аблвыканкаму не прыслухаліся да аргументаў палітыка і адмовіліся задаволіць просьбу, выкладзеную ў ягонай заяве.

"Віцебская Вясна"