Сёння Байдэн правядзе Саміт за дэмакратыю. Сярод запрошаных — Ціханоўская
Сёння пачнецца Саміт за дэмакратыю, арганізаваны ЗША. Яго правядзе прэзідэнт краіны Джозэф Байдэн у онлайн-фармаце. На саміт запрасілі прадстаўнікоў 110 дзяржаў, піша «Свабода».
З краін былога СССР на саміце будуць лідары дзяржаў Балтыі,
а таксама Украіны, Малдовы, Грузіі і Арменіі. Ад Беларусі запрасілі Святлану
Ціханоўскую. Няма Расіі, Кітаю і Турэччыны. Прэс-сакратар прэзідэнта РФ
Дзмітрый Пяскоў раскрытыкаваў ідэю Саміту, назваўшы яго «спробай правесці
новыя раздзяляльныя лініі».
На Саміце плануецца ўзняць пытанні барацьбы з карупцыяй,
павышэння ўстойлівасці дэмакратыі, абароны правоў чалавека і абароны ад
аўтарытарызму. Мэта Саміту — «сфармуляваць пазітыўны парадак дня дэмакратычнага
абнаўлення».
Двухдзённы Саміт праводзіцца ў рамках выканання
перадвыбарнага абяцання Байдэна ўмацоўваць дэмакратыю ва ўсім свеце на тле
ўздыму аўтакратычных урадаў.
Святлана Ціханоўская выступіць 10 снежня на тэму
ўмацавання дэмакратыі і абароны ад аўтарытарызму.
Сярод удзельнікаў дыскусій таксама старшыня Еўракамісіі,
прэзідэнты і кіраўнікі ўрадаў шэрагу краін, кіраўнікі кампаній, грамадзкіх
арганізацый, дыпламаты.
Паводле адміністрацыі Белага дома, сусветным лідарам будзе
прапанавана абвясціць аб «канкрэтных мерах і абавязаннях ў правядзенні
значных унутраных рэформаў» у адпаведнасці з дэмакратычнымі мэтамі.
Незадоўга да Саміту ўплывовы вашынгтонскі аналітычны цэнтр Атлантычная рада (The Atlantic Council) апублікаваў разважанні і рэкамендацыі сваіх экспертаў аб тым, як зрабіць мерапрыемства паспяховым. Аўтары артыкулу, сярод іншага, зыходзяць з таго, што Вашынгтон на Саміце сфакусуе ўвагу на падтрымцы «вольных і незалежных СМІ, гарантыях свабодных дэмакратычных выбараў», а таксама падтрымцы актывістаў. Гаворачы пра абавязанні, якія могуць быць узятыя ў плане ўмацавання дэмакратыі, яны адзначаюць, што такімі можа стаць прыняцце іншымі краінамі сваіх версій дзейнага ў ЗША закону Магніцкага як механізму для санкцый у адказ на парушэнні правоў чалавека.