Скарына будзе ў Вільні
Віленскае беларускае таварыства палітычных вязняў і ссыльных ініцыявала збор подпісаў і 26 верасня звярнулася да мэра Вільні Артураса Зуокаса і пасла Беларусі ў Літве Уладзіміра Дражына з просьбай аб узвядзенні ў Вільні помніка Францыску Скарыну.
«Набліжаюцца 525-я ўгодкі з дня нараджэння беларускага і ўсходнеславянскага першадрукара, мысляра-гуманіста і асветніка, вучонага і пісьменніка эпохі Адраджэння Францыска Скарыны, імя і
жыццядзейнасць якога маюць да нашага горада самае непасрэднае дачыненне, — гаворыцца ў звароце. — Менавіта Скарына, пасля вяртання з Прагі, заснаваў у Вільні ў 1521–1522
гадах, у доме бургамістра Якуба Бабіча, першую на тэрыторыі ВКЛ друкарню».
У звароце адзначаецца, што менавіта Скарына праславіў Вільню, а разам з тым і ўсю тагачасную дзяржаву, першай надрукаванай ім тут у 1522 годзе кнігай. Выданні Скарыны з’яўляюцца ўнікальнымі
помнікамі свецкага і біблейскага пісьменства. Яго кнігі не толькі не саступаюць еўрапейскаму ўзроўню таго часу, але ў многім і пераўзыходзяць яго.
Веліч і сіла духу Францыска Скарыны, яго жыццёвы подзвіг прызнаны ва ўсім свеце. Яго імем названы вуліцы і праспекты, навучальныя ўстановы і бібліятэкі, грамадскія арганізацыі, малая планета № 3283.
У Полацку, Мінску, Лідзе, Калінінградзе і Празе яму стаяць помнікі.
«На наш погляд, — адзначаецца ў звароце, — такой выбітнай асобе эпохі станаўлення духоўнай культуры Новага часу ў Заходняй, Цэнтральнай, Паўночнай і Усходняй Еўропе, у тым
ліку ў ВКЛ, як Францыск Скарына, у Вільні таксама павінен стаяць помнік. Найбольш прыдатным месцам пад помнік Францішку Скарыну нам падаецца скверык у канцы вуліцы Зарэчнай (Uћupio), на стыку з
вуліцай Полацкай (Polocko) — былым Полацкім трактам, якім ён, магчыма, дабіраўся ў свой час з Полацка ў Вільню. …З нашага пункту гледжання, уласна помнік магла б узяць на сябе
Беларусь, а яго ўстаноўку і добраўпарадкаванне прылягаючай да яго тэрыторыі — горад».
Трэба зазначыць, што атрымаць дазвол гарадскіх уладаў Вільні на ўзвядзенне ў горадзе новых помнікаў вельмі не проста. Да прыкладу, адкрыцця помніка Тарасу Шаўчэнку, які разам са сваім панам
знаходзіўся ў 1828–1831 гадах у Вільне, вучыўся ў Віленскім універсітэце (у Яна Рустэма), грамада ўкраінцаў Літвы сумесна з пасольствам Украіны ў Літве дамагаліся блізу 10 гадоў. І толькі 3
верасня гэтага года ўрачыстае адкрыццё адбылося. Помнік паўстаў на алеі паміж вуліцамі Арклю (Коннай) і Вісу Швянтую (Усіх Святых).
Валянцін Стэх