
Распараджэннем главы дзяржавы другі будынак Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь па сталічнай вуліцы імя Міхаіла Фрунзе, 19 перададзены на баланс новаcтворанага Следчага
камітэта Рэспублікі Беларусь, які пачаў дзейнічаць з 1 студзеня 2012 года. Пакуль невядома, ці атрымае Нацыянальны гістарычны музей іншы будынак замест страчанага.
Трэба адзначыць, што гэты мураваны трохпавярховы П-падобны ў плане будынак плошчай прыблізна 7 тысячы квадратных метраў нагадвае палац і з’яўляецца помнікам архітэктуры класіцызму першай
траціны XIX стагоддзя. Спачатку ён выкарыстоўваўся пад вайсковы лазарэт, з пачаткам Першай сусветнай вайны — пад лячэбны корпус Мінскага вайсковага шпіталя, а пасля Другой сусветнай
вайны — пад штаб тылу войскаў Беларускай ваеннай акругі і Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь.
У 2005 годзе будынак быў перададзены Нацыянальнаму гістарычнаму музею, у фондах якога знаходзіцца самая вялікая музейная калекцыя краіны — каля 400 тысяч пісьмовых, выяўленчых і рэчавых
рэліквій. Меркавалася, што рэканструкцыя будынку пад музейныя патрэбы будзе завершана ў 2012 годзе. У новым будынку прадугледжвалася магчымасць шырокага доступу наведвальнікаў да фондаў
установы культуры, планавалася стварыць вялікую рэстаўрацыйную майстэрню, размясціць дзяржаўны каталог музейнага фонду Беларусі, а таксама захоўваць ўсе фондавыя калекцыі НГМ, якія зараз размешчаныя
ў падвалах Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны — у будынку, які хутка пойдзе пад знос у сувязі з будаўніцтвам новай установы культуры каля стэлы "Мінск
— горад-герой" на праспекце Пераможцаў.
Акрамя таго, меркавалася размясціць у будынку па Фрунзе, 19 выставачныя праекты музея дзеля дэманстрацыі яго фондаў (напрыклад, "Нумізматычны кабінет", "Скарбніца" і
"Сакральнае мастацтва Беларусі"), а ў абодвух будынках НГМ — па Карла Маркса,12 і Міхаіла Фрунзе,19 — новую пастаянную экспазіцыю ўстановы
культуры.
Канцэпцыя новай пастаяннай экспазіцыі, у распрацоўцы якой удзельнічалі больш за 30 супрацоўнікаў Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і спецыялістаў ў галіне музейнай справы, была
зацверджана Міністэрствам культуры і НАН Беларусі напрыканцы 2008 года.
Гэта канцэпцыя заснавана на беларускім поглядзе на айчыннае мінулае і ўключае шэсць гістарычных перыядаў: першабытнаабшчынны, сярэднявечча, Беларусь у другой палове XVI — канцы XVIII
стагоддзяў, з канца XVIII да пачатку XX стагоддзяў, з 1917 па 1991 гады і незалежная Рэспубліка Беларусь.
На прэзентацыі канцэпцыі, якая адбылася ў Мінску 3 лютага 2009 года, дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі Аляксандр Каваленя адзначыў, што "ў канцэпцыі адлюстраваны сусветны вопыт і
імкненне пераадолець спрадвечны стэрэатып нашай славянскай непаўнавартасці, паказаць усе эпізоды айчыннага мінулага, данесці да гледача ідэю аб тым, што беларусы валодаюць велізарнай
гісторыка-культурнай спадчынай. “Прычым канцэпцыя грунтуецца на багацейшых фондах Нацыянальнага гістарычнага музея, на вопыце стварэння археалагічнага музея Інстытута гісторыі і
экспазіцыі, прысвечанай 80-годдзю акадэміі", — сказаў Каваленя.
Трэба мець на ўвазе, што апошняя пастаянная экспазіцыя ўстановы культуры, заснаваная на дасягненнях савецкай гістарыяграфіі, была дэмантавана ў музеі ў 1994–1995 гадах.
P.S. У інтэрв’ю карэспандэнту “Новага часу намеснік міністра культуры Тадэвуш Стружэцкі адзначыў, што згодна з даручэннем главы дзяржавы Міністэрства культуры разам з Мінскім гарвыканкамам вядуць у сталіцы пошук новага будынка для Нацыянальнага гістарычнага музея. Стружэцкі выказаў надзею, што гэтая праца будзе паспяхова завершана ў бліжэйшы час дзеля таго, каб перавезці фонды музея і працягнуць працу па падрыхтоўцы новай пастаяннай экспазіцыі НГМ.