«Следчы сказаў: «Я не понимаю, почему вы вообще не уехали?»»

Сяброўку моладзевага грамадскага аб’яднання «Гісторыка» Таццяну Мастыка затрымлівалі ўпершыню ў жыцці — і адразу яна трапіла ў СІЗА КДБ. Яна і яе муж правялі ў «амерыканцы» 10 сутак. Таццяна застаецца падазраванай па абвінавачанні ў тэрарызме. Яна распавяла «Новаму Часу» пра досвед «у кіпцюрах ГПУ» і пра тое, чаму нельга забараніць чалавечае ў чалавеку.

taccjana_mastyka__fota_jany_trusila__novy_czas7_logo.jpg

Затрымалі, калі ішлі на гадавіну стварэння Мінскага гета

Гэта атрымалася вельмі сімвалічна: мяне затрымалі, калі мы з мужам ішлі на мерапрыемства, прысвечанае гадавіне стварэння Мінскага гета, павінна была адбыцца памятная цырымонія ў Мінскім адукацыйным цэнтры, — узгадвае Таццяна.  
Яна прызнаецца, што ўвага з боку КДБ была нечаканай, бо ўся яе дзейнасць была сканцэнтраваная на сацыяльна-культурных і гістарычных праектах.
Я ніколі не хавала сваіх палітычных поглядаў, але не была надта ангажаваным у палітыку чалавекам, — тлумачыць суразмоўца.
З іншага боку, бачачы, што адбываецца з грамадскім сектарам, мець ілюзіі наконт таго, што «Гісторыку» цунамі рэпрэсій абміне, было б дзіўна. Калісьці Таццяна ўзначальвала гэтае моладзевае грамадскае аб’яднанне, а яе муж Андрэй Мастыка, якога затрымалі ў той жа дзень, і па сёння з’яўляецца намеснікам старшыні.
Таццяна ішла на мерапрыемства разам з мужам, але на падыходзе да Цэнтра да іх падышлі двое і паказалі пасведчанні супрацоўнікаў КДБ. Дзяўчыну забралі адразу (прычым затрыманне адмаўлялі, настойвалі на «гутарцы»), а Андрэя чамусьці адпусцілі.
— Мяне пасадзілі ў машыну, дзе заблакавалі дзверы, і агучылі, што зараз мы паедзем на ператрус. Я сказала, што ў мяне няма ключоў — яны былі ў Андрэя. Мне сказалі ўзяць ключы ў мужа, іначай выклічуць групу і будуць ламаць дзверы. Я сказала «Добра», і машына на Дзяржынскага (я жыву ў Малінаўцы) развярнулася ў бок цэнтра. Так я зразумела, што на ператрус не патраплю, і аддзьмувацца за нас дваіх будзе муж.

Чатыры гадзіны справабалі «паразмаўляць»

Таццяну павезлі ў КДБ, але цягам чатырох гадзін адмаўлялі, што яна затрыманая. Па яе словах, сілавікі паводзілі сябе досыць карэктна, чым вельмі ганарыліся: «Ну мы же вас сюда не с мешком на голове привезли».
— Момант і першы дзень затрымання быў самым цяжкім: трэба было прыняць, што ты ўжо нікуды не спяшаешся, планаў на вечар ужо няма. Пракручваеш у галаве, што з мужам, коткай, мамай, разумееш, што нічога не зможаш з імі зрабіць, і невядома, колькі — дзень ці некалькі гадоў. Добра, што муж паспеў паведаміць пра затрыманне — розгалас заўжды дапамагае.
У кабінеце з Таццянай увесь час спрабавалі «паразмаўляць». Спачатку ад разгубленасці яна не разумела сэнсу пытанняў, потым вырашыла, што не будзе нічога казаць прынцыпова. Запытваліся хоць пра што: ад палітычных поглядаў да адукацыі, спрабавалі даведацца пра кантакты і пра тое, ці перадавала яна грошы «асобам пратэснай накіраванасці». Былі класічныя «добры і злы паліцэйскі». А потым ёй паказалі вынікі ператрусу ў яе дома.
— На тэлефоне мне паказалі фотаздымкі маіх грошай на маёй канапе. Там было тры з паловай тысячы еўра, якія яны, канешне ж, забралі. Адзінае, што я патлумачыла — што гэта за грошы, хоць сума і не такая буйная. Не так даўно мой дзядуля атрымаў спадчыну і падарыў мне долю кватэры, якую я прадала. Гэта былі грошы за тую кватэру, я іх укладала ў рамонт дзядулевай кватэры, у якой ён жыве.
Ужо ў сем гадзін вечара (яе затрымалі амаль а 15-й) Таццяне далі падпісаць паперы аб затрыманні. Яна моцна здзівілася, калі ўбачыла артыкул, па якім яна праходзіць падазраванай: акт тэрарызму (арт.289 Крымінальнага кодэкса). Па яе словах, справа абсалютна прыцягнутая за вушы, і ніякага дачынення да таго, у чым яе абвінавачваюць, яна не мае і блізка.
— Гэта быў момант, калі я абсалютна не спужалася. Спачатку было шчырае здзіўленне: дзе я, а дзе тэрарызм? Другой рэакцыяй было абурэнне, бо гэта відавочны момант запужвання. Мне было зразумела, што абвінавачанне не мае да мяне дачынення, і яны таксама гэта ведаюць.
Таццяна зазначае яшчэ адзін момант: сярод спробаў яе разгаварыць супрацоўнік спытаў — можа, яна адмаўляецца размаўляць, бо яны звяртаюцца да яе па-руску? Сказаўшы гэта, ён перайшоў на добрую беларускую мову. Таксама гучалі і фразы кшталту: «Пагаварылі б з намі — і пайшлі дахаты, а раз супраціўляецеся — для пачатку будуць 10 сутак».

taccjana_mastyka__fota_jany_trusila__novy_czas4_logo.jpg

Унітаз у камеры — шчасце

Першую ноч у СІЗА КДБ Таццяна правяла ў адзіноце і, падазрае, у карцары — «гэта было дзіўнае памяшканне без усяго».
— Там амаль няма жаночага персаналу, і, паколькі я прыйшла ўжо ўвечары, пасля сёмай гадзіны, не было каму здзейсніць асабісты дагляд. Без гэтага мяне не маглі перавесці ў камеру.
Туды яна трапіла толькі на наступны дзень — пасля дагляду і агляду ў доктара. Яму Таццяна шчыра ўдзячная, бо гэта аказаўся чалавек, які бездакорна выконвае свае абавязкі. Ён даў супакаяльныя кроплі, патлумачыў, калі да яго можна звяртацца, якія прэпараты ёсць у СІЗА і як напісаць заяву, каб неабходныя лекі прынялі ў перадачы.
Толькі ў камеры арганізм трохі расслабіўся і Таццяна расплакалася — да гэтага не магла. Яна была пятай у памяшканні на чатыры чалавекі. Ёй далі драўляны шчыт, на якім яна спала на падлозе побач з унітазам. Дарэчы, гаворыць Таццяна, пашчасціла, што ў камеры ён быў — бо ёсць камеры і без яго. Агулам рамонту ў «амерыканцы», па ўражанні Таццяны, «не было з часоў Цанавы, а Еўразвяз гранта на рэканструкцыю аб’екта хіба не вылучаў». Паветра не хапала, хаця на прагулкі дзяўчат выводзілі.  
Па словах Таццяны, хоць вонкава яна старалася захоўваць спакой, арганізм усё ж адрэагаваў на стрэс. Напрыклад, калі дзяўчаты ў камеры практыкавалі ёгу, яна зразумела, што не можа дыхаць жыватом, хоць раней з гэтым праблем не было. Стрэс адбіўся і на ўвазе: дзяўчына не магла чытаць, бо змест і сэнс напісанага да яе не даходзіў. Трымацца Таццяне дапамагала малітва і любоў да мужа.

taccjana_mastyka__fota_jany_trusila__novy_czas3_logo.jpg

«Яны не разумеюць, што людзі выходзілі не за палітыку»

На наступныя дзевяць дзён пра Таццяну забыліся — толькі аднойчы з ёй яшчэ раз паспрабавалі «паразмаўляць». Ёй не перадалі перадачы і лісты ад блізкіх. Таксама да яе не дапускалі адваката, хоць ён намагаўся сустрэцца, допыт з ім адбыўся толькі на дзявяты дзень.
— Адвакат надзвычай важны проста фактам сваёй прысутнасці. Ты 10 дзён знаходзішся ў ізаляцыі, і раптам побач з табой сядзіць той, хто за цябе. Гэта насамрэч вельмі вялікая падтрымка. Ну і юрыдычная, вядома, хоць у цяперашніх варунках гэта і другасна.
Таццяна ўзгадвае, што яшчэ ў першы дзень у яе адбыўся цікавы дыялог са следчым. Былі пытанні пра вучобу і паездкі за мяжу, а перад тым, як даць на подпіс пратакол затрымання, ён спытаў: «Я не понимаю, почему вы вообще не уехали?».
— Гэта было вельмі абуральна, бо мне незразумела, чаму я павінна з’язджаць са сваёй краіны і чаму гэты чалавек, які перада мной сядзіць, можа пра гэта разважаць. Я спытала ў яго, чаму не з’ехаў ён. Ён адказаў, што патрыёт, любіць нашу радзіму і наш сцяг. Я сказала, што таксама патрыёт, люблю нашу радзіму і наш сцяг. Падазраю, што сцягі ў нас розныя. Але гэта вельмі наглядна дэманструе, што ў людзей у галовах. Яны насамрэч лічаць, што можна ўзяць і палову, а то і 70 адсоткаў краіны выгнаць, бо мы з імі не сыходзімся ў палітычных (хаця не толькі ў палітычных, а ў светапоглядных) рэчах. І мы гэта цяпер бачым у рэчаіснасці — як людзей выціскаюць за мяжу і радуюцца. І я ў гэты момант зразумела, што цяпер нікуды не з'еду.

taccjana_mastyka__fota_jany_trusila__novy_czas5_logo.jpg


Хоць, прызнаецца Таццяна, думкі пра ад’езд у яе ўзнікалі і раней — і ў 2020 годзе, і ў 2015. Але ў Беларусі шмат што трымае. Адна справа — паехаць на стажыроўку, а іншая — усё пакінуць, і з’ехаць «толькі таму, што нехта лічыць, што ён — патрыёт, а я — не».
Па словах Таццяны, людзі гэтай сістэмы шчыра ўпэўненыя, што рэвалюцыя робіцца за грошы, і ўсім кіруюць з-за мяжы лялькаводы.
— У 1980-х гадах застылі не толькі парады Перамогі. Уяўленні іх (сілавікоў. — НЧ) пра працэсы ў грамадстве таксама застылі недзе ў тым жа часе. Гэта — і пра метады працы, і пра акцэнтаванне, што ўмовы ў СІЗА КДБ лепшыя, чым у іншых ізалятарах. Але ці можна ў 2021 годзе папраўдзе радавацца, што ты спіш на падлозе, маеш унітаз і ходзіш у душ раз на тыдзень? І як можна станоўча ацэньваць «карэктнасць» супрацоўнікаў КДБ, калі яны скралі ў цябе 10 дзён жыцця, каб проста «пагаварыць»? Уяўленні аб патрыятызме і аб тым, што ўсімі, хто выязджае за мяжу, кіруюць заходнія выведкі, настолькі не адпавядаюць цяперашняму адкрытаму свету, гэта ўсё з пазамінулага пакалення. Таму яны не разумеюць і не хочуць заўважаць, што людзі выходзілі на плошчу не за палітыку. У іх проста накіпела ўнутры.

taccjana_mastyka__fota_jany_trusila__novy_czas2_logo.jpg

«Будучыню немагчыма перамагчы»

Таццяна раіць у стасунках з сілавікамі кіравацца вядомым правілам «не вер, не бойся, не прасі». І ад сябе дадае: не спяшайся.
— Часам яны кідалі фразы кшталту «кстати, ваш муж тоже задержан» ці «кстати, адвокат у вас уже есть», і гэта было праўдай. Але тое, што яны доўгі час адмаўлялі, што я затрыманая, — праўдай не было. Таму давяраць нельга. Баяцца бессэнсоўна — што здарылася, тое здарылася. Ну і большасць пагрозаў беспадстаўная, таму што ў іх ёсць мэта — запужаць. «Не прасі» — я карысталася з гэтай парады, калі яны хацелі падлавіць і паказаць сваю добразычлівасць. У любым разе знойдуцца іншыя людзі, якія дапамогуць, Бог уладкуе. А наконт «не спяшайся» — з моманту затрымання час запавольваецца, і ты можаш чытаць любы дакумент столькі, колькі табе трэба, нягледзячы на тое, што следчы спяшаецца на абед ці ў яго заканчваецца працоўны дзень. Табе спяшацца няма куды.  
А яшчэ Таццяна раіць не саромецца задаваць дадатковыя пытанні, калі нешта незразумела.
Пасля выхаду Таццяна даведалася, што ў СІЗА КДБ 10 сутак правёў і яе муж. Яго выпусцілі на дзве гадзіны раней. Выявілася, што падчас ператрусу, апроч грошай, забралі ўсю тэхніку, нейкія паперы, але самае крыўднае — на электронных носьбітах мужа забралі ўсе архіўныя матэрыялы, якія ён збіраў 10 гадоў, і фінальную версію дысертацыі Андрэя.
— Забралі і мой камп’ютар, які таксама шкада, бо я вельмі доўга збірала на яго грошы. Гэта быў першы камп’ютар, які мне цалкам падабаўся, — гаворыць Таццяна. — А яшчэ забралі кніжку Ханны Арэндт (філосафкі, вядомай найперш сваім творам «Банальнасць зла») пра гвалт. Я не паспела прачытаць гэтую кніжку. Чалавек, які яе забіраў, не ведаў, хто такая Ханна Арэндт, што вельмі сімптаматычна. Але я спадзяюся, што яны рэальна яе прачытаюць — кніжка не менш сімвалічная, чым дзень нашага затрымання.

taccjana_mastyka__fota_jany_trusila__novy_czas1_logo.jpg


Свае 10 дзён зняволення Таццяна характарызуе як «не страшна, але бессэнсоўна». Дакладней, страх быў і ёсць, але смеласць — гэта не калі ты не баішся, а калі робіш крок насустрач свайму страху.
Хаця на здароўі гэтая сітуацыя адбілася не лепшым чынам, і яшчэ ёсць флэшбэкі ды дурныя сны. З'явіліся цяжкасці і ў бытавым плане, бо забралі розныя паперы і дакументы, дзе былі, напрыклад, спіс лекаў, якія трэба выпісаць маці, і тэлефоны дактароў.
— З іншага боку, унутры я атрымала псіхалагічную цэласнасць. «Міннае поле» — тое не скажы, тут будзь карэктнай, а за гэта можа «прыляцець» — раптам знікла, бо вось, цябе арыштавалі, і ты можаш казаць, што думаеш, альбо зусім нічога не казаць, што я і рабіла. Ты нарэшце становішся сабой. Цяпер я выйшла і цалкам разумею, хто я, што я хачу рабіць і навошта. І гэта Божы цуд, бо такой псіхалагічнай цэласнасці ў мяне не было апошнія гады тры.

taccjana_mastyka__fota_jany_trusila__novy_czas6_logo.jpg


Суразмоўца кажа, што не збіраецца спыняцца падтрымліваць палітвязняў і пацярпелых ад рэпрэсій — бо «нельга забараніць чалавечае ў чалавеку», таму што гэта супярэчыць чалавечай сутнасці.
— Будучыню немагчыма перамагчы, як можна ваяваць з новымі тэхналогіямі і ідэямі, калі яны ўжо ёсць? Немагчыма спыніць час і вярнуцца ў 1980-я асобнай краінай. У людзей ужо іншае мысленне, — перакананая Таццяна Мастыка.
Фота Яны Трусіла