На волю выйшаў раварыст Аляксандр Рыбка. Ён адседзеў 18 содняў замест прысуджаных пятнаццаці
Аматар-раварыст з Салігорскага раёна Аляксандр Рыбка 27 жніўня выйшаў на волю. Ён правёў 18 содняў у Салігорскім ІЧУ нібыта з-за непадпарадкаванне міліцыі пры ператрусу на сваім лецішчы ў Салігорскім раёне.
Нагадаем, што падставай для абвінавачання Аляксандра фактычна стала толькі тое, што ён адчыніў дзверы сілавікам не адразу, а пасля трэцяга груку. Гэта засведчыў у Салігорскім судзе 12 жніўня і сведка міліцыянт. Аляксандра Рыбку ў судзе 12 жніўня прызналі невінаватым, але з будынка суда ён зноў патрапіў у ІЧУ і на наступны дзень ужо іншым суддзёй на выязным пасяджэнні ў будынку Салігорскага РАУС быў пакараны 15 соднямі арышту. За тое ж самае "непадпарадкаванне".
Пры гэтым суддзя ў рашэнні суда прызнала днём фактычнага затрымання толькі 12 жніўня, а не 9 жніўня. Таму Аляксандр быў у зняволенні не 15 прысуджаных содняў, а ўсе 18.
Умовы знаходжання ў Салігорскім ІЧУ, па яго інфармацыі, такія ж, як і ва ўсёй краіне: немагчымасць спаць, бо будзілі два разы на ноч, адсутнасць пасцельнай бялізны і матраца. Калі б не было ў самога дадатковых рэчаў, каб падаслаць, то можна было б добра застудзіцца. Таксама Аляксандр распавёў пра абмежаванні перадач з волі. "Амаль нічога не перадавалі з тых перадач, якія прыносіла маці, а першую перадачу прынеслі толькі на шосты дзень", — кажа былы вязень.