Спявачка Кацярына Ваданосава напісала палітвязням «сярэднявечныя» лісты (фота)
Яркія фарбы, ілюстраваныя буквіцы, адмысловы шрыфт, выведзены пяром — спявачка Кацярына Ваданосава пераўтварыла лісты палітвязням у творы мастацтва.
«Магчыма, яны не дойдуць да адрасатаў (як было прынамсі з 80 адсоткамі адасланых мной лістоў), і вы ўсе думаеце, што я змарнавала дарма час, але, напэўна, мне было патрэбна зрабіць гэтыя лісты менавіта такімі ў першую чаргу для сябе. Каб знайсці крышку спакою. Так, хутчэй за ўсё, іх выкінуць ці парвуць, але маленькая, мізэрная надзея на тое, што мае готыка ды кельтыка змогуць падарыць хоць крышку фарбаў тым, хто не бачыць сонца, траву, кветкі, — яна застаецца. І, слухайце, гэтага хапае, каб адчуць радасць!..» — напісала ў сваіх сацсетках Кацярына Ваданосава.
Паводле яе слоў, «сярэднявечныя» лісты яна напісала за дзень. На пісьмо, маляванне і залачэнне сыходзіць каля трох гадзін.
«Я люблю Сярэднявечча, але я хачу гуляць у яго, а не жыць у ім. А тут атрымліваецца, што мы ў рэальным жыцці назіраем нейкі вычварны мікс-фікс Чорнай смерці (не ў такіх маштабах, як у 14 стагоддзі, але ўсё ж) ды феадальнай вайны (хаця нават у феадальнай вайне быў хаця б Божы мір у вызначаныя дні). Я ніколі не думала, што мы, усе такія высокадухоўныя, высокаадукаваныя, высокамаральныя жыхары 21 стагоддзя дойдзем да таго, што будзем жыць па правілах Сярэднявечча, што турма стане такой блізкай і рэальнай перспектывай для любога чалавека незалежна ад яго ўзросту, полу, іншых якасцей...» — распавяла Кацярына «Новаму Часу».
Спявачка дадала, што працягне пісаць палітвязням і звычайныя лісты.
Фота з фэйсбука Кацярыны Ваданосавай
Кацярына — гісторык, музыка, паэтка і рамесніца. Яна сваімі рукамі стварае ўласны свет прыгажосці: шые строі, займаецца мастацкай вышыўкай, каліграфіяй, робіць прыдметы ўпрыгожвання, майструе нататнікі і нават рэстаўруе мэблю. Пасля звальнення з дзяржаўнага тэлебачання ў 2020 годзе, дзе Кацярына Ваданосава была вядоўцай перадачы «Жывая культура», яна пачала выкладаць гісторыю дзецям у адной з прыватных школ.