Кацярына Ваданосава: Блюз на верш Багдановіча — чаму не?

Ідэалы рыцарства, пераплеценыя з міфалогіяй, эстэтыка мінуўшчыны, блюзавы Багдановіч і рок-н-рольна-панкавы Караткевіч — усё гэта адметнасці новага альбома «Стрэчанне» гурта «Kaciaryna Vadanosava & Fantasy Orchestra». Яго прэзентацыя пройдзе ў Мінску 12 снежня і абяцае шмат сюрпрызаў. «Новы Час» пагутарыў з лідаркай калектыву Кацярынай Ваданосавай пра кружэлку і цікавосткі будучага канцэрту, а таксама пра тое, як знаходзіць баланс паміж музыкай, працай, захапленнямі і сям’ёй.

78152310_430748364504915_4041877783918411776_n.jpg

— Як нараджаўся ваш новы альбом і ў чым яго канцэпцыя?
— Ён нараджаўся вельмі хутка, але потым доўга запісваўся. Бо ніхто з маіх музыкаў, і я ў тым ліку, не разглядае музыку як сродак існавання. Увесь працэс расцягнуўся больш чым на два гады. Гэта цяжка, бо калі ты запісваеш першую песню, думаеш, як крута атрымалася, потым пакрысе даходзіш да шостай, пераслухоўваеш першую і разумееш, што ўсё трэба перапісваць наноў. Але, дзякуй Богу, мы гэта адужалі. Бо для мяне гэта быў груз праз банальны недахоп часу і грошай.
Што да канцэпцыі, то адразу гэты альбом уяўляўся ў маёй галаве даволі халодным, колкім, снежным. Таму што там шмат песень, якія атаясамліваюцца ў мяне з зімовым настроем, марозам, лёдам, цемрай. Але потым атрымалася, што незалежна ад нас альбом сам па сабе падзяліўся на дзве часткі: першая — зімовая, халодная, другая — цёплая. Гэта не залежыць ад мажорнасці ці мінорнасці песень, бо і там, і там ёсць сумныя і вясёлыя кампазіцыі. Але канва пары году — зімы ці вясны — прысутнічае.

78154045_561566191073749_6857340799063949312_n.jpg


— Таму альбом называецца «Стрэчанне»?
— Так. Справа ў тым, што для мяне прыдумаць песню прасцей, чым назву. І гэтакжа з альбомам — назва нарадзілася пазней за ўвесь запіс. Я была ў адной з камандзіровак (падчас здымак тэлеперадачы «Жывая культура». — НЧ), у чарговай сваёй міні-этнаграфічнай экспедыцыі. І думала, якое ж слова можа паяднаць дзве часткі альбому, зіму і вясну, святло і цемру, холад і цяпло, язычніцтва і хрысціянства. Бо альбом пачынаецца з песні «Ведзьма», а заканчваецца кампазіцыяй «Анёл». За гэта мне, дарэчы, «прыляцела» і ад вернікаў, і ад неапаганцаў. І я ўспомніла, што ёсць такое свята — Стрэчанне. У рускай мове — Сретенье — адразу зразумела, з чым яно звязанае: Ісуса прынеслі ў храм, дзе яго ўбачылі старац Сімяон і Ганна-прарочыца. А ў нас, на Беларусі (я не бяру, канешне, уцаркоўленае гарадское насельніцтва, а звычайных нашых вясковых бабуль і дзядуляў), колькі я не распытвала людзей, яны ніводнага разу не сказалі на пра старца Сімяона, ні пра Ганну-прарочыцу, ні нават пра Ісуса!.. Яны казалі, што Стрэчанне — гэта сустрэча зімы з вясной. Адзіная рэлігійная канатацыя, якая прасочвалася, была ў тым, што Ілля-прарок у гэты дзень адмыкае гром, можна пачуць навальніцу, таму трэба ў гэты дзень ісці ў царкву, свінцаць свечкі, і потым гэтыя грамнічныя свечы захоўваць за абразамі, каб маланкі не спалілі хату.

78301230_1527086340773812_1144801405077291008_n.jpg


— Ты акрэсліваеш жанр свайго гурта хутчэй як фэнтазі-рок і кажаш, што ад фольку ў ім амаль нічога не засталося. Але ж нават сама назва новага альбому адсылае да народных традыцый.
— У нас чамусьці словам «фольк» акрэсліваюцца ўсе музычныя напрамкі, у складзе якіх ёсць народныя ці акустычныя інструменты. Але гэта, на мой погляд, лухта! Я магу граць псіхадэл з выкарыстаннем цымбалаў, і гэта не будзе фольк. Музыказнаўцы разумеюць фольк як музыку, якая захоўваецца і потым транслюецца. Але яна ўжо існуе. А нашай музыкі не было да таго часу, пакуль мы яе не прыдумалі. Канешне, у нас ёсць адсылкі да народнай музыкі: мы выкарыстоўваем натуральныя лады, паралельныя квінты. Але я ўвогуле мала гуртоў у нас магу аднесці да чыстага фолька. І мне цяжка акрэсліць плынь нашага гурта, бо я ніколі не замарочвалася адносна таго, што я хачу граць. Атрымліваецца ў мяне напісаць рок-н-рол з элементамі панку на словы Караткевіча — крута! Ці блюз на верш Багдановіча — чаму не? Кожны з маіх музыкаў прыўносіць нешта сваё, і мы спрабуем гэта паяднаць.

77312043_739302766573526_8262553686274736128_n.jpg


— Дзе ты шукаеш натхнення для сваёй музыкі?
— Мне падабаецца гісторыя, літаратура. Я натхняюся мастацтвам у самым шырокім сэнсе. І прыродай. Мне заўжды кажуць, што я вельмі несучасны чалавек, грэбую патрэбамі сучаснага грамадства, модай. Я шчыра спрабавала ў сабе гэта задушыць, але не атрымліваецца. І калі я прыношу песню, а мае музыкі кажуць, што гэта нейкі медываль і перарабляюць яе «пад нармальнага чалавека», я ім вельмі ўдзячная.

78936507_517801498889406_7798039611569078272_n.jpg

— Калі ты бачыш верш, у цябе ў галаве адразу ўзнікае музыка на яго?
— Я першасную ўвагу надаю слову, адштурхоўваюся часцей ад тэксту, чым ад мелодыі. Хаця бывае, што музыка нараджаецца адразу — так было з песняй на верш Алеся Дудара «Асыпае чэрвень белы сад». У мяне спачатку ў галаве была музыка — прычым такая эпічная, з сімфанічным аркестрам, потым яна перацякала ў пратэстанцкага кшталту харал. І калі мне прапанавалі стварыць песню на гэты верш, я спачатку не магла нічога зрабіць, бо ў ім складаная рытміка, а потым узгадала, што ў маіх нататках такая музыка ёсць, і ўсё вельмі хутка і файна паядналася.
— На тваю творчасць моцны адбітак накладае адукацыя гісторыка-рэлігіязнаўцы. Чаму ты абрала такі шлях?
— З ранняга дзяцінства я хацела стаць альбо актрысай, альбо археолагам. Я скончыла школу і пайшла на іспыты ў Акадэмію мастацтваў на тэатральны факультэт. Паспяхова праваліла экзамены і падумала, як пісаў Караткевіч, «страціў не я Афіны, хутчэй, Афіны — мяне». У той час можна было паступаць «у дзве хвалі», то-бок у два ўніверсітэты за адно лета. БДУ, іспыты ў які праходзілі адначасова з іспытамі ў Акадэмію мастацтваў, я правароніла, таму пайшла ў педуніверсітэт. Музпед я адмяла адразу, хаця за плячыма былі 11 гадоў фартэпіяна і я вучылася ў спецыяльным музычна-педагагічным класе. Я пайшла на гістфак. У той час я штонядзелю хадзіла ў царкву, спявала ў царкоўным хоры, таму абрала спецыялізацыю «рэлігіязнаўства». Потым я сумнявалася, ці правільна абрала спецыяльнасць, асабліва калі пайшла ў магістратуру, бо ні грошай, ні працы не было. Але лёс склаўся так, што мне мая адукацыя вельмі спатрэбілася ў працы і творчасці.

78206041_619561995246868_7262538759776763904_n.jpg


— Ты называеш музыку найважнейшым сваім заняткам, і ў той жа час кажаш, што грошы для вас — не галоўнае. А што для вас важна ў творчасці?
— Усе музыкі, якія разглядалі нашую творчасць як спосаб зарабіць, сыйшлі, і засталіся чыстыя энтузіясты. Канешне, мне б хацелася, каб мае паплечнікі хоць нешта зараблялі з нашых канцэртаў. Для сябе я такой магчымасці не разглядаю, ды і не жадаю, бо для мяне музыка — велічэзнае задавальненне. Як бы пафасна гэта ні гучала, я без яе не магу, не магу без выхадаў на сцэну, калі я доўга не выступаю, я фізічна пачынаю хварэць. Для мяне важна не столькі цешыць сваё эга, колькі дзяліцца тым, што я прыдумала. Мне пашанцавала, што мае музыкі таксама перажываюць музыку як акт творчасці.

78381571_2452951104923344_1038124321639235584_n.jpg

— Ты пішаш вершы і размаўляеш у жыцці па-беларуску. Чаму і якім быў твой шлях да мовы?
— Мне вельмі пашанцавала, бо ў маёй сям’і ніколі не ставіліся грэбліва да беларускай мовы. Я амаль не памятаю бацькі, ён памёр вельмі рана. Але я памятаю, што ў нас раз на тыдзень быў дзень беларускай мовы: мы гаварылі па-беларуску, чыталі беларускія казкі. Мне расказвалі пра ўсіх дзеячаў нашай культуры. Да таго ж мой стрыечны дзед, Мікола Ваданосаў, быў беларускім пісьменнікам. І яшчэ я пайшла ў школу напачатку 1990-х, у часы беларусізацыі. Ва ўніверсітэцкія гады я канчаткова перайшла на беларускую мову.

69693847_819244245162004_6528847733032222720_n.jpg


— Як знаходзіш баланс паміж сям’ёй, працай на тэлебачанні, музыкай, шматлікімі захапленнямі (вышыўка, гістарычная рэканструкцыя строяў, кніжны пераплёт…) і ці адчуваеш сябе шчаслівай?
— Я ўсё міксую. Напрыклад, маё захапленне вышыўкай можна спалучаць з камандзіроўкамі, таму што ў нас вялікія пераезды, і ў машыне прыўкрасна атрымліваецца вышываць. Я не магу сказаць, што знаходжу баланс. У адзін момант мне хочацца займацца адной справай, і я буду ахвяраваць іншымі, хаця б на некалькі гадзін. Ёсць рэчы, якімі я не маю права ахвяраваць. У першую чаргу гэта дзеці. Яны амаль заўжды са мной, за выключэннем камандзіровак.
Нядаўна я злавіла сябе на думцы, што магу лічыць сябе шчаслівым чалавекам. Чамусьці некаторыя думаюць, што мне гэта ўсё «ўпала», і я толькі плады збіраю. Але насамрэч усё, што ў мяне ёсць, ніхто мне не дапамагаў атрымаць. Палову жыцця мне было крыўдна, што ў мяне няма ніякіх сувязяў, што мяне ніхто нікуды не ўладкаваў, ні з кім не пазнаёміў. Што ў мяне так рана памёр бацька, які ведаў на той момант усіх музычных дзеячаў Беларусі. Раней было крыўдна, а цяпер я разумею, што гэта вельмі добра, бо калі б мяне прывялі за ручку, я была б мяккацелай. Мне было б значна цяжэй. Ды і сумленне было б не надта чыстым.

78277991_2420371274870106_1360213449698705408_n.jpg


— Усё, што ты робіш, стараешся даводзіць да дасканаласці. Ці не замінае жыць гэтае імкненне да ідэальнага?
— Напэўна, ёсць такая рэч. Я не магу сказаць, што ўсё раблю дасканала. Але калі я нешта раблю, і незадаволеная рэзультатам, мне ад гэтага вельмі блага. Ёсць людзі, якім важны працэс, ёсць тыя, каму важны пачатак. Мне важна заканчэнне і вынік.
— А ці не адчуваеш ты сябе закладніцай вобразаў, якія ствараеш?
— О, так! Гэта біч маёй творчасці. У мяне ёсць пэўны сцэнічны вобраз, які трэба пастаянна падсілкоўваць, і, шчыра кажучы, мне даволі цяжка гэта рабіць. Тыя, хто ведаюць мяне блізка, не ўспрымаюць мяне такой, якая я на сцэне. Тое, што робіцца ў мяне ўнутры, абсалютна не карэлюецца з тым, як я выношу сябе на паказ. Таксама я разумею, што важную ролю тут адыгрывае камерцыяналізацыя майго вобразу. Я разумею, што мае музыкі не атрымаюць ганарараў за песні на тыя вершы, якія я пішу ў стол. Таму мне прыходзіцца выносіць тое, што ў нейкай ступені будзе мець попыт. А тое, што я лічу найбольш каштоўнымі сваімі здабыткамі ў вершаскладанні, нікому не паказваецца.

77207706_2476787072558538_5346690660919410688_n.jpg


— А які з тваіх вобразаў табе найбольш блізкі?
— Я думаю, што кожная жанчына можа адшукаць у сабе любы з гэтых вобразаў. У мяне гэта ў большай ступені залежыць ад абставінаў, чым ад мяне самой. Я магу быць Снежнай Каралевай ці хтанічнай зомбі-русалкай, і пры гэтым заставацца добрай маці і нармальным сябрам. Шкада, што людзі бачаць толькі адзін пэўны бок, але так, напэўна, заўсёды бывае.
— Які твой бок убачаць гледачы на прэзентацыі «Стрэчання» і што ўвогуле ад яе чакаць?
— Мы хочам паказаць плён нашай працы за апошнія тры гады. Гэта будзе канцэрт у двух аддзяленнях. Першае — непасрэдна прэзентацыя альбома і тых дзесяці трэкаў, якія ў яго ўвайшлі. Другое аддзяленне — старыя кампазіцыі, апроч таго будуць прэм’еры песень, якія раней нідзе не гучалі. А яшчэ мы зрабілі мерч: выпусцілі міні-калекцыю цішотак са словамі з песень і малюнкамі — выглядае вельмі густоўна, іх можна будзе набыць на канцэрце. Будзе крута!

79423421_2523074694578933_6701983748839178240_n.jpg

Прэзентацыя альбома «Стрэчанне» адбыдзецца 12 снежня ў мінскім клубе «Бругге» (Партызанскі праспект, 6а) а 20.00 (дзверы а 19.00).
Фотаздымкі прадастаўленыя Кацярынай Ваданосавай