Стала вядома, калі суд разгледзіць апеляцыю па справе аб «нуль праміле»

Пасяджэнне Мінгарсуда па разглядзе апеляцыі прызначана на 20 красавіка.

Арцём Сарокін пасля абвяшчэння прысуду. Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Арцём Сарокін пасля абвяшчэння прысуду. Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

2 сакавіка журналістка TUT.BY Кацярына Барысевіч і лекар БХМП Арцём Сарокін былі прызнаныя вінаватымі ў разгалошванні медыцынскай таямніцы. Суд прызначыў Барысевіч паўгода пазбаўлення волі, Сарокіну — два гады, але з адтэрміноўкай на год; ён выйшаў на волю. Пракуратура палічыла прысуд журналістцы «занадта мяккім» і накіравала ў суд пратэст. Абарона лічыць, што віна Кацярыны не даказаная, і настойвае на апраўданні.
Кацярыну Барысевіч і Арцёма Сарокіна судзілі за разгалошванне медыцынскай таямніцы, якое пацягнула за сабой цяжкія наступствы (ч. 3 арт. 178 КК) — паводле версіі Генпракуратуры, гэта «падвышаная напружанасць у грамадстве, стварэнне атмасферы недаверу да кампетэнтных дзяржаўных органаў, падахвочванне грамадзян да агрэсіі і супрацьпраўных дзеянняў». Гаворка ідзе пра артыкул Барысевіч пра смерць Рамана Бандарэнкі, для якога лекар Сарокін даў каментар пра стан пацыента.
Санкцыя артыкула прадугледжвае толькі адно пакаранне: пазбаўленне волі са штрафам. Тэрмін — ад 6 месяцаў да 3 гадоў. Як бачна з прысуду суда Маскоўскага раёна, Барысевіч далі мінімальнае пакаранне, пры гэтым Сарокін атрымаў адтэрміноўку на год, то-бок выйшаў на волю адразу пасля абвяшчэння прысуду. І калі на працягу года ён не будзе парушаць закон, адбываць пакаранне не давядзецца.
Кацярына Барысевіч, пакуль прысуд не ўступіў у сілу, знаходзіцца ў следчым ізалятары №1 на вуліцы Валадарскага ў Мінску. Пад вартай яна ўжо чатыры месяцы.
Пракуратура горада Мінска падала пратэст на прысуд у дачыненні да Барысевіч «з-за мяккасці прызначанага пакарання». Слуханне справы праходзіла ў закрытым рэжыме, усе ўдзельнікі працэсу папярэджаныя аб крымінальнай адказнасці за разгалошванне даных судовага следства. Але заява пракуратуры дазваляе зрабіць выснову аб тым, што дзяржабвінаваўца запытваў пакаранне журналістцы, вышэйшае за тое, што вызначана ў прысудзе. Што тычыцца пакарання доктару, то гэты момант не аспрэчваецца, і гэта дае падставы меркаваць, што ў дадзенай частцы патрабаванні абвінавачвання былі задаволеныя. Сам Сарокін заявіў, што абскарджваць прысуд не будзе, ён ужо вярнуўся на працу ў бальніцу.
Кацярына Барысевіч ні разу ў жыцці не прыцягвалася да адміністрацыйнай адказнасці, не была судзімая, мае пастаяннае месца жыхарства і працы, на працы характарызуецца станоўча, неаднаразова была адзначана за журналісцкія матэрыялы, у тым ліку праваахоўнымі органамі, у 2020 годзе стала «Журналістам года» (паводле версіі праваабарончай супольнасці). Прад'яўленае ёй абвінавачанне адносіцца да катэгорыі менш цяжкіх злачынстваў.
Апеляцыю па справе «нуль праміле» будуць разглядаць у Мінскім гарадскім судзе за зачыненымі дзвярыма, паколькі суд першай інстанцыі зрабіў працэс закрытым, так што публічна будзе абвешчана толькі рашэнне. Саму Кацярыну Барысевіч могуць і не даставіць на пасяджэнне, рашэнне аб мэтазгоднасці ўдзелу абвінавачанай на апеляцыі прымае суд, часта абвінавачаным у гэтым адмаўляюць.
Такім чынам, апеляцыя прызначаная на 20 красавіка, 14:00. Увесь гэты час лiчыцца, што прысуд не ўступіў у сілу, Кацярына Барысевіч будзе знаходзіцца ў следчым ізалятары, бо мера стрымання, паводле рашэння суда, засталася ранейшай. Тэрмін у СІЗА залічваецца ў тэрмін адбыцця пакарання — дзень за дзень. Кацярына была затрымана 19 лістапада 2020 года.
У выніку разгляду крымінальнай справы ў апеляцыйным парадку суд або пакідае прысуд без змены, а скаргі або пратэст — без задавальнення, або адмяняе прысуд і накіроўвае справу на новы судовы разгляд у суд першай інстанцыі, або адмяняе прысуд і спыняе вытворчасць па крымінальнай справе, або змяняе прысуд.
tut.by