Стала вядома, што напісана ў справаздачы ІКАО аб пасадцы самалёта «Ryanair» у Мінску

Міжнародная арганізацыя грамадзянскай авіяцыі (ІКАО) падрыхтавала справаздачу аб экстранай пасадцы самалёта «Ryanair» у Мінску, на борце якога знаходзіліся Раман Пратасевіч і яго сяброўка Соф'я Сапега.

image_2021_06_23t16_39_42_943z_1.png


Дакумент аказаўся ў распараджэнні «Новай газеты», паведамляе «Наша Ніва». У справаздачы, акрамя тэхнічных падрабязнасцей, паведамляецца пра неадпаведнасць паказанняў беларускіх уладаў у часе атрымання ананімнага ліста. У ім гаварылася пра магчымае мініраванне паветранага судна, што прывяло да экстранай пасадкі борта ў сталіцы Беларусі.

Электронны ліст пра пагрозу выбуху паступіў у аэрапорт Мінска ў 12:56:45 па мясцовым часе (калі самалёт ужо рыхтаваўся да экстранай пасадкі). Аднак Беларусь прадаставіла ў ІКАО скрыншот ліста з іншым часам атрымання — 12:25.

Даследчая група ІКАО асобна адзначае, што Мінск адправіў ёй толькі скрыншот ліста, так што праверыць яго метаданыя было немагчыма.

Зазначаецца, што ўсяго было шэсць лістоў з аднолькавымі пагрозамі — у аэрапорты Вільні, Мінска, Сафіі, Бухарэста, Кіева і Афін.

Але ў апошнія два ананімны e-mail так і не дайшоў. У аэрапорце Вільні ліст знайшлі толькі на наступны дзень — у панядзелак, бо ў выхадныя пошту не правяралі, зазначае выданне.

Але беларускі дыспетчар паведаміў экіпажу, што электронны ліст быў адпраўлены некалькім аэрапортам каля 12:30 паводле мінскага часу. Але адкуль ён даведаўся пра гэта, невядома, бо першы ліст пра пагрозу паступіў у аэрапорт Вільні а 12:25 (у Сафію і Бухарэст а 12:27 і 12:28 адпаведна).

Таксама ў справаздачы гаворыцца пра некалькі выпадкаў невыканання беларускімі ўладамі стандартных працэдур.

Правілы бяспекі патрабуюць, каб і пасажыры, і экіпаж у выпадку пагрозы выбуху пакінулі самалёт. Аднак, згодна з пісьмовымі і вуснымі заявамі экіпажа «Ryanair», пасля пасадкі наземны персанал мінскага аэрапорта сказаў ім, што адзін з членаў экіпажа павінен заставацца на борце, пакуль будзе праводзіцца вобшук самалёта.

Паведамляецца, што работнікі аэрапорта заявілі, што ёсць правілы паветранай гавані і экіпаж павінен рабіць тое, што скажуць яе супрацоўнікі. Пры гэтым дыспетчар аэрапорта Мінска заявіў, што рашэнне пакінуць аднаго члена экіпажа на борце паветранага судна было прынята экіпажам. Акрамя таго, быў парушаны і пратакол аб паведамленні кода «чырвоны».

Таксама, адзначаюць у ІКАО, КДБ у выпадку з рэйсам «Ryanair» не ўвёў рэжым антытэрарыстычнай аперацыі, нягледзячы на паведамленне пра бомбу на борце.

Як паведамлялася, справаздача ІКАО ўтрымлівае толькі факты — без высноў і абвінавачанняў. Дакумент паступіў на разгляд 193 дзяржаў-членаў ІКАО. Што рабіць з гэтай інфармацыяй, рада будзе вырашаць 31 студзеня.