Сталіншчына ажывае ў Беларусі: Як савецкая ўлада помсціла родным «ворагаў народа»
Нездарма гісторыкі і палітолагі ў адзін голас кажуць пра сталінізацыю лукашэнкаўскага рэжыму. Менавіта савецкімі метадамі змагання з «ворагамі народа», хутчэй за ўсё, натхняюцца сённяшнія цанавы, піша «Салідарнасць».
Змрочны прывід сталіншчыны, які ажывае ў сённяшняй Беларусі.
Затрыманне бацькі пісьменніка Сашы Філіпенкі, якое суправаджалася цынічным «падзякуйце свайму сыну», не стала першым у гісторыі краіны прыкладам помсты з боку ўладанага рэжыму сваім апанентам.
Такая практыка з’явілася разам з першымі крытыкамі гэтай улады. Родныя і блізкія былых лукашэнкаўскіх чыноўнікаў, апазіцыянераў і актывістаў гублялі і больш не маглі знайсці працу, вымушана з’язджалі ў адзін канец. А хтосьці трапляў за краты толькі таму, што быў братам ці сынам чарговага «ворага» рэжыму.
З найноўшых прыкладаў можна прыгадаць, як улада помсціць родным былога дыпламата і дырэктара Купалаўскага тэатра Паўла Латушкі — на ягоную дачку Яну завялі крымінальную справу, а стрыечнага брата Анатоля і ягоную жонку Алену асудзілі паводле «палітычных» артыкулаў.
Прыгадаем і гісторыю асуджанага на 3,5 гады Арцёма Лябедзькі, сына палітыка Анатоля Лябедзькі. А таксама сем’і беларускіх ваяроў Палка Каліноўскага, якіх спрабуюць абвінаваціць у «злачынных сувязях» з добраахвотнікамі.
І дзяцей многіх палітвязняў, якіх спрабуюць адабраць у бацькоў органы апекі.
Зрэшты, нездарма гісторыкі і палітолагі ў адзін голас кажуць пра сталінізацыю лукашэнкаўскага рэжыму. Менавіта савецкімі метадамі змагання з «ворагамі народа», хутчэй за ўсё, натхняюцца сённяшнія цанавы. Пра гэта наша гісторыя.
«У выніку праведзенай аперацыі выселена 22 353 душы»
У гады сталінскіх рэпрэсій актыўна практыкавалася пакаранне сем’яў асуджаных па палітычных матывах. Адным з відаў пакарання была высылка. Высылалі ў Сібір і Казахстан цэлымі сем’ямі.
Для разумення маштабаў прымусовай дэпартацыі працытуем спецпаведамленне наркама дзяржбяспекі БССР Лаўрэнція Цанавы, датаванае 21 чэрвеня 1941-га (за дзень да ўварвання гітлераўскіх войскаў на тэрыторыю СССР).
«Совершенно секретно
Секретарю ЦККП(б) Белоруссии товарищу Пономаренко
СПЕЦСООБЩЕНИЕ
Доношу итоговые данные проведенной операции по аресту участников различных контрреволюционных организаций и формирований и выселению членов их семей и другого контингента, подлежащих выселению:
1. Операция, по заранее утвержденным планам, была начата в ночь с 19-го на 20-е июня одновременно по всем западным областям Белорусской ССР и в основном закончена в тот же день – 20 июня до 15 часов дня.
2. В результате проведенной операции всего репрессировано – 24.412 душ;
В том числе:
1. Арестовано и заключено в тюрьмы руководителей и членов различных польских, белорусских, украинских, русских и еврейских контрреволюционных организаций и формирований, чиновников быв. польского государства, белогвардейских офицеров, бежавших из Советского Союза, и другой к-р элемент – 2059 чел.
2. Выселено – 22.353 души;
В том числе:
а) членов семей вышеуказанного нами арестованного контингента – 6.655 душ;
б) членов семей, приговоренных к ВМН – 1.293 души;
в) членов семей, перешедших на нелегальное положение – 3.752 души;
г) членов семей, бежавших за границу – 7.105 душ».
Гэта была чацвёртая па ліку аперацыя па высяленні з тэрыторыі Беларусі семя’ў «варожых элементаў». Першыя хвалі закранулі сем’і асаднікаў, тады пад дэпартацыю патрапілі дзясяткі тысяч чалавек.
Усяго паводле прыблізных падлікаў толькі з Заходняй Беларусі з 1940-га па 1952-гі было вывезена ў ГУЛАГ больш за 190 тысяч чалавек.
«У стэпе добра, прывольна»
Сярод высланых была Вольга Буцянёва-Храптовіч, жонка апошняга ўласніка маёнтка ў Шчорсах з роду Храптовічаў. Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР у 1939-м Апалінарыя Храптовіча арыштавалі, а ягоную жонку праз колькі месяцаў выслалі ў Казахстан.
Вось як яна апісвала ў біяграфічнай кнізе «Злом» прыезд дэпартаваных пад Акцюбінск: «Мы стояли долго, пока проверяли документы у ближайших с нами машин. В нашей же все мы, самые близкие, оказались вместе. Скопович, пани Клара с девочками, пан Юзеф с дочерью и двумя внучками, пани Мария из Варшавы и панна Зося. Энкаведист вышел из кабинки и заговорил с нами — я перевожу.
— Какая же вы полька? — насмешливо спросил он меня и проверил мой паспорт. — А, на иждивении бывшего помещика! — прочел он заметку вслух, заметку, о которой я ничего не знала, вписанную новогрудским НКВД.
Энкаведист, сощурив глаза, внимательно меня рассматривал.
— Куда вы нас везете? — спросила я.
— Да вот по колхозам, увидите, в степи хорошо, привольно. Построите себе дома, работать мы вас научим, а вот, кто был первый, у нас здесь последний! — добавил он, по-лисьи сузив глаза».
А.Л.Ж.И.Р.
Яшчэ адно жахлівае вынаходніцтва бальшавікоў — лагер для жонак расстраляных «ворагаў народа». А.Л.Ж.И.Р., як называлі яго вязні — Акмолінскі лагер жонак здраднікаў радзімы, размешчаны сярод казахстанскага стэпу.
Судоў над імі не было, іх лёс вырашаў вердыкт Асобай нарады пры НКУС (сумнавядомыя «тройкі»). Дагэтуль няма дакладных звестак, колькі жанчын было рэпрэсавана паводле сумнавядомага загада № 00486. У адной з запісак, што легла на стол Сталіна ў кастрычніку 1938-га, фігуруе лічба ў 18000 чалавек з усяго СССР.
Прыходзілі ў Акмолінскі лагер і этапы з Оршы. З успамінаў Галіны Сцяпанавай-Ключнікавай, якая трапіла ў А.Л.Ж.И.Р. у лютым 1938-га: «В углу барака тихонько шептались между собой жены беларусских поэтов — Вечер, Астапенко, Таубина».
З 2007-га на тэрыторыі лагера дзейнічае Музейна-мемарыяльны комплекс памяці ахвяр палітычных рэпрэсій і таталітарызму, адчынены па ініцыятыве першага прэзідэнта Казахстана Нурсултана Назарбаева.
Помста дзецям
Тысячы дзяцей рэпрэсаваных беларусаў апынуліся ў дзіцячых дамах. У той час існавала менавіта такая практыка — нават пры наяўнасці блізкіх родных, ці сваякоў, гатовых выхоўваць сыноў і дачок «ворагаў» народа.
Такі лёс напаткаў і двух сыноў расстралянага паэта Ізі Харыка — Юлія і Давыда. Жонка творцы Дзіна была асуджаная на восем гадоў лагераў, якія правяла ў тым самым А.Л.Ж.И.Р.
Сама назва «дзіцячы дом» у дадзеным выпадку не мусіць уводзіць у зман: гэта былі перапоўненыя прыёмнікі, дзе ніхто не зважаў на санітарныя нормы. Хваробы, голад, крымінал — сталыя спадарожнікі гэтых установаў.
Пасталеўшы, многія жыхары гэтых «дзіцячых ГУЛАГаў» траплялі ў дарослыя лагеры.