Хронікі рэпрэсій. 5,5 гадоў за беларускамоўныя каментары, затрыманы чарговы праваабаронца

З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных медыя сабралі звесткі пра палітычны пераслед у Беларусі за 16 лістапада.

photo_2023_11_14_10_06_44_logo.jpg

24 кастрычніка ў судзе Кастрычніцкага раёна Гродна вынесены прысуд рабочаму Сцяпану Задойку. Яго асудзілі да 5,5 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Справу разгледзела суддзя Маргарыта Ланцэвіч.

Сцяпана асудзілі адразу паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч.2 арт. 368 («Абраза Лукашэнкі»), арт. 369 («Абраза прадстаўніка ўлады»), арт. 370 («Здзек з дзяржаўных сімвалаў»), ч.2 арт. 366 («Гвалт альбо пагроза гвалту ў дачыненні да службовай асобы, якая выкновае службовыя абавязкі, альбо іншай асобы, якая выконвае грамадскі абавязак»).

Паводле праўладных тэлеграм-каналаў, мужчына напісаў больш за 1200 каментароў. Паказаныя сілавікамі каментары былі напісаны пераважна на беларускай мове і ў асноўным накіраваны на падтрымку Украіны.


Глядзіце таксама

Суддзя суда Кастрычніцкага раёна Віцебска Уладзімір Царыкаў 2 лістапада за распаўсюджванне «экстрэмісцкіх» публікацый у сацыяльнай сетцы паўторна арыштаваў на 15 сутак «Чалавека года Віцебшчыны — 2014», загадчыка аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі абласной бальніцы Аляксандра Ганчарова.

Першы раз Аляксандру прызначылі 15 сутак арышту паводле арт. 19.11 КаАП («Распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў») у сярэдзіне кастрычніка.

Пры паўторнай праверцы работнікамі міліцыі гаджэтаў Ганчарова імі быў складзены яшчэ адзін пратакол. На падставе яго суддзя Царыкаў пастанавіў пакараць доктара арыштам яшчэ на 15 сутак.

Аляксандр Валер'евіч мае стаж працы больш за 25 гадоў, быў уганараваны званнем «Чалавек года Віцебшчыны», а ў 2020-ым атрымаў падзяку ад Лукашэнкі за ўнёсак у барацьбе з COVID-19.


Глядзіце таксама

Гомельскага актывіста Васіля Палякова не выпусцілі пасля адміністрацыйнага арышту, тэрмін якога сёння скончыўся.

3 лістапада суд прызначыў яму 15 сутак арышту за «распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў». Арышт Васіль адбываў у ізалятары часовага ўтрымання ў Гомелі.

Сёння яго даставілі ў РАУС, а адтуль зноў адправілі ў ІЧУ. Гэта азначае, што яго зноў затрымалі альбо па іншай адміністрацыйнай справе, альбо па крымінальнай.

Праваабаронца Аляксандр Вайцешык абвясціў за кратамі галадоўку. Нагадаем, 9 лістапада ў Баранавічах затрымалі не менш за 10 чалавек — сярод іх быў і праваабаронца Аляксандр Вайцешык, якога пазней арыштавалі на 15 сутак.

У Мазыры затрыманы праваабаронца Уладзімір Целяпун — цяпер ён знаходзіцца ў ІЧУ. Прычыны і абставіны затрымання невядомыя. Крыніца, абазнаная ў сітуацыі, распавяла, што ўчора мужчына планаваў ісці на прыём да суддзі Канстытуцыйнага суда ў Мазырскім выканкаме. Але на сустрэчу так і не з'явіўся і на сувязь увечары не выходзіў.

Уладзімір — ліквідатар аварыі на Чарнобыльскай АЭС і мазырскі праваабаронца, які неаднаразова зазнаваў пераслед з боку сілавікоў.


Глядзіце таксама

За меркаваны ўдзел у акцыях пратэсту затрыманы фітнес-трэнер Аляксандр Якута. Ці заведзена крымінальная справа, невядома.

Затрыманы жыхар Гродзенскага раёна Павел Піліпенка. Яго вінавацяць ва ўдзеле ў масавых акцыях пратэсту і каментарах у тэлеграм-чатах.

Палітвязня Ігара Аліневіча 20 сутак утрымлівалі ў ШІЗА.

Ігар — актывіст анархічнага руху, якога затрымалі пры пераходзе мяжы Беларусі ў ноч на 29 кастрычніка 2020 года. Яго абвінавацілі па шэрагу артыкулаў за падпал службовых аўтамабіляў, будынка ДАІ, дзяржаўнага камітэта экспертыз у Гомельскай вобласці. У выніку Ігара асудзілі на 20 гадоў калоніі. Пазней яму ўзмацнілі пакаранне і перавялі на турэмны рэжым у Жодзіна. Пасля гэтага яго неаднаразова змяшчалі ў ШІЗА. У знак пратэсту ён трымаў галадоўку.

Палітзняволеную Вікторыю Кульшу змясцілі ў ПКТ.

Вікторыю двойчы за год асудзілі паводле ч.1 арт. 411 КК («Злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі калоніі»). Апошні раз суд прызначыў жанчыне яшчэ адзін год зняволення ў дадатак да трох з паловай гадоў калоніі.

За першыя паўгода ў зарэчанскай калоніі Вікторыя адбыла мінімум 92 дні ў ШІЗА і паўгода ў ПКТ. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, адзін з наглядчыкаў душыў Вікторыю локцем, стоячы ззаду, а таксама цягаў яе па камеры. Акрамя гэтага, жанчына некалькі разоў у калоніі трымала галадоўкі ў знак пратэсту супраць жудасных умоў. Праз гэта ў яе двойчы здараўся сардэчны прыступ.

22 чэрвеня жанчыну зноў этапавалі ў жаночую калонію №24. Вядома, што доўгі час яе ўтрымлівалі ў штрафным ізалятары, а цяпер змясцілі ў памяшканне камернага тыпу. Тэрмін і прычыны спагнання пакуль невядомыя.


Глядзіце таксама

Былы журналіст Андрэй Толчын прызнаны палітвязнем. Яго затрымалі 27 верасня, на наступны дзень у кватэры Андрэя правялі ператрус. У выніку следчыя забралі камп’ютарную тэхніку і іншыя лічбавыя носьбіты. Толчына перавялі ў гомельскае СІЗА №3 і супраць яго заведзена крымінальная справа.

Андрэй — стваральнік гомельскай гарадской газеты «Гомельскія ведамасці», журналіст-фрылансер, які супрацоўнічаў з некалькімі незалежнымі выданнямі. Толчына неаднаразова затрымлівалі і судзілі за журналісцкую дзейнасць з 2017 года. Пасля пратэстаў 2020 года журналіст вырашыў сысці з прафесіі.

Рашэннем Віцебскага абласнога суда 24 кастрычніка падверглася прымусовай ліквідацыі Міжнароднае грамадскае аб'яднанне рэабілітацыі падлеткаў, людзей з інваліднасцю і сталага ўзросту «Алмаз». Ініцыятарам такога рашэння стала кіраўніцтва беларускага Міністэрства юстыцыі.

МГА «Алмаз» было зарэгістравана ў лютым 2000 года. Кіраўніцтва і члены арганізацыі садзейнічалі ў вырашэнні пытанняў сацыяльна-медыцынскай дапамогі і працоўнай рэабілітацыі падлеткаў, людзей з інваліднасцю і сталага ўзросту.

Для дзяцей і моладзі сябры грамадскага аб’яднання і валанцёры праводзілі аздараўленчыя і забаўляльныя мерапрыемствы, што дазваляла пажылым людзям і людзям з інваліднасцю пашырыць сацыяльныя кантакты або атрымаць псіхалагічную дапамогу.

Таксама грамадскія актывісты аказвалі сацыяльна-бытавую дапамогу, садзейнічалі рэабілітацыі і працоўнай занятасці такіх людзей.