Станіслаў Шушкевіч: Гэта быў рашучы крок да нашай незалежнасці

27-га ліпеня, 23 гады таму, дэпутаты Вярхоўнага савета БССР ухвалілі Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай ССР. Менавіта гэты дзень з 1991-га па 1996-ы год у Беларусі адзначалася галоўнае дзяржаўнае свята — Дзень Незалежнасці



stshush77.jpeg

Тагачасны дэпутат Вярхоўнага Савету, а пазней першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч згадвае, як Дэкларацыя рыхтавалася і прымалася 23 гады таму. 

— Дэкларацыя была прынятая, таму што ЦК КПБ ужо зразумеў, што трэба нешта рабіць. І перад гэтым шмат разоў з дапамогай камуністаў, якія былі ў Парламенце, адкідваліся прапановы БНФ, і ніводная з прапаноў пра тое, каб прыняць Дэкларацыю аб суверэнітэце, не разглядалася. 
 


Але ў пачатку ліпеня прыйшоў сакратар ЦК КПБ Сакалоў да Дземянцея, і Дземянцей прапанаваў Рэзалюцыю аб незалежнасці. Яна складалася з 38 артыкулаў, і гэта была хутчэй “Рэзалюцыя залежнасці”, таму што гэта была рабалепская дэкларацыя, ідалапаклонна скіраваная ў бок Расіі.

Урэшце былі створаны дзве камісіі, якія дапрацоўвалі прапанову Дэкларацыі. Я ачольваў камісію, якая дапрацоўвала палітычны бок. Другая камісія займалася агульнымі пытаннямі. У выніку мы распрацавалі фактычна новую Дэкларацыю. Яна складалася з 12 артыкулаў. І менавіта гэтую Дэкларацыю прыняў Вярхоўны Савет.

Пры прыняцці быў пэўны кур’ёз. Зянон Станіслававіч Пазняк вельмі хацеў, каб яна была рашучай, і каб там не згадвалася тое, што мы будзем працаваць над новай Саюзнай дамовай. Гэтага практычна не магчыма было не ўзгадаць. Амаль усе прадстаўнікі БНФ, якія ўваходзілі ў фракцыю, выйшлі ў час галасавання за гэтую рэзалюцыю. А цяпер яны гавораць, што так зрабілі, каб за яе ўсе прагаласавалі. Гэта, прабачце, жарт. У выніку Дэкларацыя была прынятая.

Я лічу, што пасля 25-га сакавіка 1918 года гэта быў самы рашучы крок у бок нашай незалежнасці. Калі ўжо не ўдаецца зрабіць 25-га сакавіка святам Незалежнасці, то 27 ліпеня мае на гэта права. Я лічу, што гэта быў цудоўны крок. У далейшым і БНФ зразумеў, што гэта добры дакумент. Па іх прапанове (я не верыў, што яна будзе прынята) гэтай Дэкларацыі быў нададзены статус Канстытуцыйнага закона. Я лічу, што гэта крок нармальнай барацьбы за незалежнасць, калі не заўсёды разумееш як лепей, але калі заўсёды ты адданы справе.

Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце 27 ліпеня 1990 года сталася важным этапам у станаўленні беларускай дзяржаўнасці. Праз год, 25 жніўня 1991 года, Дэкларацыя аб суверэнітэце набыла статус Канстытуцыйнага закону.

Са Станіславам Шушкевічам гутарыў Кастусь Бандарук, Беларускае Радыё Рацыя