Старажытныя назвы — сучасныя праблемы

Гарадскім тапонімам — старажытныя беларускія назвы. Гэтай вострай тэме было прысвечана пасяджэнне анамастычнай камісіі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” (ТБМ), што адбылася 18 чэрвеня. Штуршком для склікання камісіі сталася сітуацыя з перайменаваннем тапонімаў у Гомелі.



anamastyka.jpg

Як адзначыў старшыня камісіі, вядомы беларускі мовазнаўца і грамадска-палітычны дзеяч Вінцук Вячорка, дэпутаты Гомельскага гарадскога савета напрыканцы траўня прынялі рашэнне аб перайменаванні 78 вуліц, завулкаў, алей і нават тупікоў абласнога цэнтру.

І гэта робіцца, нягледзячы на афіцыйную аргументацыю, што хранічна не хапае сродкаў на масавае перайменаванне, што яно блытае людзей і зрабіць яго тэхнічна складана. Аказваецца, калі вельмі захочацца, то зрабіць гэта ўсё ж такі можна.

Трэба звярнуць увагу на мяркуемыя вельмі істотныя змены ў тапанімічным ландшафце цэлага горада, змены, што закранаюць усе яго раёны. Гаворка ідзе не пра нейкі прырэзаны да горада прыватны сектар, як цяпер часта бывае, або прылучаныя вёскі. Гаворка ідзе пра здаўна існуючыя наяўныя вуліцы, як у цэнтры горада, так і на ўскраінах, як мікрараёны, так і прыватны сектар, як ажыўленыя шасэйныя дарогі, так і завулкі.

У гарадскіх уладаў, калі ўжо яны ўрэшце ўзяліся за перайменаванне тапонімаў абласнога цэнтру, была магчымасць вярнуць на мапу горада шыкоўныя старажытныя назвы. Так, Гомель — адзін з нешматлікіх беларускіх прырэчных гарадоў, дзе ёсць спускі: Ільінскі, Гамеюк, Кіеўскі, Баярскі, Крушэўскі, Цыганскі, а таксама яр Дзедна. Да гэтай пары ў горадзе захавалася скрыжаванне старажытных вуліц: Траецкая, Спаская, Дзеканаўская і Рэчыцкая.

Акрамя таго, ад старадаўніх часоў захаваліся ў Гомелі мноства прыгожых мікратапонімаў, у тым ліку назвы ўрочышчаў, ручайкоў і сцежак. Аднак гэтыя мікратапонімы да гэтага часу аніяк не прадстаўлены на сучаснай мапе вялікага горада. 

Такім чынам, гарадскія ўлады фактычна праігнаравалі ўсе гэтыя старасвецкія назвы насуперак закону, які патрабуе пры змяненні тапонімаў грунтавацца на скарбах нацыянальнай гісторыка-культурнай спадчыны. Разам з тым, улады Гомеля пры вырашэнні гэтага важнага пытання не звярнуліся да грамадства. Ва ўсякім разе, гомельская грамадскасць не бачыла аб’яваў ні ў газетах, ні ў інтэрнэце, ні на інфармацыйных дошках, што цягам нейкага часу людзі могуць дасылаць свае прапановы. Пры гэтым афіцыйныя ўлады заявілі, што кантактавалі з нейкімі гісторыкамі, імёны якіх засталіся не вядомымі да гэтага часу, як і тое, хто іх дэлегаваў.   

Пра змены ў гарадской тапаніміцы для прэсы давала інфармацыю начальніца адрасна-даведачнага бюро ўпраўлення ўнутраных спраў Гомельскага аблвыканкама Тамара Пракоф’ева. Яна патлумачыла карэкціроўку назваў на мапе гораду неабходнасцю стварэння электроннай адраснай сістэмы на выснове закона аб найменнях геаграфічных аб’ектаў. Сярод матываў упарадкавання гарадскіх тапонімаў называлася іх рознае гучанне па-беларуску і па-руску, а таксама немілагучнае гучанне завулку Чыгуначнага, які вырашылі назваць Задарожным. 

Каб пазбегнуць такой немілагучнасці, сталі на шлях уніфікацыі назваў, але зрабілі гэта па-руску. І, дарэчы, усё ўпарадкаванне гарадскіх тапонімаў адбылося на карысць рускай мовы. Так, вуліцу Журавінную перайменавалі ў Журавлиную, вуліцу Прамяністую — у Лучистую, вуліцу Сядзібную — у Щедрую.

Такім чынам, ствараецца вельмі небяспечны прэцэдэнт ігнаравання закону і выкідання ўжо наяўных беларускіх тапонімаў з мапы Гомеля.

Трэба таксама мець на ўвазе, што старажытная гісторыя горада да акупацыі яго рускімі войскамі пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе аказалася ў ценю яго імперскага мінулага. Гаворка ідзе пра час, калі Гомель належаў царскім саноўнікам — спачатку Румянцавым, а потым Паскевічам. Прычым сярод апошніх быў  “пакарыцель Каўказу” і “уціхамірнік” нацыянальна-вызвольнага паўстання супраць царскага самаўладдзя 1830–1831 гадоў фельдмаршал Паскевіч-Эрываньскі, граф Іван Фёдаравіч, яснавяльможны князь Варшаўскі.

Трэба мець на ўвазе, што рашэнне гарадскіх уладаў працягнула практыку ўвекавечвання ў тапонімах Гомеля імёнаў Румянцавых-Паскевічаў. Так, на гэты раз частка вуліцы Першамайскай была перайменавана ў вуліцу Ірынінскую — у гонар апошняй гомельскай княгіні Ірыны Іванаўны Паскевіч. Такім чынам, дэпутаты Гомельскага гарсавета замест таго, каб вярнуць старажытную назву вуліцы, змарнавалі гэты шанец і аддалі перавагу назве, якая мае дачыненне да гісторыі гораду ў складзе Расійскай імперыі.

Некаторыя перайменаванні з’яўляюцца наогул абсурднымі: завулак Кальцавы — у Крутой, вуліцаИногородняя9-я— уИногороднюю 1-ю, вуліцаСельмашаўская 7-я— уГомсельмашаўскую 2-ю. Нармальны чалавек такія змены проста не запомніць, бо за імі не стаіць нічога лагічнага, ландшафтнага, аб’ектнага.

У сваю чаргу, намесніца старшыні ТБМ Алена Анісім прывяла прыклады перайменаванняў гомельскіх тапонімаў, гучанне якіх па-беларуску цяжка ўявіць, або ўявіць немагчыма: переулок Песочный, улицы Продольная, Хозяйственная, Банная і Орудийная.

З прапановамі, якія былі выказаны на пасяджэнні анамастычнай камісіі ТБМ, вырашана звярнуцца ў Гомельскі гарвыканкам і ў  Рэспубліканскую тапанімічную камісію пры ўрадавым Камітэце па маёмасці, гэадэзіі і картаграфіі.