Сто тысяч долараў ад СК

«Справа адной літары» працягваецца. Жыхар Латвіі Аляксандр Міхайлаў «павысіў стаўку», і патрабуе ад Следчага Камітэта Беларусі ўжо 200 тысяч рублёў — амаль сто тысяч долараў (раней патрабаваў 80 тысяч).

original_17.jpg


Як мы пісалі раней, Следчы камітэт у дзелавой перапісцы з Міхайлавым шматкроць называў яго на «вы» з маленькай літары. Хаця па правілах беларускай мовы, замацаваных законам, патрабуецца «Вы» з вялікай. Спадар Міхайлаў палічыў гэта за абразу, зварот, які прыніжае яго гонар і годнасць, і падаў на СК пазоў у суд, адпаведна, аб абароне гонару і годнасці.
Суд Партызанскага раёна Мінска скаргу не задаволіў. Але не задаволіў з такімі парушэннямі, што гэта проста змусіла Міхайлава падаць апеляцыю.
Найперш, было парушана права Міхайлава на абарону — суддзя не дапусціў у залю пасяджэнняў аднаго з адвакатаў пазоўніка — маўляў, той спазніўся. Але, па-першае, прадстаўнік Міхайлава ў будынку суда прысутнічаў, і мог з’явіцца аператыўна. Па-другое было багата выпадкаў, калі суддзі чакалі не тое што адвакатаў — сведкаў, якія не з’яўляліся своечасова! Такiм чынам, судом былi парушаныя правы Мiхайлава на удзел у судовым пасяджэннi праз прадстаўнiка, што прадуглеждана арт. 70 ГПК Рэспублiкi Беларусь, а таксама яго права карыстацца юрыдычнай дапамогай, гарантаванае Канстытуцыяй.
На падставе гэтага адвакат Міхайлава Сяргей Зікрацкі заявіў адвод суддзі. Суддзя гэты адвод не тое, што не прыняў, а нават не разгледзеў! Ён запатрабаваў прадставіць адвод пісьмова! Хаця напачатку ці не кожнага працэсу пытаюцца: ці ёсць давер да суда, ці няма адводаў суддзі. І ніхто ніколі не патрабаваў (і заканадаўства не патрабуе!) пісьмовага адводу. А на хадайніцтва пра перапынак, каб напісаць пісьмовы адвод, суддзя таксама адмовіў. Адвод суддзі павіс у паветры, а суд працягнуў працэс, што проста неверагодна.
Прадстаўнікамі Следчага камітэта ў судзе было заяўлена, што адказная за ліставанне асоба — намеснiк начальнiка ГСУ ЦА Следчага камiтэта РБ Вераб’ёў Д.М. — напісаў у суд заяву, дзе выкладзеная яго пазіцыя па справе. Зікрацкі, зразумела, папрасіў з гэтай заявай азнаёміцца. І ў гэтым яму было адмоўлена. То бок, суд парушыў права прадстаўнiка пазоўнiка на азнаямленне з матэрыяламi справы, прадугледжанае арт. 56 ГПК Рэспублiкi Беларусь, а таксама права на азнаямленне з пазiцыяй суадказчыка па справе.
На працэсе было яшчэ шмат вясёлага — суд адмовіў Міхайлаву ў справе самастойна даваць паказанні праз скайп, і гэтак далей. Але толькі вышэйвыкладзенага хапае, каб прызнаць рашэнне суда Партызанскага раёна — прайшоўшымі з глабальнымі працэсуальнымі парушэннямі. І патрабаваць яго адмены. Што і зрабіў Міхайлаў, звярнуўшыся ў Мінскі гарадскі суд з апеляцыйнай скаргай.
Можна толькі здагадвацца, чаму ў такім працэсе ўзнікла столькі парушэнняў. Можа быць, суддзя сам не валодае беларускай мовай? А можа, ён усведамляе слушнасць пазіцыі Міхайлава, але не можа засудзіць Следчы камітэт? І папросту, такім чынам, «спіхнуў» з сябе справу?
Але Міхайлаў не спыніўся толькі на апеляцыі. Справа ў тым, што 27 студзеня, 3 i 10 лютага 2019 года ён тройчы звяртаўся з хадайніцтвамі на імя таго ж Вераб’ёва. Зразумела, хадайніцтвы былі напісаныя па-беларуску. Але адказы на гэтыя хадайніцтвы ён атрымаў на рускай мове, што яўна супярэчыць Закону аб зваротах грамадзян.
А паколькі такое парушэнне было не адно, то Міхайлаў вырашыў, што спадар Вераб’ёў наўмысна стварае яму перашкоды і абмежаванні ў карыстанні дзяржаўнай мовай — беларускай. А за гэта (у тым ліку) прадугледжана адміністрацыйная адказнасць па артыкуле 9.22 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях.І таму ён просіць скласці на прадстаўніка Следчага камітэта адпаведны пратакол.
Што на гэта можна сказаць? Толькі параіць усім дзяржслужбоўцам вучыць беларускую мову. А тое сутыкнешся з Міхайлавым — мала не пакажацца!