Разгляд справы Юрыя Палітыкі перанесены

Разгляд у судзе справы беларуса Юрыя Палітыкі, абвінавачванага Украінай у шпіянажы, перанесены на 3 красавіка. Пра гэта паведаміў на сайце Новазаводскі раённы суд Чарнігава.

palityka_yury.jpg

Рашэнне аб пераносе прынята 20 сакавіка „ў сувязі з немагчымасцю перакладчыка прыбыць на судовае пасяджэнне”.
Юрый Палітыка быў затрыманы Службай бяспекі Украіны 16 чэрвеня 2017 года ў аўтобусе Чарнігаў — Гомель у пункце пропуску „Новыя Ярылавічы” Чарнігаўскага пагранічнага атрада.
12 лютага 2018 года Чарнігаўскі раённы суд пачаў падрыхтоўчы разгляд справы Палітыкі. Судовыя пасяджэнні па розных прычынах пераносілі восем разоў.
15 мая калегія суддзяў, якая вяла працэс, заявіла самаадвод у сувязі з тым, што жонка аднаго з суддзяў вучылася разам з адвакатам падазраванага і знаходзіцца з ім у таварыскіх адносінах, а таксама з іншымі ўдзельнікамі калегіі.
29 мая апеляцыйны суд Чарнігаўскай вобласці прыняў рашэнне аб тым, што справу беларуса будзе разглядаць Новазаводскі раённы суд Чарнігава. Судовыя пасяджэнні прызначалі некалькі разоў, але пераносілі з-за адсутнасці перакладчыка.
17 жніўня маці Юрыя Палітыкі наведала сына ў СІЗА СБУ ў Чарнігаве і ўбачыла ў яго траўмы, пасля чаго звярнулася ў МЗС Беларусі з просьбай аб аказанні консульскага садзейнічання.
На пасяджэнні суда ў канцы жніўня Палітыка заявіў, што не памятае абставінаў, пры якіх атрымаў траўму. Паводле яго слоў, гэта адбылося 7 жніўня, а 10-га яму зрабілі аперацыю на скроні. Падчас суда беларус скардзіўся на дрэннае самаадчуванне і галаўны боль.
6 верасня прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз заявіў, што сітуацыя з Юрыем Палітыкам выклікае ўсё большы неспакой. „У ходзе судовых слуханняў у затрыманага грамадзяніна Беларусі былі зафіксаваныя цялесныя пакалечанні, якія могуць быць кваліфікаваныя як цяжкія. Нягледзячы на заяўленае хадайніцтва адвакатаў і нашы просьбы, адпаведнае медыцынскае абследаванне да гэтага часу не праведзена”, — сказаў прэс-сакратар.
Да дзеянняў украінскага боку ў дачыненні да беларускага грамадзяніна ўзнікае ўсё больш пытанняў, „з’яўляюцца сумневы ў здольнасці забяспечыць умовы ўтрымання Юрыя Палітыкі пад вартай, якія б выключылі правакацыі і прымяненне да яго супрацьпраўнага ўздзеяння”, заявіў прэс-сакратар МЗС.
У канцы верасня Палітыка быў пераведзены ў СІЗА СБУ ў Кіеве.
6 лютага 2019 года Новазаводскі раённы суд Чарнігава працягнуў тэрмін знаходжання Юрыя Палітыкі пад вартай да 6 красавіка. Гэта было апошняе падрыхтоўчае пасяджэнне суда. 20 сакавіка павінна было адбыцца першае пасяджэнне па разглядзе справы па сутнасці.
Паводле Радыё Рацыя