Студэнт ЕГУ: «Заробкі Поліка ўжо стварылі пазыку ў 30 тыс. еўраў»

Пасля з’яўлення навіны пра прызначэнне Гары Дэйвіда Поліка на пасаду рэктара Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта belsat.eu паразмаўляў з прэзідэнтам Студэнцкага прадстаўніцтва ўстановы Дзянісам Кучынскім.  



zrzut_ekranu_2015_04_05_o_17_58_41_article_big.jpg

— Дзяніс, ці праўда, што новы рэктар ЕГУ — спадар Полік?

— Наколькі я ведаю, так. Яму прапанавалі працу на пэўных умовах. Паколькі афіцыйнай інфармацыі яшчэ няма, невядома, ці згадзіўся ён з імі.

— Як старшыня прадстаўніцтва студэнтаў ты актыўна дамагаўся ўлучэннястудэнцкага голасу ў працэс выбараў. Ці атрымалі вы яго?

— Не, не атрымалі. Акрамя таго мне як абранаму Прэзідэнту Студэнцкага прадстаўніцтва, які зазвычай прысутнічае на паседжаннях Кіроўнай рады, адмовілі браць удзел у якасці назіральніка на фінальным паседжанні Рады ў Франкфурце. Адзіным пазітыўным момантам можна лічыць тое, што ў хуткім часе прадстаўніка ад студэнтаў маюць зацвердзіць як сябра Кіроўнай рады.

— На тваю думку, як абранне Поліка паўплывае на далейшае фінансаванне праекта ЕГУ?

Мы, студэнты, хочам, каб наш універсітэт меў добры вобраз перад донарамі, без чыёй падтрымкі ЕГУ не зможа існаваць. Як я і адзначаў раней, Гары Дэйвід Полік больш чымся за год свайго знаходжання ва ўніверсітэце не стварыў стратэгічнага плану, які ён абяцаў паказаць донарам, што й псуе адносіны з апошнімі. Абіраючы Г.Д.Поліка, Кіроўная рада і Агульны сход сузаснавальнікаўставяць наш імідж перад донарамі пад велізарны сумнеў.

— Шмат хто называў працэс адбору рэктара непразрыстым. Якія падставы не давяраць кіраўніцтву?

— Сапраўды, выбары крытыкавалі не толькі ў шэрагах беларускай грамадскасці. Словы занепакоенасці гучалі ад міністра замежных спраў Літвы

Лінаса Лінкявічуса. Не было зацверджаных крытэрыяў адбору, і ў выніку Пошукавы камітэт не патлумачыў, чаму яны палічылі прафесара Полікалепшым за іншых кандыдатаў. На вялікі жаль, большая частка сябраў кіроўных органаў слаба звязаная з універсітэцкай рэальнасцю. Такім чынам ствараецца сістэма, пры якой асабістыя жаданні некаторых асобаў пераважаюць над інтарэсамі тых, для каго гэты ўніверсітэт існуе. Нават адзіны беларускі прадстаўнік Кіроўнай рады (апрача сп. Міхайлава) выпускнік Арцём Анісімаў, які нікім з гэтых самых выпускнікоў не быў абраны, нікога з нашай супольнасці ў Кіроўнай радзе не рэпрэзентуе. Я магу пералічыць цэлы тузін пазітыўных момантаў пра ЕГУ, ягоную місію і ягоных выкладнікаў, але датычна кіраўніцтва ўніверсітэту, на мой вялікі жаль, я назваў тыя факты, якія мы маем.

— Што Студэнцкае прадстаўніцтва плануе рабіць цяпер, пры новым кіраўніку?

— Перш за ўсё, я зраблю сустрэчу з усімі студэнтамі, дзе прадэманструю тыя факты, якія раней ім не паказвалі. Я спытаю ў студэнтаў, што яны думаюць наконт наступнага: летась, згодна з афіцыйнай інфармацыяй, выконваючаму абавязкі рэктара Г. Д. Поліку без згоды Кіроўнай рады і Сходу сузаснавальнікаў павялічылі заробак, што стварыла для ўніверсітэту пазыку перад Траставым фондам у 30 тысяч еўраў. Гэта каля 15 гадавых стыпендыяў студэнтам! Цікава будзе даведацца, хто адказны за гэта, і хто будзе вяртаць гэтыя грошы. Таксама, мяркую, ім будзе цікава даведацца, чаму з кожным годам фінансавая падтрымка для студэнтаў памяншаецца і памяншаецца.

Нястасся Яўмен, belsat.eu