Новым рэктарам ЕГУ абраны Дэвід Полік

Паводле звестак БелаПАН, новым рэктарам Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (ЕГУ, Вільнюс) абраны прафесар Дэвід Полік, які часова выконвае абавязкі рэктара. Яго кандыдатуру 3 красавіка ўхваліў агульны сход заснавальнікаў. Чакаецца, што афіцыйная інфармацыя будзе абнародаваная пасля выхадных. 



david_pollickjpg_43848a642865f09c_52aee0f4bdd80.jpg

Прафесар Дэвід Полік прыехаў у Вільнюс у сакавіку 2014 года і працаваў першым прарэктарам і галоўным аперацыйным дырэктарам ВНУ. У кастрычніку ён стаў часовым выканаўцам абавязкаў рэктара ЕГУ. Продкі (бабуля і дзядуля) Поліка –– выхадцы з Беларусі, але сам ён не размаўляе ні па-беларуску, ні па-руску. Цяпер ён вывучае рускую мову. 
Да прыезду ў Вільнюс прафесар Полік займаў пасаду прэзідэнта ў чатырох амерыканскіх вышэйшых навучальных установах: школе Чыкагскага інстытута мастацтваў, каледжы Лебанон-Вэлі, Бірмінгемскім паўднёвым каледжы і Дзяржаўным універсітэце Нью-Ёрка (аддзяленне ў Кортландзе), дзе быў выканаўцам абавязкаў прэзідэнта і віцэ-прэзідэнтам па акадэмічных пытаннях. Ён таксама працаваў дэканам факультэта мастацтваў і навук і дацэнтам філасофіі ў Сіэтлскім універсітэце ў Вашынгтоне. 
У інтэрв'ю беларускай службе "Радыё Свабода" ў пачатку гэтага года Полік сказаў, што першая задача, якая стаіць перад акадэмічнай грамадскасцю ЕГУ, — распрацаваць новую ўніверсітэцкую інструкцыю аб правах і адказнасці, новы стратэгічны план, які адлюстроўваў бы цяперашнія рэаліі. Полік канстатаваў праблему фінансавых рэсурсаў у ЕГУ. Паводле яго меркавання, ВНУ павінна захоўваць і выконваць юрыдычныя патрабаванні краіны знаходжання — Літвы — у галіне працоўных адносін. Разам з тым ён падкрэсліў, што "ЕГУ — беларускі ўніверсітэт, які працуе ў Літве і ў Еўропе". 
Нагадаем, 30 верасня 2014 года пасаду рэктара ЕГУ пакінуў прэзідэнт універсітэта Анатоль Міхайлаў, які заснаваў універсітэт і кіраваў ім з моманту стварэння. Для абрання новага рэктара кіруючы савет ЕГУ заснаваў часовы орган — камітэт па выбарах рэктара Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта. Шорт-ліст прэтэндэнтаў на пасаду рэктара складаўся з шасці імён. У яго ўваходзілі трое грамадзян Беларусі — прафесар ЕГУ Таццяна Шчытцова, лідар руху "За Свабоду" Аляксандр Мілінкевіч і гісторык Алесь Краўцэвіч, а таксама трое грамадзян ЗША — прафесар Дэвід Полік, прарэктар па развіцці і камунікацыі ЕГУ Дарыюс Удрыс і дырэктар офіса Інстытута міжнароднай адукацыі ў Маскве Эдвард Рослаф. 
Група беларускіх грамадскіх і культурных дзеячаў выказала недавер камітэту па выбарах рэктара ЕГУ з прычыны закрытасці яго працы. Грамадскія дзеячы настойвалі на тым, каб рэктарам ВНУ стаў выхадзец з Беларусі, а сам універсітэт захаваў беларускі вектар развіцця. 
У пачатку студзеня ў ЕГУ прайшла студэнцкая канферэнцыя, удзельнікі якой таксама заявілі пра неабходнасць зрабіць выбары рэктара адкрытымі. А кандыдаты павінны прадэманстраваць "разуменне беларускага кантэксту і сувязь з беларускім грамадствам, а таксама прадуманы падыход да фінансавых пытанняў, уключаючы план памяншэння адміністрацыйных выдаткаў ЕГУ", гаварылася ў выніковым дакуменце студэнцкай канферэнцыі. 
Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт адкрыўся ў Мінску ў 1992 годзе. У 2004-м беларускія ўлады, незадаволеныя самастойнасцю яго кіраўніцтва, закрылі ВНУ. Праз год ЕГУ аднавіў працу ў Вільнюсе, ён мае статус беларускага ўніверсітэта ў выгнанні. У ВНУ вучацца прыкладна паўтара тысячы студэнтаў, пераважна з Беларусі. Прыблізна два гады таму паміж адміністрацыяй і сенатам ЕГУ ўзнік канфлікт, звязаны з правядзеннем рэформы прафесарска-выкладчыцкага складу. Група выкладчыкаў, якая выступала супраць палітыкі адміністрацыі, заснавала платформу "За новы ЕГУ". 1 кастрычніка 2014 года большасць з іх пазбавіліся працы — з імі не прадоўжылі працоўныя кантракты.
Алена Спасюк, БелаПАН