Судзяць яшчэ аднаго гамельчука, які дапамагаў здымаць дзяржаўны сцяг

У судзе Цэнтральнага раёна Гомеля 6 траўня пачаўся разгляд крымінальнай справы аб «зрынанна» дзяржаўнага сцяга і замене яго на бел-чырвона-белы сцяг, па частцы 2 артыкула 339 КК (хуліганства).

gomel_sciag_2020.jpg

На лаве падсудных – інжынер Кірыл Брыг.

Нагадаем, 16 жніўня на цэнтральнай плошчы Леніна нехта спусціў з флагштоку дзяржаўны сцяг і падняў, як піша следчы А. Салаўёў, «сімвал, які не з'яўляецца атрыбутам улады», а менавіта бел-чырвона-белы сцяг. Літаральна праз дзень следчыя ўстанавілі яго асобу. Гэта быў прадпрымальнік Георгій Васіленка.

26 лістапада мінулага года суддзя Сяргей Салоўскі асудзіў прадпрымальніка да двух гадоў абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу — "хімія". І толькі значна пазней, верагодна дзякуючы аналізу відэазапісаў з камер назірання, стала вядома, што ён дзейнічаў не адзін. Сёння на новы суд у якасці сведкі выклікалі Георгія Васіленку.

Сёння ў судзе абвінавачаны Кірыл Брыг віну прызнаў цалкам і распавёў, як усё было, паведамляе TUT.BY.

У той дзень, 16 жніўня, ён, як і многія гамельчукі, гуляў з кампаніяй у цэнтры горада. Заўважылі, што дзяржсцягі спушчаны. Падышлі бліжэй.

— Хтосьці распавёў, што адна дзяўчына ўжо спрабавала зняць сцяг з флагштока, але ў яе гэта не атрымалася (...) Людзі сталі шукаць, чым зняць. Хтосьці папрасіў інструменты ў прысутных. Паколькі я працаваў інжынерам і больш прыстасаваны да працы з інструментамі, я ўзяў інструменты і спусціў сцяг да канца...

Хлопец з натоўпу прынёс вялікі сцяг БЧБ. Хтосьці прарабіў адтуліну ў сцягу, хтосьці прынёс пластыкавыя хамуты.

Мне сказалі: "Ты самы здаровы, ты і падымай".

— Заўвагі вам нехта рабіў? — цікавіцца пракурор.

— Не.

— А навошта рабілі гэта?

— Эфект натоўпу.

— Як ацэньваеце ўчынак?

— Не трэба было.

— Які вывад вы зрабілі? — пытаецца адвакат.

— Што трэба больш думаць.

У судзе сёння дапыталі сведак. Людзей, якія ў той дзень прысутнічалі на плошчы Леніна. Яны растлумачылі, што ў той час, калі здымалі дзяржфлаг, супрацоўнікі міліцыі знаходзіліся побач, але заўваг нікому не рабілі і не папярэджвалі, што дзеянні людзей незаконныя.

spring96.org