Спаленне карнікамі вёскі на фоне дзяржаўных сцягоў
У Докшыцкім раёне праводзяць інсцэніроўкі спалення беларускіх вёсак нацыстамі. Карнікі са свастыкамі на рукавах здзекаваліся з мірнага насельніцтва на фоне дзяржаўных і ведамасных сцягоў. Відаць, ідэолагаў аблвыканкама такое суседства не збянтэжыла, паведамляюць «Народныя навіны Віцебска».
Тэатралізаванае відовішча пра спаленне нацыстамі вёскі чарговы раз паказалі ў мемарыяльным комплексе "Шунеўка". Пераапранутыя карнікамі ўдзельнікі мерапрыемства гналі людзей. Ахвар пасля атачылі дзяўчаты з танцамі — відаць, яны мусілі сімвалізаваць полымя.
Фота з гэтага мерапрыемства былі апублікаваныя ў Facebook учора. На гэтых фотаздымках і відэа бачна, як людзі ў скураных плашчах і фуражках гоняць міма гледачоў калону жанчын. На рукавах у карнікаў чырвоныя павязкі са свастыкай. З дынамікаў гукавых установак раздаюцца аўтаматныя чэргі.
Зрэшты, гэта ўжо не прэм'ера падобнай "рэканструкцыі" спалення вёскі Шунеўка разам з жыхарамі, якое адбылося ў 1943 годзе. Мяркуючы па ўсім, гэтую інсцэніроўку ўпершыню паказалі 19 сакавіка гэтага года падчас рэспубліканскай акцыі "Памяць".
Тады там правялі абласную частку гэтай акцыі, прысутнічалі чыноўнікі з абласнога і раённага выканаўчага камітэтаў, а таксама звезлі шмат членаў БРСМ, «Белай Русі», Федэрацыі прафсаюзаў і таму падобных праўладных арганізацый.
Мяркуючы па фота, апублікаваных у раённай газеце і
газеце «Беларусь Сегодня", тады карнікі са свастыкамі на рукавах
здзекаваліся з мірнага насельніцтва на фоне дзяржаўных і ведамасных сцягоў.
Падобна і на тое, начальніка Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па
справах моладзі аблвыканкама, які прысутнічаў на мерапрыемстве, такое суседства
не збянтэжыла, і ён ухваліў далейшае выкарыстанне гэтай тэатралізаванай сцэнцы.
Зрэшты, верагодна, не ўсе палічылі падобныя інсцэніроўкі дарэчнымі. Так, у абласной газеце "Витебские вести" фота неадназначнага прадстаўлення ў рэпартаж з мерапрыемства разважліва не ўключылі.
Нядаўні паўтор інсцэніроўкі спалення Шунеўкі, хутчэй за ўсё, паказвалі ўдзельнікам якога-небудзь чарговага праўладнага аўтапрабегу.