Сваякі палітвязняў па справе чата: «Па парушэннях у судзе можна напісаць цэлую кнігу»
19 ліпеня 2021 года суддзя Дзмітрый Астапенка вынес прысуды адзінаццаці палітвязням, якіх прызналі вінаватымі па артыкулах 218, 293, 295 Крымінальнага кодэкса. Іх пазбавілі волі на тэрмін ад пяці да дзевяці гадоў у калоніі ўзмоцненага рэжыму. Як разглядалі справу?
Некалькі палітвязняў заявілі аб катаваннях падчас затрымання або напісання “чыстасардэчных прызнанняў”.
Усіх іх абвінавацілі ва ўдзеле ў тэлеграм-чаце "радыкальнага накірунку". Акрамя гэтага – у намеры знішчыць тры "Табакеркі": менавіта гэта, паводле версіі абвінавачвання, яны хацелі зрабіць 29 верасня, калі затрымалі асноўную частку ўдзельнікаў чата.
Сваякі палітвязняў ўпэўненыя, што справа далёка не такая адназначная, і сабралі факты, якія, на іх думку, гэта даказваюць. Яны ўпэўненыя, што пазіцыя абвінавачвання будуецца выключна на нічым не пацверджаных паказаннях 12-га фігуранта справы – Давіда Слашчова, у якіх знайшлі мноства нестыковак. Акрамя гэтага, блізкія асуджаных хлопцаў сабралі інфармацыю аб парушэннях падчас следства і суда ў дачыненні да ўсіх удзельнікаў працэсу. Сваімі назіраннямі яны падзяліліся з "Вясной"
"Паказанні Слашчова ляглі ў аснову абвінавачвання ўсіх палітвязняў"
Сваякі палітвязняў мяркуюць, што адзін з фігурантаў справы – Давід Слашчоў – правакаваў астатніх удзельнікаў на злачынствы, ведаючы пра іх эмацыйны стан. Пазней менавіта на яго трактоўках падзей і будавалася абвінавачванне. Здагадкі сваякоў грунтуюцца на некалькіх момантах.
Па-першае, менавіта Давід Слашчоў паказваў у чаце адрасы "Табакерак", каля якіх не ўстаноўленыя камеры, што робіць іх размяшчэнне зручным для падпалаў. Таксама – пісаў пра месца пражывання буйных чыноўнікаў, кажучы, што гэтай інфармацыяй з ім падзяліўся падпалкоўнік АМАП у адстаўцы.
Па-другое, пры затрыманні ён на відэа казаў, што яму заплацілі тысячу даляраў за падпалы "Табакерак": у судзе ён растлумачыў, што прыдумаў гэта праз спалох. Але ўжо на наступны дзень пасля затрымання на беларускім тэлебачанні выйшаў выпуск з заявай аб праплочаных радыкальных мерах пратэстоўцаў.
"На допытах да і падчас суду ён не згадваў пра тое, што яго збівалі: ён распавёў пра гэта ў інтэрв'ю "Вясне", але змаўчаў аб тым, што яго прымусілі казаць пра тысячу даляраў за падпалы, – распавялі сваякі палітвязняў. – Гэта навяло нас на думку, што ён скарыстаўся гучнай заявай аб збіванні Карпянковым, каб пацвердзіць у матэрыяле, што ён распавядаў на допытах праўду, тым самым пацвердзіўшы віну астатніх абвінавачаных. Аднак абвінавачаныя сцвярджаюць, што збіванні ў Першамайскім РАУС праводзіліся людзьмі ў балаклавах: адпаведна, бачыць тых, хто гэта рабіў, Слашчоў не мог. Ягоныя апісанні цялесных пашкоджанняў таксама не адпавядаюць прадстаўленай фатаграфіі".
Па-трэцяе, сваякі палітвязняў упэўненыя, што ён даваў такія паказанні, якія дазвалялі пракурору выгадна будаваць абвінавачванне: апазнаваў людзей, якіх не ведаў, казаў, што на сустрэчы прысутнічалі людзі, якіх на самай справе там не было.
"Ягоныя паказанні дазволілі пасадзіць хлопцаў на вялікія тэрміны, – упэўненыя сваякі. – Хоць яго адказы адвакатам былі супярэчлівымі, сярод іх былі шматлікія "не ведаю, не памятаю, цяжка адказаць". Напрыклад, на допыце ад 30 верасня ён кажа, што гаворка ў чаце ішла аб запеньванні або падпалах, а падчас суда – пра тое, што дамаўляліся толькі пра падпалы, хоць пры затрыманні ні ў каго пры сабе не было знойдзена ніякіх прыстасаванняў для падпалаў, запальных сумесяў або іншых рэчаў".
Вядома, што адразу пасля затрымання Слашчоў адзіны з усіх затрыманых апынуўся пад падпіскай аб нявыездзе, нягледзячы на тое, што на яго было шмат кампрамату: ён быў досыць актыўным удзельнікам чата. Усім астатнім абвінавачаным мерай стрымання абралі заключэнне пад варту.
“Частка паказанняў Слашчова – хлусня, – мяркуюць сваякі. – Напрыклад, у судзе ён казаў, што яму было вядома аб выпрабаванні запальнай сумесі ў гаражы, а да суда ён даваў паказанні з нагоды выпрабавання запальнай сумесі ў некага ў кватэры. Ёсць таксама ягоныя паказанні ў дачыненні да іншых удзельнікаў, якія пацвярджаюцца толькі ягонымі словамі: напрыклад, што Плоніс прапануе яму пісталет пры асабістай сустрэчы.
У выніку паказанні Слашчова ляглі ў аснову абвінавачвання ўсіх палітвязняў: яму нельга верыць, мы хочам задаць яму шмат пытанняў. Пасля двух дзён паказанняў Слашчоў з'ехаў з краіны: хоць пры затрыманні ў яго быў сапсаваны пашпарт, і мы не ўпэўненыя, ці быў на судзе на самай справе Слашчаў. На спрэчках адакаты мелі намер задаць яму ўдакладняючыя пытанні, аднак на іх малады чалавек не з'явіўся".
"Па парушэннях у судзе можна напісаць цэлую кнігу"
З матэрыялаў справы стала вядома, што апазнанне ўдзельнікаў чата падчас допыту было праведзенае з парушэннямі закона метадам выключэння з двух фатаграфій. На апазнанні ад следчага ён даведаўся прозвішчы абвінавачаных і нікі, пад якімі яны фігуравалі ў чаце: гэта дало яму магчымасць апазнаваць іх у твар ужо ў судзе. На сустрэчныя пытанні ён адказваў неканкрэтна.
Сваякі палітвязняў упэўненыя, што па парушэннях у судзе можна напісаць цэлую кнігу. Так, шэраг доказаў па справе немагчыма ўявіць сапраўднымі.
"Прызнальныя паказанні 11-ці абвінавачаных выбіваліся збіваннямі і катаваннямі, – падкрэслілі яны. – Неаднаразовыя хадайніцтвы адвакатаў аб прызнанні несапраўднымі паказанняў, атрыманых пад катаваннямі, адхіляліся. Згодна з судмедэкспертызай, "не ўяўляецца магчымым вызначыць характар цялесных пашкоджанняў, таму што не апісаныя абставіны атрымання пашкоджанняў" – пабоі дубінкамі і нагамі па твары, галаве і ва ўсім целе. Хадайніцтва далучыць да справы дадзеныя судмедэкспертызы таксама былі адхіленыя.
Доказам быў прызнаны агляд працоўнага месца, праведзены з парушэннямі: панятыя пры аглядзе апынуліся прадстаўнікамі міліцыі, ён таксама быў праведзены без прысутнасці начальніка. У пратаколе агляду над знакам Z былі дапісаныя дадзеныя".
Таксама доказамі прызнаныя рэчы, якія пры затрыманні не пакаваліся і не апячатваліся. Акрамя гэтага – відэа ў YouTube, змантаванае з розных урыўкаў рознага часу з фрагментамі прадметаў, якіх не было ў абвінавачаных пры затрыманні.
Сярод доказаў – канфіскаваныя з кватэры абвінавачанага нажы, якія па характарыстыках не адпавядаюць халоднай зброі ні па даўжыні тронка, ні па даўжыні ляза нажа. Акрамя гэтага, агнястрэльнай зброяй прызнаныя два пісталеты 1930 года, якія знаходзяцца ў непрацоўным стане: у іх не рухаюцца працоўныя механізмы, яны апрыёры не могуць стрэліць.
"Пракурор і суддзя пагрэбавалі усімі законамі"
Арцёму Касакоўскаму, Дзмітрыю Ластоўскаму, Дзмітрыю Жабуртовічу прысудзілі пяць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму паводле арт.293 КК праз арт. 13 КК за ўдзел у масавых беспарадках. Паводле прысуду суда, яно суправаджалася гвалтам над асобай і пагромамі і падпаламі, якія не былі даказаныя. Таксама не была знішчаная маёмасць.
Паўлу Нядбайла, Расціславу Стэфановічу, Яўгену Прапольскаму, Аляксандру Рэзніку, Сяргею Плонісу, Арцёму Міцуку, Аляксандру Юрчыку прысудзілі 8 гадоў узмоцненага рэжыму паводле арт. 218 КК праз арт. 13 КК. Аднак пракурорам не было агучана канкрэтных доказаў іх віны: толькі здагадкі і сумніўнае меркаванне, заснаванае на блытаных і супярэчлівых апавяданнях Слашчова.
Юрый Бялько атрымаў дзевяць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму паводле тых жа артыкулаў, а таксама паводле арт 295 КК за іржавыя пісталеты, якія былі прызнаныя страляючымі. Таксама не была даказаная принадлежнлсть зброі Юрыю: адсутнічалі адбіткі і супадзенне ДНК па біаматэрыяле.
"Суд паказаў сваё грэбаванне Канвенцыяй па правах чалавека ААН і сказанай у ёй прэзумпцыі невінаватасці, – упэўненыя сваякі палітвязняў. – Пракурор Аляксандр Рамановіч і суддзя Дзмітрый Астапенка занядбалі ўсімі законамі і асудзілі людзей, кіруючыся асабістымі сумнеўнымі здагадкамі, не маючы дакладных доказаў".
Сваякі таксама хочуць звязацца з Давідам Слашчовым, каб атрымаць ад яго каментары па супярэчнасцях у ягоных паказаннях.