“Святар — хто ў сэрцы творыць свята”: прысвячэнне айцу Аляксандру Надсану

21 кастрычніка ў бібліятэцы Нацыянальнай акадэміі навук адбылася прэзентацыя кнігі «Сонца тваё не закоціцца, і месяц твой не схаваецца».

Кніга, у якую ўвайшлі каля 100 артыкулаў навукоўцаў і грамадскіх дзеячаў з 14 краін, якія прадстаўлялі розныя культуры і веравызнанні, прысвечана апостальскаму візітатару для беларусаў-каталікоў у замежжы, дырэктару бібліятэкі імя Францыска Скарыны ў Лондане, навуковаму, рэлігійнаму і грамадскаму дзеячу, грэка-каталіцкаму святару Аляксандру Надсану.



8ce5d989374d216a867cdc8871484b43.jpg

21 кастрычніка ў бібліятэцы Нацыянальнай акадэміі навук адбылася прэзентацыя кнігі «Сонца тваё не закоціцца, і месяц твой не схаваецца».
Кніга, у якую ўвайшлі каля 100 артыкулаў навукоўцаў і грамадскіх дзеячаў з 14 краін, якія прадстаўлялі розныя культуры і веравызнанні, прысвечана апостальскаму візітатару для беларусаў-каталікоў у замежжы, дырэктару бібліятэкі імя Францыска Скарыны ў Лондане, навуковаму, рэлігійнаму і грамадскаму дзеячу, грэка-каталіцкаму святару Аляксандру Надсану.
Унікальнае выданне, выпушчанае выдавецтвам “Тэхналогія (рэдактар Зміцер Санько) адносіцца да кніг-фэстшрыфтаў, калі аўтары тэкстаў складаюць свае артыкулы пад адной вокладкай з мэтай уганараваць паважаную асобу. А постаць аўтара, які прыехаў з Лондана ў Мінск, каб сустрэцца са сваімі шматлікім  сябрамі і прысутнічаць на падзеі, не можа не выклікаць вялікай павагі. Тое, што здзейсніў айцец Аляксандр у служэнні Богу, навуковай працы і дабрачыннай дзейнасці, нашмат перавышае магчымасці звычайнага чалавека.
Кніга, як паведаміла вядоўца вечарыны і рэдактар выдання доктар тэалогіі Ірына Дубянецкая, меркавалася да выпуску яшчэ да 80-годдзя айца Аляксандра ў 2006 годзе. Праз два гады мінула і 50-годдзе святарскай дзейнасці Аляксандра Надсана, але фаліянт, памер якога перавысіў 600 старонак, удалося выпусціць толькі ў 2010.
Затое праца атрымалася дасканалай. Яна падзелена на раздзелы, што адпавядаюць сферам жыццёвых зацікаўленасцяў юбіляра: беларусістыка (з шэрагам падраздзелаў), багаслоўе (унікальны для беларускага навуковага друку накірунак, таксама структураваны на некалькі тэматычных частак) і паэзія. Нядзіва, што беларуска-англамоўнае выданне, у якім тэксты з розных моў свету перакладаліся на гэтыя дзве асноўныя, рэдагавалі адразу тры вядомыя даследчыкі — сама Ірына Дубінецкая, Арнольд МакМілін з Лондану і Генадзь Сагановіч.
Да ўрачыстай падзеі супрацоўнікі аддзела рэдкай кнігі на чале з Аляксандрам Стэфановічам падрыхтавалі адмысловую выставу “Айцец Аляксандр Надсан: жыццё для Беларусі, прысвечаную герою падзеі — яго ўласных публікацый (якіх налічылася каля 200, разам з тэалагічнымі працамі і ўнікальнымі даследаваннямі творчасці Кірыла Тураўскага, Францыска Скарыны, беларускіх татарскіх аль-кітабаў) і публікацый пра яго.
Удзячнасць прысутных цалкам зразумелая. Апрача царкоўнай, грамадскай, навуковай дзейнасці, Аляксандр Надсан — сталы каардынатар дапамогі Чарнобыльскай Беларусі, першы з дзеячаў замежжа, які на поўны голас сказаў пра беларускую трагедыю 1986 года ў Еўропе і распачаў практычную дзейнасць па пераадоленні яе наступстваў. Беларуская грэка-каталіцкая місія ў Лондане і рэдкі збор беларусістыкі — бібліятэка імя Францыска Скарыны, якімі ўжо шмат год апякуецца юбіляр, заўсёды гасцінна адкрытыя для наведвальнікаў, гасцей, даследчыкаў.
На вечарыне гучала беларуская рэлігійная і свецкая музыка ў выкананні хору Мінскай архікатэдры і трыа “Вытокі (фартэпіяна, флейта, фагот) пад кіраўніцтвам Аляксея Фралова. Гучалі словы ўдзячнасці і ўзнёслыя вершы, прачытаныя аўтарамі — Алесем Разанавым, Сяржуком Сысам (які ў той самы дзень быў прыняты ў Саюз беларускіх пісьменнікаў), Галінай Дубянецкай. Айца Аляксандра вітаў кіраўнік грэка-каталіцкай царквы ў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек.
Напрыканцы сустрэчы, выказваючы падзяку сваім сябрам, айцец Аляксандр зазначыў, што ягоны жыццёвы прынцып — заўсёды старацца не адкладаючы зрабіць тое, што патрэбна сёння, і як беларус, і як святар. Пры гэтым, сказаў юбіляр, “як бы далёка я не быў ад Беларусі, я стараўся быць беларусам.
Яшчэ адна прэзентацыя кнігі напярэдадні адбылася ў ЕГУ ў Вільні, апошняя трэцяя пройдзе ў Лондане 11 снежня ў Згуртаванні Беларусаў Вялікай Брытаніі на 52 Penn Road а 16 гадзіне.