Святаслава Барановіча, асуджанага за гвалт да міліцыянтаў, чакае новы суд
Суд будзе вырашаць пытанне аб змене рэжыму адбыцця пакарання Барановічам на больш жорсткі.
У судзе горада Наваполацка
12 кастрычніка будзе разглядацца справа Святаслава Барановіча, асуджанага за
ўжыванне гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў. Паседжанне
пройдзе фактычна ў закрытым рэжыме, паколькі адбудзецца на тэрыторыі Папраўчай
калоніі №1 Новаполацка, дзе ён адбывае пакаранне. Суд будзе вырашаць пытанне аб
змене рэжыму адбыцця пакарання Барановічам на больш жорсткі.
У апошні час на зняволенага адміністрацыя калоніі наклала каля 9 дысцыплінарных спагнанняў, а па звестках, якія атрымала адна з ягоных сясцёр, апошні месяц ён правеў у карцары.
Праваабаронцам стала вядома інфармацыя аб тым, што ягоная сястра перастала атрымліваць лісты ад брата яшчэ ў ліпені. Яе звароты у Дэпартамент выканання пакаранняў наконт адсутнасці лістоў былі безвыніковымі.
Аб тым, што над братам адбудзецца суд сястра даведалася толькі дзякуючы таму, што Барановіч 5 кастрычніка запатрабаваў адваката, у выніку чаго судовае паседжанне было перанесена на 12 кастрычніка.
Хто такі Святаслаў Барановіч?
15 сакавіка 2017 году, калі ў Мінску праходзіў «Марш недармаедаў», адбылася спроба затрымаць частку мітынгоўцаў у масках падчас іх пасадкі ў тралейбус супрацоўнікамі міліцыі ў цывільным. Усчалася бойка. Пазней следства, прагледзеўшы відэазапісы бойкі, ўстанавіла, што менавіта Барановіч некалькі разоў ударыў міліцыянта па галаве на прыпынку тралейбуса каля плошчы Бангалор.
Святаслаў Барановіч быў затрыманы напачатку кастрычніка і змешчаны пад варту ў СІЗА №1 Мінска.
15 лютага 2018 года ў судзе Маскоўскага раёна г. Мінска распачаўся судовы працэс па крымінальнай справе Святаслава Барановіча, якому было прад’яўлена абвінавачванне ва ўжыванні гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутранных спраў (арт. 364 Крымінальнага кодэксу). Падчас судовага працэсу Барановіч прызнаў сваю віну.
Пракурор Сергіенка папрасіла для актывіста чатыры гады зняволення. Яго чыстасардэчнае прызнанне яна назвала змякчальнай акалічнасцю, а ранейшую судзімасць за Плошчу-2010 — абцяжарвальнай.
12 сакавіка Барановіча асудзілі на 3 гады пазбаўлення волі. Ён абскардзіў прысуд, але 4 траўня калегія Мінгарсуда пакінула касацыйную скаргу без задавальнення. Барановіча тады ў суд не прывезлі, хадайніцтва адвакаткі наконт гэтага адхілілі.
Што здарылася ў 2010 годзе?
Святаслаў Барановіч – адзін з пакараных удзельнікаў акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў 19 снежня 2010 г. у Мінску (Плошча-2010). Быў затрыманы па крымінальнай справе аб “масавых беспарадках”, аднак гэта здарылася ня ў першыя дні альбо тыдні, а ажно 15 чэрвеня 2011 г. Фактычна на той час крымінальная справа была ўжо зачыненая і па ёй прайшлі дзясяткі судоў.
Святаслаў Барановіч быў змешчаны пад варту ў менскі СІЗА № 1 па вуліцы Валадарскага. 21 чэрвеня 2011 г. ён быў абвінавачаны ва ўдзеле ў масавых беспарадках.
12 кастрычніка 2011 г. суд Маскоўскага раёну Менску пад старшынствам суддзі Алены Рудніцкай прыгаварыў яго да 3 гадоў абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу. Суд ужыў у дачыненні да Святаслава Барановіча арт. 70 КК Рэспублікі Беларусь і палічыў магчымым вынесці прысуд, меншы за мінімальны, прадугледжаны ч. 2 арт. 293 КК Рэспублікі Беларусь, патлумачыўшы гэта наяўнасцю змякчаючых абставінаў – маладога ўзросту Барановіча і наяўнасці ў яго месца працы.