Шчасце, боль, адчай... 18 найлепшых здымкаў Надзеі Бужан — фіналісткі World Press Photo
Фатографка «Нашай Нівы» Надзея Бужан днямі стала фіналісткай самага прэстыжнага конкурсу прафесійнай фатаграфіі ў свеце. Пераможцаў назавуць 15 красавіка. Здымак, на якім Вольга Севярынец з кветкамі чакае мужа пад Акрэсціна, трапіў у спіс найлепшых у намінацыі «гарачыя навіны». У нашай падборцы ён першы. За ім — кадры лета 2020 і самых яркіх рэпартажаў і гісторый.

Вольга Севярынец чакае мужа Паўла каля цэнтра ізаляцыі
правапарушальнікаў на Акрэсціна. У той дзень маці Паўла патэлефанавала ў
ізалятар з пытаннем, ці вызваляюць яе сына сёння, і атрымала адказ, што так.
Пазней Вольга яшчэ раз званіла ў турму з тым жа пытаннем. Там пацвердзілі, што
Павел выйдзе на свабоду. У выніку Вольга прастаяла больш за дзве гадзіны пад
сценамі турмы, чакаючы вызвалення мужа. Паўла так і не выпусцілі. Ліпень 2020
года, Мінск.

Дзяўчаты цалуюцца на фоне «сцяны» сілавікоў. Здымак зроблены
падчас мірнага нядзельнага маршу нязгодных з вынікамі прэзідэнцкіх выбараў.
Жнівень 2020 года, Мінск.

Затрыманні ля мінскай філармоніі 19 чэрвеня — у апошні дзень збору подпісаў за кандыдатаў у прэзідэнты.

9 жніўня 2020 года, Мінск. Дзень выбараў. Нязгодныя з папярэднімі вынікамі галасавання выйшлі на вуліцы. Для разгону дэманстрантаў сілавікі выкарысталі святлошумавыя гранаты і гумовыя кулі. Адзін з аўтазакаў заехаў у натоўп ззаду. У апошні момант людзі зразумелі, што проста на іх едзе вайсковая машына. Частка адбегла ўбок. Іншая частка натоўпу паспрабавала спыніць машыну і ўскочыць на яе.

Група вайскоўцаў адціскае пратэстоўцаў з дапамогай стрэльбы і святлошумавых гранат. Жнівень, раён метро Пушкінская, Мінск.

Жанчына стаіць на каленях перад сілавікамі падчас нядзельнага маршу. Жнівень 2020 года, Мінск.

Дзяўчына вітае ўдзельнікаў мірнага нядзельнага маршу. Жнівень 2020 года, Мінск.

Першы нядзельны марш, 16 жніўня 2020 года.

Жанчыны абараняюць мужчын ад сілавікоў. Верасень 2020 года, Мінск.

Дэманстрант з бел-чырвона-белым сцягам на спіне стаіць перад вадамётам. Кастрычнік 2020 года, Мінск.

Ніна Багінская (справа) падчас аднаго з жаночых маршаў. Верасень 2020 года, Мінск.

23 верасня, Мінск. У дзень, калі Аляксандр Лукашэнка правёў таемную інаўгурацыю, людзі выйшлі на вуліцы. На фота амапавец перабінтоўвае разбітую галаву жанчыне, якая пацярпела падчас разгону мірных дэманстрантаў.

Затрыманні падчас мірнага жаночага маршу супраць гвалту. Верасень 2020 года, Мінск.

Наталля Сазановіч, якая аднойчы кінула прэстыжную працу зубнога тэхніка ў сталіцы, каб пад Жодзіна працаваць на конезаводзе «Зарэчча», адзіным месцы ў Беларусі, дзе сёння разводзяць мясцовую пароду коней — беларускую запражную.

Цягнік Гомель — Гродна: 804 кіламетры чыгункі, 16 гадзін 40 хвілін.

У некаторых рэгіёнах Беларусі некалькі год таму з'явіліся «ўніверсальныя міліцыянты» — гэта калі мясцовы ўчастковы атрымлівае паўнамоцтвы супрацоўніка крымінальнага вышуку і інспектара па справах непаўналетніх. У невялікіх гарадах чалавеку з пашыранымі паўнамоцтвамі прасцей кантраляваць сітуацыю. Сутнасць заключаецца ў тым, каб быць бліжэй да народа. На фота малады ўчастковы-шэрыф, капітан Аляксей Дайлідка падчас абыходу сваіх «падапечных». Воранава, 2019 год.

Штогадовы кангрэс Сведкаў Іеговы на мінскім стадыёне «Трактар».

Сяргей Нагліс і яго дачка Каця жывуць на дзве пенсіі: яго працоўная, яе — па інваліднасці. Дачку тата выхоўвае адзін, а таму няблага арыентуецца ў краме сярод паліц з шампунямі і крэмамі, мае ў арсенале колькі страў і ў курсе дзявочых перажыванняў.