Шэсце і мітынг у памяць аб ахвярах сталінскіх рэпрэсій адбыліся ў Мінску

Памяць аб ахвярах сталінскіх рэпрэсій дапаможа захаваць Беларусь, адзначыў лідар Кансерватыўна-хрысціянскай партыі — БНФ Зянон Пазьняк у звароце да ўдзельнікаў мітынгу, які прайшоў 11 лістапада ў Лошыцкім яры ў Мінску.

Ілюстрацыйны здымак

Ілюстрацыйны здымак


Мерапрыемства было арганізавана Кансерватыўна-хрысціянскай партыяй — БНФ і дазволена Мінгарвыканкам. Каля чатырох дзясяткаў удзельнікаў шэсця пад бел-чырвона-белымі сцягамі і пад наглядам міліцыі прайшлі ад палаца культуры "Лошыцкі" па вуліцы Маякоўскага да Лошыцкага яра, дзе з 13.00 да 13.40 прайшоў мітынг.
Зварот Пазьняка зачытаў яго намеснік Сяргей Папкоў. У ім палітык адзначыў, што, паводле агульных ацэнак, у 1937 годзе НКУС расстраляла у Лошыцкім яры не менш за 10 тысяч чалавек. Паводле слоў Пазьняка, акрамя Курапатаў і Лошыцы, людзей расстрэльвалі таксама «ў лесе Ваньковіча, дзе цяпер парк Чалюскінцаў, каля Баравой, скідвалі трупы ў балота каля Кунцаўшчыны, Трасцянца і ў іншых месцах».
Пазьняк спаслаўся на сучаснага даследчыка тэрору ў СССР Цімаці Снайдэра, які падлічыў, што ў Беларусі ў той час «было расстраляна і закатавана да смерці ў 25 разоў больш людзей, чым у Расіі», а Беларусь, на думку даследчыка, «была самай страшнай зонай смерці ў свеце».
«Варвары спецыяльна расстрэльвалі лепшых людзей — вучоных, настаўнікаў, паэтаў і пісьменнікаў, сялян-працаўнікоў, святароў, выхадцаў з шляхты, беларускую адміністрацыю і вярхушку кампартыі, — адзначыў у сваім звароце Пазьняк. — Гэта быў генацыд не толькі па этнічнай, але і па нацыянальна-арыентаванай прыкмеце. Вывучэнне статыстыкі і засакрэчаных улікаў насельніцтва паказвае, што з 1921 па 1941 гады з Беларусі знікла каля двух мільёнаў чалавек з улікам высланых і пасаджаных у турму».
Лідар КХП-БНФ адзначыў, што даведаўся пра падзеі ў Лошыцы ў 1988 годзе, але ён адклаў даследаванні з-за таго, што быў заняты Курапатамі. Праз год Пазьняк, паводле яго слоў, выявіў, што Лошыцкі яр засыпалі, а пазней на ім з`явіўся гаражны комплекс. На яго думку, такім чынам савецкія спецслужбы паспрабавалі схаваць сляды мінулых злачынстваў. Праводзіць даследаванні на гэтым месцы аказалася немагчымым.
«Але людская кроў не вада. Кансервацыя злачынстваў у Лошыцы яшчэ дачакаецца свайго часу, бо свет і навука не стаяць на месцы», — падкрэсліў палітык.
Пазьняк заклікаў беларусаў памятаць сваіх продкаў, каб «часы варварства і смерці не вярнуліся». «Памятаючы пра іх, захаваем краіну», — сказаў ён.
На мітынгу таксама выступілі намеснікі старшыні КХП-БНФ Юрась Беленькі, Сяргей Папкоў і адказны сакратар партыі Алесь Чахольскі.
Паводле БелаПАН