Школ і садкоў у Беларусі становіцца ўсё менш

За апошнія 6 гадоў колькасць ясляў, дзіцячых садкоў, школ і ВНУ ў Беларусі няўхільна скарачаецца.

zabroshennaya_shkola_1.jpg


Такія дадзеныя ўтрымліваюцца ў статыстычным бюлетэні «Адукацыя ў Рэспубліцы Беларусь 2016-2017», падрыхтаваным Белстатам. Згодна з дакументам, у нашай краіне з 2010 па 2016 год знікла 220 аб'ектаў дашкольнай адукацыі, 499 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, 33 установы прафесійна тэхнічнай адукацыі і 4 установы вышэйшай адукацыі. Павелічэнне зафіксавана толькі сярод устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі. З 214 аб'ектаў у 2010 годзе іх колькасць вырасла да 230 ў 2016, піша Thinktanks.by.
Асноўнае скарачэнне ўстаноў адукацыі адбываецца ў сельскай мясцовасці. У гарадах і гарадскіх пасёлках, наадварот, адзначаны рост іх колькасці. Там за 6 гадоў пачала працаваць 61 ўстанова дашкольнай адукацыі, а таксама 108 школ, ліцэяў і гімназій. Зразумела, што ПТВ, тэхнікумы і ВНУ на сяле і раней не ўзводзіліся.

Дашкольныя ўстановы

Як паказвае статыстыка, забяспечанасць дашкольнымі ўстановамі ў Беларусі пакідае жадаць лепшага. У цэлым па краіне на 100 месцаў ва ўстановах дашкольнай адукацыі прыходзіцца 107 дзетак-шукальнікаў. У 2010 годзе гэтая лічба была 104. Пры гэтым самая сумная сітуацыя цяпер складаецца ў Мінску, дзе на 100 месцаў прыходзіцца 116 дзяцей.
У той жа час у яслі, дзіцячыя сады і іншыя падобныя арганізацыі ў цэлым па Беларусі ходзіць 75% дзяцей ва ўзросце ад 1 да 5 гадоў. У Мінску такі ахоп дзяцей складае 87,3% і з'яўляецца самым высокім паказчыкам па краіне.
Усяго ж у дашкольныя ўстановы ў Беларусі ў 2016 годзе наведвалі 418 тысяч дзяцей, тады як у 2011 — 387 тысяч.

Школы

Разам з тым, колькасць вучняў у беларускіх школах за шэсць гадоў вырасла на 44 тысячы чалавек. Калі ў 2011 годзе школы, гімназіі і ліцэі наведвала 938 тысяч школьнікаў, то ў 2016 — 982 тысячы.
Пры гэтым на 11,5 тысяч скарацілася колькасць настаўнікаў у школах. Калі ў 2010 годзе ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі працавала 111,7 тысяч настаўнікаў, уключаючы кіраўнікоў, то ў 2016 годзе іх стала 100,2 тысячы.
Характэрна, што калі ў 2016 годзе ў Беларусі дзейнічала 3155 ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, то ў яшчэ 2005 годзе такіх устаноў у нас налічвалася 4,1 тысяч, а ў 2000 — 4,7 тысяч. У 1994 годзе агульная колькасць школ у Беларусі складала каля 5 тысяч.

Каледжы і ВНУ

Вучылішча, каледжы і ВНУ дэманструюць спад колькасці навучэнцаў.
Так ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай адукацыі ў 2010 годзе ў Беларусі вучылася 106 тысячаў чалавек. У 2016 годзе гэты паказчык крыху перавысіў 70 тысяч.
Калі ў 2010 годзе ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай адукацыі вучыліся 167 тысяч чалавек, то ў 2016 — 117 тысяч.
За апошнія 6 гадоў амаль на 130 тысяч чалавек зменшылася колькасць беларускіх студэнтаў. Калі ў 2010 годзе ў ВНУ вучылася 442,9 тысяч, то ў 2016 - 313,3 тысячы. Пры гэтым на за 110 тысяч скарацілася колькасць студэнтаў, якія навучаюцца на платнай аснове.
Дарэчы, паменшылася і колькасць прафесарска-выкладчыцкага складу ва ўстановах вышэйшай адукацыі. Калі ў 2010 годзе ў ВНУ Беларусі выкладалі 24,4 тысячы чалавек, то ў 2016 — 21,6 тысяч.
Зыходзячы з тэндэнцый, можна зрабіць выснову, што колькасць вучняў у школах у бліжэйшай перспектыве будзе ўзрастаць. У той жа час колькасць аб'ектаў дашкольнай і сярэдняй адукацыі, якія адкрываюцца, відавочна непрапарцыйная колькасці тых, што зачыняюцца, і патрэба ў іх будзе павялічвацца. Рэзкае ж памяншэнне ліку студэнтаў наўрад ці сведчыць пра рост якасці адукацыі за кошт скарачэння колькасці. Шмат у чым яго заслуга — дэмаграфічная яма сярэдзіны-канца 90-х і пэўная незадаволенасць эфектам ад вышэйшай адукацыі ў Беларусі для забеспячэння далейшага матэрыяльнага дабрабыту маладых людзей.
Паводле ej.by