Што можа адзін настаўнік

Да «Дня яднання народаў Беларусі і Расіі» настаўнікаў сталічнай беларускамоўнай (!) гімназіі №14 абавязалі распавесці дзецям пра тое, што беларусы і рускія — адзін народ.

uchitel_germ.jpg

Сярод абавязковых мерапрыемстваў, якія да 2 красавіка павінны былі арганізаваць настаўнікі, — правядзенне класных і інфармацыйных гадзін на тэму «яднання», дэманстрацыя відэаролікаў, выстаў. Калі інфармацыя пра гэта трапіла ў СМІ, людзі сталі абурацца: калі ў беларускамоўнай гімназіі такое робіцца, то што казаць пра звычайныя школы…

Хутчэй за ўсё, гэты план мерапрыемстваў — не ўласная ініцыятыва адміністрацыі гімназіі, а спушчаная зверху паперчына. Іншая справа, ад кожнага канкрэтнага настаўніка залежыць, як паставіцца да яе выканання.

Падчас майго школьніцтва канца 1990-х — пачатку 2000-х гадоў у задачы класных кіраўнікоў, сярод іншага, уваходзілі такія рэчы, як збор грошай на школьныя абеды, у музеі, на «Чырвоны Крыж», рамонт і іншую трасцу, а таксама на БРСМ. Увогуле, прымусам уступіць у БРСМ займаўся ўвесь педагагічны калектыў школы: ад дырэктара да класнага кіраўніка (цяпер мала што змянілася, калі ўзгадаць намесніцу дырэктара мінскай гімназіі, якая мінулай восенню праславілася дзякуючы апублікаванаму ў СМІ аўдыёзапісу загону ў гэтую арганізацыю).

Дык вось, калі класная была яшчэ прадметнікам, то ў большасці выпадкаў урокі па прадмеце сыходзілі на вырашэнне ўсіх гэтых арганізацыйных пытанняў. Ніколі не забуду, як кожная з класных (якія мяняліся штогод, а то і па некалькі разоў на год) са слязьмі на вачах казала нам, дзецям, што, калі мы не напішам заявы ў БРСМ ці не забяспечым 80-працэнтны ахоп абедамі, іх пазбавяць прэмій. Нам было шкада настаўніц — і мы, адчуваючы сябе вінаватымі, запісваліся на ненавісны абед… Адзінае пачуццё, якое выклікалі гэтыя класныя, — шкадаванне, але ніяк не павага.

Можа быць таму ў нас даўно лічыцца нармальным, што настаўнікі для вучняў і іх бацькоў не ўяўляюць ніякага аўтарытэту? Дзяржава ні ў што не ставіць настаўнікаў, пазбавіўшы гэтую прафесію прэстыжу і дастойнай аплаты ды пераўтварыўшы ў адміністрацыйна-ідэалагічны рэсурс. Паглядзіце толькі на прахадныя балы цэнтралізаванага тэставання, з якімі паступаюць абітурыенты ў педуніверсітэты. Ці здольныя будуць такія студэнты пасля да навучання дзяцей. А вось да выканання даведзеных паказчыкаў яны акурат падыходзяць.

Але ёсць і выключэнні. У дзявятым класе да нас прыйшоў новы гісторык. Ён звяртаўся да нас, 15-гадовых падлеткаў, выключна на «Вы», — і гэта было так незвычайна і прыемна; захопліваў цікавымі фактамі, вазіў на экскурсіі. Тады для многіх з нас гісторыя стала ўлюбёным прадметам. У той час акурат праходзіла выбарчая кампанія 2006-га года, і ў школе сталі з’яўляцца ўлёткі з інфармацыяй пра акцыі пратэсту. Убачыўшы іх, наш гісторык сказаў: «Як настаўнік я павінен забараніць вам прыходзіць на гэтыя акцыі. Але як грамадзянін я іх падтрымліваю. Нам з вамі яшчэ разам жыць у гэтай краіне».

На шчасце, і сёння сярод настаўнікаў ёсць тыя, для каго важна навучыць школьнікаў самаму галоўнаму — думаць. Я ведаю выкладчыкаў, якія 2 красавіка распавядалі сваім вучням не пра «адзіны народ», а пра тое, што ў гэты дзень у 1949 годзе ў Лагойску нарадзіўся кампазітар, дырыжор, збіральнік беларускага фальклору Алесь Рашчынскі. Ведаю выкладчыкаў, якія прыводзяць сваіх вучняў на экскурсіі і талокі ў Курапаты і на Вайсковыя могілкі і ўласным прыкладам паказваюць, што памяць трэба бараніць. Мне знаёмыя настаўнікі, якія ў свае законныя выхадныя 13–14 красавіка збяруць сваіх навучэнцаў і павядуць на «Фэст экскурсаводаў», каб дзеці даведаліся пра родны горад тое, чаго не прачытаюць у падручніках, і каб у іх сэрцах пасяліліся любоў і гонар за сваё — роднае і сапраўды ўнікальнае.

Ёсць сярод настаўнікаў тыя, хто не баіцца і наадрэз адмаўляецца ўваходзіць у склад выбарчых камісій і фальсіфікаваць вынікі галасаванняў. Нягледзячы на ўсе пагрозы і ціск, яны застаюцца на сваіх месцах. Чаму? Можа, таму, што выклікаюць павагу?

Але такіх, на жаль, адзінкі. Бо значна прасцей распавядаць на ўроках пра геніяльнага рускага паэта Пушкіна (бясспрэчна, геніяльнага, але чужога!), чым пра не менш геніяльнага нашага Дубоўку, пра якога і звестак — кату па пяту. Даследаваць, капацца ў архівах, вяртаць у памяць імёны і лёсы і адкрываць іх дзецям — на гэта хапае хіба што імпэту Ганны Севярынец. Вы толькі ўявіце, як змянілася б наша школа, калі б усе выкладчыкі былі здольныя шукаць новыя падыходы да выкладання, у рыпучым ужо на зубах Купалавым «бо я мужык, дурны мужык» бачыць сучасны кантэкст і ўмець паказаць шматлікія грані і падтэксты здаўна знаёмых твораў!

А яшчэ — не баяцца і любіць. Бадай, гэта, разам з мысленнем, галоўнае, што можа зрабіць і чаму павінен вучыць кожны настаўнік.