Што рабіць, калі дзіця атрымала сонечны ўдар? А калі цеплавы? Спытайце ў педыятра

Тэмпература паветра ўсё часцей уздымаецца вышэй за 30 градусаў. Горача нам, але яшчэ больш небяспечным такое надвор'е ёсць для нашых дзяцей. Як ратавацца? Прапануем парады доктара Маі Церакулавай.

signal_2022_11_09_233657_002_logo.jpg


Арганізм чалавека мае тэмпературу каля 37 градусаў. Калі тэмпература чалавека падымецца вышэй за сорак градусаў ці апусціцца ніжэй за трыццаць градусаў, арганізм гэтага можа не вытрымаць — і чалавек памрэ. Таму ў арганізма ёсць механізмы тэрмарэгуляцыі. Наша цела само можа рэгуляваць сваю тэмпературу, астуджаць сябе або награваць па неабходнасці.

Але магчымасці тэрмарэгуляцыі не бясконцыя. Калі вельмі горача занадта доўга або калі на фоне спёкі зладзіць марафонскі забег, можа здарыцца цеплавое знясіленне. Арганізм больш не зможа сам сябе астуджаць.

Тады не будуць эфектыўныя, напрыклад, ібупрафен з парацэтамолам — ні на градус. Яны ўздзейнічаюць на ўнутраныя механізмы тэрмарэгуляцыі арганізма, а на фоне цеплавога знясілення рэсурсы тэрмарэгуляцыі вычарпаныя.

Цеплавое знясіленне

Сімптомы цеплавога знясілення: слабасць, млявасць, галавакружэнне, галаўны боль, млоснасць, падвышанае потавыдзяленне, магчыма кароткатэрміновая страта прытомнасці. Тэмпература цела можа быць нармальнай ці падвышанай да сарака градусаў.

У такім выпадку трэба перамясціць чалавека ў прахалоднае месца, аслабіць элементы адзення, якія перашкаджаюць дыханню: гальштук, цесны каўнерык. Паліць адзенне вадой. Даць чалавеку выпіць вады, пажадана халоднай. Пастарацца даўжэй не перамяшчаць яго з прахалоднага месца і даваць яму шмат піць.

Асабліва добра даць яму выпіць раствор для пераральнай регідратацыі — кшталту рэгідрона або нормагідрона, што прадаецца ў аптэках. Яны каштуюць нядорага, захоўваюцца доўга і бываюць патрэбныя ў розных сітуацыях, так што я парэкамендавала б кожнаму мець такі раствор у хатняй аптэчцы. Такі ж аптымальны склад электралітаў можна знайсці ў напоях для спартсменаў, што прадаюцца ў супермаркетах.

Калі дзіця на фоне цеплавога знясілення не можа піць праз слабасць або млоснасць, неабходная шпіталізацыя — для ўнутрывеннага ўлівання неабходнай колькасці вадкасці.

Сонечны ўдар

Сонечны ўдар — гэта такі эўфемізм, звычайна ім пазначаюць кароткачасовую страту прытомнасці на фоне цеплавога знясілення. Дапамога такая ж, як і пры цеплавым знясіленні. Звязваюць яго з панамкамі ў дзяцей таму, што ў дзяцей адносна дарослых вялікія галовы, і награванне галавы дзіцяці хутчэй можа прывесці да цеплавога знясілення.

Апранацца ў спякоту трэба ў лёгкае светлае адзенне, шмат піць, пазбягаць фізічных нагрузак.

Цеплавы ўдар

Цеплавы ўдар — гэта горш, ад яго можна памерці. Гэта крытычнае пагаршэнне стану, для якога характэрна павышэнне тэмпературы вышэй за сорак градусаў, парушэнне псіхічнага стану. У адрозненне ад цеплавога знясілення, пры цеплавым ўдары няма потавыдзялення.

Цеплавы ўдар — гэта альбо:

  • 1) следства працяглага цеплавога знясілення;
  • 2) следства празмерных фізічных нагрузак на фоне спякоты;
  • 3) следства ўздзеяння экстрэмальных тэмператур.

Напрыклад, тэмпература паветра ў пакінутай машыне дасягне 60 градусаў праз паўгадзіны — пры спякоце ў 25 градусаў на вуліцы. Пакінутыя ў машыне на спякоце дзеці — у смяротнай небяспецы. Цень дрэва або адчыненыя вокны не зробяць машыну больш бяспечнай.

Цеплавы ўдар заўсёды патрабуе неадкладнай медыцынскай дапамогі. Пакуль чакаеце “хуткую”, трэба спрабаваць астудзіць цела чалавека — намачыўшы яго адзенне, напрыклад. Пры адсутнасці сэрцабіцця трэба рабіць штучны масаж сэрца.

Педыятр Мая Церакулава

Педыятр Мая Церакулава