«Табакеркі» каля дзіцячых садкоў: «Можа яшчэ глог і наркотыкі пачнуць прадаваць?»

Цягам амаль двух гадоў усе мікрараёны Слуцка «ўпрыгожыліся» кіёскамі «Табакерак». Змагары за здаровы лад жыцця прайгралі. А для мясцовых органаў улады пытанне «курыць ці не курыць» наўрад ці з'яўляецца праблемным. Бо вострых дэбатаў і супраціўлення з боку райвыканкама будаўніцтву шапікаў мясцовыя жыхары не бачылі.

199756202_301736265018648_1684342733087275197_n.jpg


А вось грамадзянам «Табакеркі» не падабаюцца, асабліва тым, хто лічыць, што дым тытуня з'яўляецца атрутай для здароўя. І хаця петыцый па гэтай тэме ў Слуцку пакуль не было, але негатыўнае стаўленне гараджане не хаваюць.

 — «Табакеркі» ў Слуцку размножыліся, як у добры год грыбы пасля дажджу, — кажа Ірына, шматдзетная маці. — Чаму мае дзеці павінны назіраць, як дзядзькі паляць наўпрост на вуліцы каля павільёна з тытунём? Шапік знаходзіцца на прыпынку на вуліцы Багдановіча амаль насупраць дзіцячага сада. На прагулцы малыя дзеці наглядзяцца і дома гуляюць у куплю-продаж цыгарэт і дэманструюць свае веды ў зацяжцы і пляванні на асфальт.

Ірына не разумее, чаму мясцовыя ўлады дазволілі развіццё тытунёвай сеткі так блізка ад дамоў і адукацыйных устаноў і не прапагандуюць здаровы лад жыцця.

Зразумела, што ўладальнікі шапікаў па продажу любых тавараў імкнуцца ўсталяваць іх не ў бязлюдных месцах. Па-гэтаму тытунёвыя шапікі месцяцца на прыпынках грамадскага транспарту каля сацыяльна значных месцаў: непадалёку ад школ і дзіцячых садкоў (вуліца Сацыялістычная, вуліца Багдановіча), каля медыцынскага каледжа на вуліцы Віленскай. Так праяўляецца «клопат» пра бацькоў і студэнтаў.

 — Падобна, што ўлады такім чынам дэманструюць сацыяльныя арыенціры, — лічыць Мікалай, удзельнік абмеркавання праблемы ў мясцовым форум-чаце «Слуцкі Воз». — Устанавілі ў трох метрах ад дзіцячай пляцоўкі і 50 метрах ад школы. Цікава, хто з кіраўнікоў Слуцкага райвыканкама ставіў свой подпіс?

На жаль, у беларускім заканадаўстве існуе толькі забарона на продаж тытуню ўнутры памяшканняў устаноў адукацыі, але дазваляецца ўсталяванне кропак па продажу побач з самімі ўстановамі. Фармальна да тых, хто ставіць ухвальныя подпісы нібыта і не «падкапаешся».

Але ж існуюць і іншыя нормы ацэнкі дзейнасці ўладаў — маральныя і статыстычныя.

Маральны бок — клопат пра захаванне здароўя дарослых людзей і новага пакалення. Статыстыка ж сведчыць пра далейшае распаўсюджванне анкалагічных захворванняў, звязаных з злоўжываннем тытунём. Адно з такіх, паводле Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра анкалогіі і медыцынскай радыялогіі, — рак горла. І колькасць гэтых захворванняў узрастае з кожным годам на больш, чым 10 адсоткаў.
Такім чынам, пакуль улады клапоцяцца аб зручнасці курцоў, самі курцы паціху паміраюць…
А неабыякавыя жыхары Слуцка пакуль толькі выказваюць свае незадавальненне на мясцовых форумах-чатах.


Некаторыя бачаць у такім «клопату» імкненне дзяржавы ператварыць краіну ў месца пражывання нездаровых грамадзян, і каб паскорыць рух наперад, прапануюць комплекснае вырашэнне праблемы: побач з тытунёвымі шапікамі ўсталяваць яшчэ месцы па продажу таннага глогу ці наркотыкаў.