Тадэвуш Кандрусевіч — да Калядаў з «Новым часам»
Сёння адбылася традыцыйная перадкалядная сустрэча мітрапаліта Мінскага і Магілёўскага Тадэвуша Кандрусевіча з журналістамі.
Як звычай, вялося пра вынікі году мінулага і чаканні ў 2018-га. Сярод важных набыткаў — скончаная (цягам 15 год) праца па перакладзе Новага запавету на беларускую мову. Кніга выдадзена ў шыкоўным аздабленні, з прадмовамі і каментарамі да тэкстаў, слоўнікам, храналогіяй падзеяў таго часу і шэрагам мапаў. Між іншым, і пераклад Старога Запавету гатовы на 80 працэнтаў.
Заўсёднае (каторы год) пытанне — ці чакаць візіту ў Беларусь Папы Рымскага? Ужо шмат што ўзгоднена і з Рускай Праваслаўнай царквой, якая чамусці лічыць Беларусь сваёй «кананічнай тэрыторыяй». І з беларускім кіраўніцтвам. Але, хутчэй, папа Францішак у 2018-м наведае Літву, — у сувязі з 300-годдзем каранацыі абраза Маці Божай Трокскай і 25-годдзем візіту, у Літву як першую постсавецкую краіну, Яна Паўла ІІ.
Запланаваныя візіты ў Ватыкан беларускіх біскупаў, хрысціянскай моладзі, шыкоўны фэст у Будславе (да 20-годдзя каранацыі папскімі каронамі Маці Божай Будслаўскай) — 1-2 ліпеня 2018 года.
Чытачоў «НЧ», відаць, найболей зацікавіць пытанне захавання архітыктурнай спадчыны і вяртання касцёлаў вернікам. Храм Беззаганнага зачацця Маці Божай у Смаленску, першая праца самага знанага беларускага архітэктара першай паловы ХХ стагоддзя Лявона Вітан-Дубейкаўскага, пра які мы пісалі ў чэрвені, па-ранейшаму не перададзены вернікам-беларусам (якія дамінуюць на Смаленшчыне). Насуперак абяцанням, дадзеным смаленскім губернатарам Сяргеем Алтуф’евым яшчэ ў кастрычніку 2010 года. Што тычыцца рэканструкцыі баракальнага касцёла св. Антонія Падуанскага на ратушным пляцы ў Віцебску, то яна пачнецца, але гэта збольшага дзяржаўна-музейны праект.
Але ёсць вельмі аптымістычная навіна — пра касцёл Беззаганнага зачацця Маці Божай у Бабруйску, шыкоўны неагатычны храм, узведзены ў 1901-1903 гадах пад кіраўніцтвам святара Яна Красоўскага. У будынка няпростая гісторыя: у 1935-м прыход зачынілі (часова працаваў «пад немцамі»), а ў 1968-м знеслі фасадную вежу, закрыўшы пазасталую частку безгустоўным паралелепіпедам на 5 паверхаў у тыповым савецкім стылі «а ля Карбюзье».
Так горад у выніку камуністычнага змагання з няправільнай спадчынай пазбавіўся ледзь не апошняй архітэктурнай адметнасці. Але ў 1989-м рэшткі храма вярнулі вернікам (з усімі прыгажосцямі інтэр’ера — арганам, ляпнінай і роспісам сцен і копіяй палатна знакамітага гішпанца Мурыльё ў галоўным алтары). Яго эксцэленцыя Тадэвуш Кандрусевіч паўторна асвяціў касцёл у 1990-м.
Зараз разглядаецца некалькі варыянтаў аднаўлення святыні, сярод якіх найбольш верагодны: улады зносяць савецкую прыбудову, касцёл аднаўляе першапачатковы фасад. Тадэвуш Кандрусевіч увогуле прамаўляў аптымістычна і выказаў спадзяванне нават пра аднаўленне Фары Вітаўта ў Горадні.
А чытачам «Новага часу» пажадаў у 2018 «уступіць у сапраўдны новы час — з Хрыстом у сэрцы».